«Праведнік народаў сьвету» | ||
| ||
Арыгінальная назва | іўр. חסיד אומות העולם | |
---|---|---|
Дэвіз | «Чалавек, які выратаваў адно жыцьцё, выратаваў усё чалавецтва» | |
Краіна | Ізраіль | |
Тып | мэдаль | |
Каму ўручаецца | негабрэям | |
Падставы ўзнагароджаньня | ратаваньне жыдоў падчас Галакосту | |
Статус | уручаецца | |
Статыстыка | ||
Дата заснаваньня | 1 лютага 1963 (62 гады таму) | |
Колькасьць | 27 000 (26 кастрычніка 2018) |
«Пра́веднік наро́даў сьве́ту» — ганаровае званьне Ізраілю, заснаванае ў лютым 1963 году.
Прысуджаецца Міжнароднай школай вывучэньня Галакосту «Памяць і імя» ў Ерусаліме негабрэям, якія ратавалі жыдоў падчас Галакосту. Улічваюцца 4 віды дапамогі, засьведчаныя ўратаваным: 1) садзеяньне паездцы ў бясьпечнае месца, 2) наданьне пасьведчаньня аб хрышчэньні для выдачы за іншую асобу, 3) наданьне прытулку ад пагрозы; 4) усынаўленьне[1]. Прадугледжвае ўзнагароджаньне дыплёмам і мэдалём. Дае права на грамадзянства Ізраілю і пэнсію[2].
У 1953 годзе Сход Ізраілю ўхваліў Закон аб стварэньні Нацыянальнага мэмарыялу катастрофы і гераізму «Памяць і імя». Паводле Статуту, мэмарыял «Памяць і імя» мае ўвекавечыць памяць «Праведнікаў народаў сьвету» зь ліку негабрэяў, якія рызыкавалі жыцьцём дзеля ратаваньня жыдоў падчас Галакосту. 27 студзеня 1962 году мэмарыял «Памяць і імя» заклаў Алею праведнікаў народаў сьвету ў Ерусаліме. 1 лютага 1963 году адбылося 1-е паседжаньне Камісіі па прысваеньні званьня «Праведнік народаў сьвету», якую ўзначаліў судзьдзя Вярхоўнага суду Ізраілю. Аддзел «Праведнікаў народаў сьвету» мэмарыялу «Памяць і імя» стаў падаваць у Камісію зьвесткі пра выяўленыя выпадкі ратаваньня, на падставе якіх пачалі прысуджаць званьне. Атрымальнікам званьня сталі ўручаць дыплём і мэдаль з гравіроўкай словаў з Талмуду «Чалавек, які выратаваў адно жыцьцё, выратаваў усё чалавецтва». У выпадку пасьмяротнага прысуджэньня ўзнагароду пачалі перадаваць родзічам. Імёны «Праведнікаў народаў сьвету» сталі заносіць на сьцяну гонару ў музэі «Памяць і імя». За 2009 год званьне прысвоілі каля 700 асобам, узнагароду за якіх большасьцю атрымалі нашчадкі. На 1 студзеня 2010 годзе званьне «Праведнік народаў сьвету» прысвоілі 23 226 асобам[3]. На 26 кастрычніка 2018 году званьне атрымала каля 27 000 чалавек з больш як 50 краінаў[4].
