Прыгожая Ваярка Сэйляр Месяц (яп. 美少女戦士セーラームーン, трансьліт. Бісёдзё Сэнсі Сэра Мун) — манґа й анімэ-сэрыял, створаныя Наокай Такэуці (яп. 武内直子) ў 1992 годзе. Агулам налічвалася 18 тамоў, якія выходзілі з 1992 па 1997 год. Было створана, як лягічны працяг папулярнае манґа-сэрыі «Кодавая мянушка: Сэйляр Ві» аб прыгодах дзяўчыны-ваяркі Сэйляр Ві (яп. コードネームはセーラーV, трансьліт. Кодо Нэму ўа Сэра Буі). Да аўтара адразу ж зьвярнуліся аніматары з просьбай аб экранізацыі, таму анімэ й манґа ствараліся практычна адначасова.
14-гадовая дзяўчынка з Токіё Уса́ґі Цукі́на ўратоўвае ад хуліганаў котку Лу́ну, якая ўмее размаўляць і прыляцела на Зямлю з плянэты Маў і зьяўляецца служкаю Месячнае Каралевы — Сярэніці. Лу́на вучыць Усаґі зорнае магіі і дапамагае ператварыцца на вялікую ваярку Сэйляр Месяц — новую Князёўну Месяца. Усаґі пад кіраўніцтвам коткі пачынае змагацца з ворагамі Месячнага Княства. Пад час гэтых боек яна знаёміцца з таямнічым Таксэ́дам Ка́мэнам (у іншых перакладах Такэ́да Маск), які ў звычайным жыцьці зьяўляецца маладым і прыгожым хлопцам Мамо́ру Ці́бай. Маладыя Ваяры Сьвятла закохваюцца адно ў аднаго і працягваюць сваю місію разам. Праз колькі часу да іх далучаецца сапраўдная каманда сэйляр-ваяроў.
У 1991 годзе карпарацыя «ТБ Асахі» (яп. 株式会社 テレビ朝日, трансьліт. Тэ́рэбі аса́хі) зьвяртаецца да Наокі Такэуці з прапановаю аб экранізацыі яе манґі «Кодавая мянушка: Сэйляр Ві» аб прыгодах школьніцы-чараўніцы, але зрабіла ўмову павялічыць колькасьць ваярак у школьнае форме (яп. セーラー服, трансьліт. сэра ад анг. sailor — матрос; фуку — японскае дзявочае школьная форма, падобная да матроскай вопраткі). Аўтарка ў адказ прапанавала зрабіць цалкам новую манґу й анімэ. У лютым 1992 году зьяўляюцца першыя выпускі манґі, а ў 7 сакавіка першая сэрыя анімэ зьнятага па загадзе «ТБ Асахі» студыяйі «Таэй» (яп. 東映アニメーション株式会社, трансьліт. Тоэ́й Анімэ́сён). Сэрыял зьмяшчаў 200 сэрыяў (5 сэзонаў па 40 сэрыяў) і выходзіў з сакавіка 1992 году па 8 лютага 1997-га. У 1993—1995 гадах зьнялі 3 паўнамэтражныя анімэ, а ў 2003-м 49-сэрыйны тэлесэрыял.
Сэйляр Месяц — Уса́ґі Цукі́на (яп. 月野 うさぎ; імя перакладаецца як Месячнытрус) — на пачатку сэрыялу 14-гадовая школьніца. Жыве разам з бацькамі і малодшым братам Сі́нґам ва ўласным доме. Нягледзячы на баязьлівы характар, уратоўвае ад мясцовых хуліганаў котку Лу́ну, якая расказвае аб тым, што насамрэч Усагі — дачка Месячнае Каралевы Сэрэніці і Ваяр Сьвятла. Котка дорыць дзяўчынцы таямнічы талісман з дапамогай якога яна здольна ператварацца ў Сэйляр Месяц — змагарку зь Сіламі Цемры. Адметная рыса — фрэзура нагадваючая вушкі труса. На працягу сэрыялу ператвараецца ў сапраўднага лідэра. На расейскую мову першыя сэзоны анімэ й манґа перакладаліся з ангельскай, таму можна сустрэць варыянт імя Бані. Агучвальніца — Катома Міцуісі.
Таксэ́да Ка́мэн — Мамо́ру Ці́ба (地場 衛) — адзіны мужчына сярод Ваяроў Сьвятла. На пачатку сэрыялу 17-гадовы студэнт каледжа. Сірата зь дзяцінства, разам з бацькамі трапляе ў аўтамабільную катастрофу й губляе памяць, але нейкім чынам памятае эпізоды зь мінулага жыцьця. Сустракаецца на шляху Ўсаґі і ўвесь час над ёй пасьмейваецца. Але зьяўляецца ў цяжкія для Ваяроў Сьвятла (перш за ўсё для Сэйляр Месяц) хвіліны ў вобразе таямнічага Таксэды Камэна (калі пераклад ажыцяўляўся з ангельскае мовы мянуецца Таксэда Маск). Яшчэ ў першым сэзоне ўратоўвае жыцьцё Ўсаґі, але губляе сваё інкоґніта. Надалей паміж ім і Ўсаґі пачынаецца каханьне. Зьяўляецца ў завеі ружовых пялёсткаў. Агучвальнік — Тора Фуруя. Мамору дзіцёнка агучвае — Мэґумі Аґата (гл. Сэйляр Няптун).
