По́ўны ілюстрава́ны сло́ўнік эспэра́нта на эспэранта: Plena Ilustrita Vortaro de Esperanto, PIV — найбольш аб’ёмны тлумачальны слоўнік мовы эспэранта. Слоўнік быў падрыхтаваны ґрупаю эспэрантоляґаў і адмыслоўцаў пад агульнаю рэдакцыяю Ґ. Варынг’ена ў канцы 1960-х рокаў. Ягонае першае выданьне выйшла ў 1970 годзе, у 1987 годзе зьявіўся дадатак да слоўніку; у 2002 і 2005 роках былі выдадзеныя перапрацаваныя выданьні пад назваю Новы поўны ілюстраваны слоўнік эспэранта (на эспэранта: Nova Plena Ilustrita Vortaro de Esperanto, NPIV, PIV2002, PIV2005). У эспэранта-грамадзтве слоўнік разглядаецца як найбольш аўтарытэтны, а для эспэранта як моўнае сыстэмы ён гуляе, па сутнасьці нармуючую ролю. На ягоным ґрунце было выдадзена некалькі эспэранта-нацыянальнамоўных слоўнікаў. Цяпер ё даступным апошняе выданьне (PIV 2005).
Як папярэдніка Поўнага ілюстраванага слоўніку трэба разглядаць так званы Поўны слоўнік (на эспэранта: Plena vortaro). Працы над ім былі пачатыя ў сьнежні 1927 року[1]; галоўным ініцыятарам яго стварэньня выступіў францускі эспэрантыст Эжэн Ланты, (які быў тады старшынём і ідэйным натхняльнікам Сусьветнак Безнацыянальнак Асацыяцыі, SAT). Паводле задумай Ланты Поўны слоўнік меў стаць карысным і практычным настаўленьнем кожнаму эспэрантысту. Таму было вырашана ўвесьці ў склад слоўніку ня толькі тлумачэньні асобных словаў, але і прыклады іх ужываньня, пазычаныя з твораў найбольш аўтарытэтных пісьменьнікаў на эспэранта (у першую чаргу — самога Замэнгофа).
Агульнае кіраўніцтва над стварэньнем слоўніку было даручанае францускаму лінґвісту Э. Ґражан-Мапіну; зь ім супрацоўнічалі А. Эсэлін і Ґастон Варынгіен, але Эсэлін праз хваробу ня мог працаваць доўгі час, таму значную частку працы выканаў па сутнасьці, Ґ. Варынгіен. Да агульналітаратурнае лексыкі было вырашана дадаць пэўную колькасьць тэхнічных і вузкаадмысловых тэрмінаў; гэтую працу каардынаваў С. Ґрэнкамп-Корнфэльд, які меў гуманітарную адукацыю, таму тэхнічная частка першага выданьня выйшла недастаткова выверанаю й збалянсаванаю. Адзіным сапраўды добра прапрацаваным разьдзелам быў «гістарычны матэрыялізм».
Слоўнік быў выдадзены ў кастрычніку 1930 року і стаў настолькі запатрабаваным, што ўжо ў сьнежні Э. Ланты заплянаваў ажыцьцявіць другое выданьне. Але яно выйшла толькі ў ліпені 1934 року. У параўнаньні зь першым выданьнем значна павялічылася колькасьць прыкладаў і дадалося каля 200 новых слоўнікавых артыкулаў — у выніку другое выданьне Поўнага слоўніку зьмяшчала 7004 слоўнікавых артыкулы, якія ў выніку (з улікам вытворных словаў, прыведзеных у артыкулах) тлумачылі каля 15 тысячаў словаў. У 1953 годзе пад кіраўніцтвам Ґ. Варынг’ена быў выдадзены дадатак да поўнага слоўніку, у якім было дададзена яшчэ каля 900 артыкулаў. З тых часоў слоўнік неадаразова перавыдаваўся, апошняе (11-е) выданьне выйшла ў 1996 годзе.
