Працяжнік

Пряцяжнік
— –
Выява
  & + ± - _ *   
Іншыя назвы : доўгі працяжнік
: сярэдні працяжнік
Зьвесткі
Тып друкарскі знак;
Назва ў Юнікодзе
: em dash
: en dash
Юнікод : U+2014
: U+2013
HTML –: &#8211, &#x2013
: &#8212, &#x2014
UTF-16 : 0x2013
: 0x2014
URL-код : %E2%80%93
: %E2%80%94
усе сымбалі · лацінка · кірыліца · грэцкія · дыякрытыкі · валюты · дапамога

Працяжнік () — знак прыпынку, які ўжываецца ў шматлікіх мовах.

Выкарыстаньне ў беларускай мове

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Працяжнік ставіцца

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. паміж дзейнікам і выказьнікам:
    1. калі абодва галоўныя члены сказа выражаны назоўнікам у назоўным склоне і пры выказьніку адсутнічае дзеяслоў-зьвязка (Шырвані Басаеў — брат Шаміла Басаева);
    2. калі абодва галоўныя члены ці адзін зь іх выражаны неазначальнай формай дзеяслова (Хату зрабіць — ня скрынку зьбіць (прыказка));
    3. калі перад выказьнікам ёсьць словы гэта, вось, значыць, гэта значыць, гэта ёсьць (Ігнараваць мову — гэта значыць ігнараваць народ, нацыю (П.Пестрак));
    4. калі дзейнік і выказьнік выражаны лічэбнікамі або адзін зь іх выражаны назоўнікам у назоўным склоне, а другі — лічэбнікам ці колькасна-іменным спалучэньнем (Чатыры й два — шэсьць альбо Плошча Горадні — сто сорак два квадратныя кілямэтры);
    5. калі выказьнікам выступае ўсечаная форма дзеяслова, выклічнік або гукапераймальнае слова (Я — хоп за павады! Конь спужаўся, а я — скок на яго (Я.Колас));
  2. перад абагульняльным словам пасьля аднародных членаў (І двор, і дарога, і лес — усё было занесена белым сьнегам (І. Пташнікаў));
  3. калі пасьля аднародных членаў перад абагульняльным словам ужыта пабочнае слова або спалучэньне словаў словам', адным словам, карацей кажучы, то працяжнік ставіцца перад пабочным словам, а пасьля яго — коска (Начны лес, ціхі, ледзь улоўны гул маразявых сосен, цішыня лясных нетраў — адным словам, усё настройвала на роздум (М. Зарэцкі));
  4. калі аднародныя члены сказа стаяць у сярэдзіне сказа пасьля абагульняльнага слова, то перад імі ставіцца двукроп’е, а працяжнік — пасьля іх (Хутка ўсё: неба, і дарога, і чэзлыя балотныя хмызьнякі — патанула ў сьнежнай завірусе (Я. Колас));
  5. паміж аднароднымі членамі сказа, калі прапушчаны супраціўны злучнік (Ня плача — сьмяецца шчасьлівая маці (М. Багдановіч));
  6. перад злучнікам і паміж двума членамі сказа, калі другі зь іх выражае вынік, хуткую зьмену падзеяў, нечаканасьць (А ўбачыў Машу — і адразу падабрэў (І. Шамякін));
  7. калі злучнік і зьвязвае два аднародныя выказьнікі, зь якіх другі выражаны ўсечанай формай дзеяслова, то паміж імі заўсёды ставіцца працяжнік — перад злучнікам або пасьля яго (Пахіснулася хвоя — і бразь на зямлю (Я.Колас));
  8. перад недапасаваным азначэньнем, выражаным неазначальнай формай дзеяслова ці спалучэньнем з гэтай формай (Усіх непакоіла адна думка — выстаяць (М.Лынькоў));
  9. перад неразьвітым або разьвітым прыдаткам, які стаіць у канцы сказа:
    1. калі ў прыдатку тлумачыцца, удакладняецца зьмест азначаемага назоўніка і перад ім безь зьмяненьня значэньня можна ўставіць словы менавіта, а менавіта (Пацягнуўся лес сьцяною — ельнік, дуб і хваіна (Я. Колас));
    2. калі прыдатак адносіцца да займеньніка (Вось яна — дзявочая пекната (І. Шамякін));
    3. калі неабходна падкрэсьліць адценьне самастойнасьці прыдатка (Андрэй сядзеў, апёршыся на край стала, і дапытліва пазіраў на людзей — на моладзь і старых (П. Пестрак));
  10. у няпоўных складаных сказах на месцы прапушчанага члена сказа (З аднаго боку дарогі стаяў рэдкі хвойнік, а з другога — кусты ядлоўцу, а далей — алешнік (Я. Колас));
  11. калі ўстаўныя словы знаходзяцца паміж часткамі, дзе павінна ставіцца коска, або ў канцы самой устаўных словаў ёсьць гэты знак прыпынку, то коска спалучаецца з працяжнікам і ставіцца перад другім працяжнікам (Каб дабрацца да надзелу цёткі Насьці — так завуць жонку бацькавага брата, — трэба прайсьці каля будкі, у якой яшчэ нядаўна яны жылі… (І. Навуменка));
  12. паміж часткамі складаназлучанага сказа, калі ў другой частцы падкрэсьліваецца вынік у адносінах да першай, калі перадаецца нечаканасьць, хуткая зьмена падзеяў або супрацьпастаўленьне (Пытаўся, шукаў — і ні слыху ў адказ, ні сьледу нідзе, ні далёкага рэха (П.Панчанка));
  13. у бяззлучнікавых сказах паміж часткамі:
    1. калі ў першай частцы ўказваецца на ўмову або час дзеяньня, пра якое паведамляецца ў другой частцы (Запяеш па душы, дасі ўцехі гасьцям — поўны гуслі насыплю дукатаў (Я. Купала));
    2. калі ў другой частцы паказваецца вынік або робіцца вывад з таго, пра што паведамляецца ў першай частцы (Ранак луг расой купае — дзень гарачы будзе (А.Бачыла));
    3. калі зьмест частак супрацьпастаўляецца ці супастаўляецца (Маці будзіла сьнедаць — ён ня ўстаў (І. Навуменка));
    4. калі ў сказе гаворыцца пра хуткую зьмену падзеяў або ў другой частцы паказваецца неадпаведнасьць, нечаканы вынік таго, пра што паведамляецца ў першай частцы (Бліснула маланка — стала відна як удзень (С. Грахоўскі));
    5. калі апошняя частка зьяўляецца абагульняльнай у адносінах да папярэдніх (Дол засланы шышкамі, цьвіце сунічнік, брусьнічнік, перагукваюцца птушкі, зьвіняць камары — усё тут знаёмае… (І. Навуменка));
    6. калі другая частка зьяўляецца далучальным сказам (Андрэй быў у добрым гуморы — гэта адразу кідалася ў вочы (М. Зарэцкі));
    7. калі другая частка зьяўляецца параўнаньнем у адносінах да першай (Слова сказаў — сякераю адсек (прыказка));
  14. ставіцца паміж двума словамі, якія абазначаюць прасторавыя, часавыя або колькасныя межы (гэтыя словы замяняюць словазлучэньні з прыназоўнікамі ад (з) … да (цягнік Горадня — Элк);
  15. ставіцца паміж двума ці некалькімі найменьнямі ў назвах вучэньняў, законаў, падзеяў і інш. (закон Бойля-Марыёта ці хакейны матч Беларусь — Швэцыя).