У 1965 годзе 1-мі атрымальнікамі званьня ў Беларусі сталі Андрэй і Натальля Станько за ратаваньне сям’і Казінцоў. У 1999 годзе званьне «Праведнік народаў сьвету» прысвоілі Алімпіі і Браніславу Пажарыцкім зь вёскі Гіневічы Валожынскага раёну (Менская вобласьць) за ратаваньне 7-гадовай Гені Завойнер[3]. У 2001 годзе званьне атрымалі Альфонс і Сабіна Данілевічы ды Ганна Іваноўская, якая была дачкой Вацлава Іваноўскага, за ратаваньне 2-х жыдовак у 1941 годзе пад Шчучынам[5]. 3 сьнежня 2003 году мэдалямі ўзнагародзілі Фаціму і Ганну Канапацкіх за ратаваньне сям’і Ісраэля Давідсона зь Менскага гета. Агулам з гета ўратавалі звыш 3000 чалавек[6]. На 1 студзеня 2010 году званьне прысвоілі 608 жыхарам Беларусі[3]. 20-25 чэрвеня 2010 году 9 грамадзянаў Беларусі наведалі Ерусалім (Ізраіль), дзе атрымалі мэдалі «Праведнік народаў сьвету» з рук ізраільскага прэзыдэнта Шымона Пэрэса, які нарадзіўся ў Беларусі. У гонар кожнага атрымальніка мэдаля пасадзілі па дрэве ў Алеі праведнікаў народаў сьвету ў Ерусаліме[7]. 5 траўня 2011 году ў Менску мэдалі ўручылі дзецям 7 спачылых праведнікаў — Лідыі Ваўкавец, Анастасіі Галікевіч, Якава і Фядоры, Мікалая і Вольгі Дземавых, а таксама Марыі Марцуляніс. Званьне давала права на грамадзянства Ізраілю і пэнсію[2]. 9 красавіка 2013 году граматы і мэдалі ўручылі нашчадкам атрымальнікаў званьня — Марыі Кірылавай, Ганны і Івана Кісялёвых, Анастасіі і Рыгора Мазуркевічаў, Алены і Рыгора Пашкоўскіх ды іх дачкі Ларысы. Перад уручэньнем узнагароды амбасадар Ізраілю ў Беларусі Ёсіф Шагал адзначыў, што мае «гонар быць амбасадарам у краіне, дзе ёсьць 776 праведнікаў». Іх імёны выгравіравалі на сьцяне мэмарыялу катастрофы і гераізму «Памяць і імя», што месьціцца на Гары памяці ў Ерусаліме. У гонар кожнай і кожнага зь іх пасадзілі па дрэве ў Алеі праведнікаў народаў сьвету[8].
На кастрычнік 2013 году званьне надалі 711 беларусам[9], што было 8-м паказьнікам сярод краінаў сьвету. 25 сакавіка 2015 году на сьцяне памяці ў Ерусаліме адкрылі памятную таблічку зь імёнамі Алены Варотчык і Ефрасіньні Гранко з Барысава, якія ўратавалі Якава Мейлехса падчас нямецка-савецкай вайны. Ім прысвоілі званьне «Праведніцаў народаў сьвету» ў 2012 годзе[10]. 28 лістапада 2017 году ў Шаркоўшчыне (Віцебская вобласьць) ізраільскі амбасадар Алон Шогам уручыў мэдалі ўнукам Антона і Франца Жукоў, Аляксандры і Ніны Крыўка, Мікалая Мікалаёнка, Івана і Паўла Чарняўскіх, Івана Драбы. Яны ўратавалі сям’ю Сямёна Саснавіка зь Германавічаў[11]. 22 красавіка 2018 году званьне надалі Назару і Ганьне Кузьміным, а таксама іх дзецям Аксане і Фёдару зь вёскі Машкіна Віцебскага раёну, якія ўратавалі малалетняга Льва Варабейчыка[12]. 2 траўня 2019 году ў мястэчку Мір Карэліцкага раёну (Гарадзенская вобласьць) адчынілі памятную дошку ў гонар японскага дыплямата Чыунэ Сугіхара, які выпісаў 2139 візаў жыдам з Заходняй Беларусі, за што атрымаў званьне ў 1985 годзе[13]. Паводле Музэю гісторыі жыдоў Беларусі, на сакавік 2019 году званьнем узнагародзілі 838 жыхароў Беларусі. Згодна зь ізраільскім мэмарыялам «Памяць і імя» грамадзянамі Беларусі зь іх было 650 чалавек[1].