Нягледзячы на крытыку (у асноўным слоўнік крытыкаваўся за ўлучэньне шматлікіх так званых «нэаляґізмаў»), Поўны слоўнік хутка пачаў разглядацца як найбольш аўтарытэтны і, па сутнасьці, нармаваны слоўнік эспэранта (хоць на гэтую ролю ён першапачаткова не прэтэндаваў). На ягоным ґрунце быў падрыхтаваны шэраг іншых слоўнікаў, у тым ліку першы «Зваротны слоўнік эспэранта» (у 1967 годзе; цікава, што яго падрыхтоўка адбывалася з дапамогаю кампутара, які ў той час працаваў яшчэ з пэрфакарткамі, такім чынам, Поўны слоўнік стаў першым слоўнікам эспэранта, які быў запісаны ў электронным выглядзе[2]). Аўтарытэт слоўніку быў такім вялікім, што нават у 1980-ых роках асобныя слоўнікі эспэранта прыводзілі інфармацыю пра тое, ці ўтрымліваецца той ці іншы корань у Поўным слоўніку[3]. PV таксама паслужыў ґрунтам для Сеткавага слоўніку эспэранта[4] і, такім чынам, працягвае ўплываць на ўжо трэцяе-чацьвертае пакаленьне эспэрантыстаў.
Пачынаючы з 1945 року Ґ. Варынгіен плянуе выданьне больш поўнага і аб’ёмнага слоўніку эспэранта, які б меў у сабе ўласныя імёны, а таксама прапанаваў добра распрацаваную навуковую тэрміналёґію. З дапамогаю міжнароднае каманды з П. Нэрґарда, К. Стэп-Бовіца і У. Нівэльда ён пачынае збор тэрмінаў для новага слоўніку, але тагачасныя абставіны не спрыялі выданьню вялікага слоўніку. Назапашаны матэрыял ужываецца для падрыхтоўкі Дапаўненьня да поўнага слоўніку (1954) і Вялікага эспэранта-францускага слоўніку (па-француску: Grand Diktionnaire Espéranto-Français, выдадзены ў 1957 годзе). Падрыхтоўка гэтых слоўнікаў дала зразумець, што такая шырокая праца, як выданьне новага тлумачальнага слоўніку эспэранта, патрабуе большае колькасьці супрацоўнікаў, у выніку чаго Варынгіен набірае каманду з 59 чалавек[5], зь якіх (акрамя ўжо згаданых) найбольшыя ўносіны зрабілі А. Альбо і Р. Гафэркорн; шматлікія з супрацоўнікаў былі прызнанымі аўтарытэтамі ў сваёй галіне і/або ўваходзілі ў Акадэмію эспэранта; нярэдка яны ўжо мелі досьвед стварэньня вузкаадмысловых слоўнікаў або даведнікаў.
Падрыхтоўка чарнавога рукапіса заняла яшчэ ля пяці рокаў і была скончаная ў сакавіку 1965 року. Але яшчэ цягам року ў рукапіс дадаваліся асобныя словы і артыкулы. У канчатковым выглядзе рукапіс заняў 3285 старонак і ўмяшчаў каля 15 250 артыкулаў (у выніку тлумачылася каля 39 400 лексычных адзінкаў)[5]. Напрыканцы кнігі ў выглядзе асобных табліцаў былі дададзеныя шматлікія ілюстрацыі.
Кніга была выдадзеная ў 1970 годзе і, нягледзячы на крытыку, хутка заваявала аўтарытэт. Пазьней было выдадзена яшчэ два стэрэатыпных выданьні, а ў 1987 годзе Ґ. Варынгіенам і Р. Лэўро было падрыхтаванае Дапаўненьне да поўнага ілюстраванага слоўніку на эспэранта: Suplemento al la Plena ilustrita vortaro, SPIV, PIVS, якое ўтрымлівала каля тысячы артыкулаў і тлумачыла каля 1300 лексычных адзінкаў (большаю часткаю тэхнічных тэрмінаў). На ґрунце PIV было падрыхтавана некалькі эспэранта-нацыянальнамоўных слоўнікаў, у тым ліку для кітайскае, італьянскае і пэрсыдзкае моваў.