Працяжнік ня ставіцца

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. калі выказьнік, выражаны ўсечанай формай дзеяслова, пачуцьцёва не выдзяляецца (Я тым часам шмыг за дзьверы (З.Бядуля));
  2. паміж дзейнікам і выказьнікам, выражанымі назоўнікам або назоўнікам і займеньнікам ці прыметнікам:
    1. калі паміж галоўнымі членамі сказа стаіць прыслоўе або часьціца (А мой бацька таксама партызан (І. Шамякін));
    2. калі паміж галоўнымі членамі сказа стаіць пабочнае слова ці адасоблены член сказа (акрамя прыдатка) (Хлопец, апрануты ў салдацкі шынэль, наш зямляк (К. Чорны));
    3. калі дзейнік стаіць пасьля выказьніка (Страшэнны штукар і свавольнік гэты Нёман (Я. Колас));
    4. калі перад выказьнікам ёсьць адмоўе не (Сам сабе чалавек ня вораг (прыказка);
    5. калі пры выказьніку ўжываюцца параўнальныя злучнікі як, усё роўна як, быццам, быццам бы, бы, нібы, што (лес стаяў як сьцяна);
    6. калі дзейнік выражаны асабовым займеньнікам, а выказьнік — назоўнікам у назоўным склоне (Пасівелы мой лес, я твой вечны паклоньнік, я твой вечны даўжнік (Я. Сіпакоў));
    7. калі дзейнік выражаны назоўнікам, а выказьнік — прыметнікам (У позьнюю восень вада пад мастком чыстая і халодная (К. Чорны)).

Працяжнік можа ставіцца

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. пры выдзяленьні значэньня і пачуцьцяў:
    1. выказьніка (Рак — ня рыба, кажан — не птушка (прыказка).
    2. двух ці больш дапасаваных азначэньняў, што стаяць звычайна ў канцы сказа (Сонца зайшло, і пачалося зьмярканьне — ціхае, сьвежае, з расой і камарамі (Я. Брыль));
    3. прыдатка або групы аднародных прыдаткаў, якія стаяць у сярэдзіне сказа пасьля азначаемага назоўніка, калі неабходна падкрэсьліць самастойнасьць прыдаткаў (Начны драпежнік — сава — бясшумна плыве ў паветры (В. Вольскі));
    4. даданых членаў сказа, якія знаходзяцца ў канцы сказа (Каля школы шчабяталі дзеці — звонка, радасна (Я. Колас));
    5. даданай часткі складаназалежнага сказа, якая можа знаходзіцца перад галоўнай часткай або пасьля яе (Тады магутная краіна — калі пявучы ў ёй народ (Я. Янішчыц));
  2. у няпоўных простых сказах на месцы прапушчанага члена сказа (Па суседзтву зь Белым возерам знаходзіцца другое — Чорнае (В. Вольскі));
  3. у сказе, каб пазьбегнуць многазначнасьці выказваньня (Ты што — забыўся? Параўн.: Ты што` забыўся?);
  4. для выдзяленьня ўстаўных словаў (Алеся — ёй было ўжо каля дзесяці гадкоў — сядзела за прасьнічкаю (Я. Колас)).

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]