У 1990 годзе выканаўчым камітэтам SAT (якая валодае выключнымі правамі на выданьне і перавыданьне PIV) было прынята рашэньне пра падрыхтоўку новага выданьня Поўнага ілюстраванага слоўніку, якое б умясьціла ў сябе новыя тэхнічныя тэрміны і было б пазбаўлена тых бракаў, на якія паказвалі крытыкі. Агульнае кіраўніцтва было даручанае францускаму лінґвісту М. Ґаніназу[6]. Ґ. Варынгіен ўхваліў накіданы плґн працы і нават пасьпеў даць некалькі кансультацыяў, але сьмерць перашкодзіла яму прыняць актыўны ўдзел у працы.
Для падрыхтоўкі новага выданьня да працы было прыцягнута каля 150 чалавек[7]. Мінулая вэрсія слоўніку была пераведзеная ў электронную форму, былі падабраныя новыя ілюстрацыі, выпраўленыя памылкі, назвы біяляґічных відаў былі прыведзеныя ў адпаведнасьць з новымі клясыфікацыямі, і, вядома, слоўнік быў значна дапоўнены. Выданьне 2002 року (для яго прынялі назву «Новы поўны ілюстраваны слоўнік эспэранта», на эспэранта: La nova plena ilustrita vortaro de Esperanto; назва часта скарачаецца якNPIV або PIV2002) утрымлівала каля 16 780 артыкулаў і прыводзіла тлумачэньне каля 46 890 лексычных адзінак. У параўнаньні зь мінулым выданьнем фармат слоўніку быў крыху ўзбольшаны, а ілюстрацыі былі перанесеныя непасрэдна ў тэкст.
Таксама як і мінулыя выданьні, новы слоўнік хутка зрабіўся папулярным і (нават нягледзячы на тое, што выдадзена некалькі слоўнікаў значна большых па абыйме) у цяперашні час ё, дэ-факта, лексыкаляґічным стандартам у эспэранта. 2 тысячы асобнікаў новага выданьня былі распрададзеныя за два рокі, і ў 2005 годзе выйшла апошняе на цяперашні час выданьне слоўніка (г. з. NPIV2005). У параўнаньні з выданьнем 2002 року яно адрозьніваецца толькі выпраўленьнем заўважаных памылкаў друку і разнастайных тыпаґрафскіх дэфэктаў.
4 красавіка 2012 року была запушчана сеткавая сэрсія слоўніку[8], дасягальная па адрэсе http://vortaro.net/ (карыстаньне сэрвсам бескаштоўнае, але патрабуе рэґістрацыі).
Слоўнік узбудаваны паводле альфабэтна-гняздавога прынцыпу. Паводле альфабэту зьмешчаныя карані словаў, але ў якасьці загалоўку прыводзіцца поўная словаформа, пры гэтым канчатак адначасова паказвае на ґраматычную катэґорыю кораня (што важна ведаць для слушнага словаўтварэньня). Напрыклад, корань jun- прыведзены ў форме jun/a («малады», прыметнікавы корань), а корань far- — у выглядзе far/i («рабіць», дзеяслоўны корань). Усе суфіксальныя, прэфіксальныя вытворныя, а таксама складаныя словы, прыведзеныя ў артыкуле, які адпавядае асноўнаму караню словаформы, у сувязі з чым, карыстаньне слоўнікам патрабуе пэўнага спрыта. Напрыклад, слова maljuna (стары) неабходна шукаць у артыкуле jun/a, а слова sakfajfilo (дуда, якое складаецца з чатырох элемэнтаў sak-, fajf-, -il- і -o)-у артыкуле fajf/i (сьвістаць).
У слоўніку ўжываюцца шматлікія скароты, нават такія, якія рэдка сустракаюцца ў звычайных тэкстах на эспэранта (напрыклад, k — скарот для злучнікаkaj, і). Для пазначэньня належнасьці слова да вузкаадмысловае лексыкі ўжываецца набор вінеткаў (малюнкаў), напрыклад, выява сэрца (♥) пазначае належнасьць да анатоміі і/або гісталёґіі, а выява белага чатырохкутніка (₳) — да фізыкі. Да шматлікіх (але ня да ўсіх) словаў прыведзеныя сынонімы, гіпэра-гіпаніміі (хоць гэта ня ё асноўным заданьнем слоўніку; гэтыя адспасылкі прыводзяцца, хучэй, дзеля таго, каб чытач мог параўнаць значэньні блізкіх паняцьцяў і лепей зразумець дадзенае слова). Зьвесткі па этымалёґіі словаў не прыводзяцца. Разам з назвамі жывёлаў, расьлінаў і анатамічных стуктураў прыводзяцца іх лацінскія тэрміналяґічныя эквіваленты.
У слоўніку прыводзяцца шматлікія прыклады ўжываньня словаў, або напісаныя стваральнікамі слоўніку (часта дадзеныя прыклады дадаюць або пашыраюць само тлумачэньне), або ўзятыя з твораў аўтарытэтных аўтараў на эспэранта (пры гэтым аўтарства скарочана пазначаецца пасьля цытаты, але сама крыніца цытаты не прыводзіцца; значная частка з прыведзеных цытатаў належыць Замэнгофу). Пры асобных каранях (у загалоўках артыкулаў) абавязкова пазначаецца, ці належыць дадзены корань да Ўнівэрсальнага слоўніку (частка Асноваў эспэранта) ці да аднаго з Афіцыйных Дадаткаў да Базавага Слоўніку (тым самым пазначаецца «афіцыйнасьць» каранёў).
Паколькі PIV ё папулярным і ўспрымаецца большасьцю эспэрантыстаў як «нармуючы» слоўнік, PIV і ягоныя наступныя выданьні наднаразова былі крытыкаваныя. Шматлікія крытычныя заўвагі магчыма зьвесьці да наступных некалькіх ґрупаў:
Нягледзячы на шматлікія заўвагі (з кожным новыя выданьнем іх робіцца ўсё менш), PIV ё найбольш аўтарытэтным слоўнікам эспэранта.
Быўшы значным фэнамэнам эспэранта-грамадзтва, PIV часта згадваецца ў рознага кшталту жартах ды калямбурах. Звычайна, ў іх адлюстроўваецца вялічыня слоўніку (вялікая вага) і тая залішняя складанасьць, якую ён прыўносіць у эспэранта, якая першапачаткова плянавалася як простая мова. Напрыклад, у адным з нумароў сеткавага карыкатурнага часопіса «Vola Püg» (ужо не выдаецца) меўся малюнак, названы «Розьвітак мовы, або Як памерці дурною сьмерцю» (на ім быў намаляваны чалавек, які цягнецца дагары, каб зьняць з полівы падобны да цаґліны PIV, што пагражае ўпасьці яму на галаву). У невялікім тэатральным фарсе, што названы «Як мага болей беражыся кітаязнаўцаў!»[9] маецца наступны пасаж: «… а толькі што выйшла другое выданьне PUV: Plena Utila Verbaro (Поўны карысны збор дзеясловаў), што мае табліцы спражэньняў для больш чым 6000 эспэранцкіх дзеясловаў»[10]. Вядомы таксама калямбур, калі на пытаньне «Ĉu vi estas jam plena?» («Ці ты ўжо сыты (літар. поўны)?», пытаецца пасьля прыёму ежы) даецца адказ: «Jes, kaj ankaŭ ilustrita!» («Так, і нават праілюстраваны!»).
У эспэранта маюцца розныя вытворныя ад слова PIV, напрыклад PIVemulo (чалавек, які прытрымліваецца нормаў PIV, ведае ягоныя словы і г. д.)[11], PIVa nePIVa vorto (адпаведна, слова, якое ўваходзіць або не ўваходзіць у PIV).