Сэйляр Мэркурый — А́мі Мідзу́на (水野亜美) — першаясэйляр-ваярка, якая далучылася да Ўсаґі й Маморы. Аміны бацькі ў разводзе й яна жыве з маці, якая працуе доктаркай, бацька — вандроўны мастак, які дасылае Амі свае творы замест лістоў. На пачатак сэрыялу 14-гадовая школьніца. Праз надзвычай высокі інтэлект і здольнасьці да навукі доўгі час не магла знайсьці сабе сяброў, таму сярод Ваяроў Сьвятла з задавальненьнем працуе мазгавым цэнтрам. Акрамя непасрэднага ўдзелу ў сэрыяле, Амі мае ўласную кароткую манґу (першапачаткова надрукаваную ў 14 томе галоўнай сэрыі) і спэцыяльны выпуск у анімэ. Агучвальніца — Ая Хісакава.
Сэйляр Марс — Рэй Хі́на (火野レイ) — 2-я сэйляр-ваярка, якая далучылася да Ўсаґі й Маморы. На пачатак сэрыялу 14-гадовая вучаніца прыватнае каталіцкае школы, куды яе ўладкаваў бацька — буйны палітык. Яе маці памёрла, а ў сувязі з тым, што бацькі Рэй былі ў разводзе, яна жыве ня з татам, а зь дзедам — сынтатісцкім сьвятаром ў капліцы Хікаўа і сама зьяўляецца мікай (сінтаісцкай жрыцай), таму можа безь ператварэньня на сэйляр-ваярку бачыць будучыню й адчуваць прысутнасьць злых духаў. У вольны ад вучобы і царкоўнае службы час любіць чытаць манґу і піць гарбату, а таксама сьпяваць. Мроіць стаць вядомай сьпявачкай і кампазытаркай. Лепшая сяброўка й галоўны крытык Усаґі. Мае двух ручных крумкачоў Фобаса і Дэймаса, якія ў манзе маюць здольнасьць ператварацца на дзяўчынак. Акрамя асноўнай манґі, ўдзельнічае яшчэ ў 2-х кароткіх. Адзіная з усіх сэйляр-ваярак падобная да японкі, разрэзам вачэй й колерам валосься. Агучвальніца — Міціе Тамідзава.
Сэйляр Юпітэр — Макота Кі́на (野まこと) — 3-я сэйляр-ваярка, якая далучылася да Ўсаґі й Маморы. На пачатак сэрыялу 14-гадовая школьніца. Бацькі Макі-цян загінулі ў авіякатастрофе, а сама яна перажыла няшчаснае каханьне, таму звычайна староніцца людзей, асабліва, калі іх шмат. Сярод сэйляр-ваярак зьяўляецца галоўнай па фізычнае сіле, добра валодае каратэ, а таксама добра кухарыць. Акрамя асноўнай манґі, мае кароткую ўласную. Агучвальніца — Эмі Сінахара.
Сэйляр Вэнэра — Міна́ка А́йна (愛野美奈子) — 4-я сэйляр-ваярка, якая далучылася да Ўсаґі й Маморы, нягледзячы на тое, што пачала змагацца нашмат раней за іх, яшчэ як Сэйляр Ві. На пачатак сэрыялу 14-гадовая школьніца, але сэйляр-ваяркай стала ў 13 гадоў. Такэуці значна перарабіла гісторыю сваёй геройкі, дзеля таго, каб далучыць яе да астатніх. У 13 гадоў сустрэла месячнага ката Артэ́міса, які раскрыў ў ёй чароўныя сілы й зрабіў зь Мінакі сэйляр-ваярку. Лепш за ўсіх астатніх памятае сваё мінулае жыцьцё ў Месячным Каралеўстве. Колькі часу, яшчэ як Сэйляр Ві працавала ў Англіі на Інтэрпол, таму даволі добра валодае ангельскаю моваю. Цікавіцца валейболам і іншымі спартовымі забавамі. Таксама апантаная фанатка поп-мастацтва і добрая бягунка за разнастайнымі поп-знакамітасьцямі. Адзіная акрамя Ўсаґі мае абодвух бацькоў. Акрамя ўдзелу ў манзе аб «Прыгожай Ваярцы Сэйляр Месяц» мае ўласную «Кодавае імя: Сэйляр Ві» і разам з Рэй (гл. Сэйляр Марс) ўдзельнічае ў асобнай кароткай. Агучвальніца — Рыка Фукамі.
Сэйляр Цібі Месяц — Цібі-Уса Цукіна (ちび月野うさぎ) — на момант пачатку манґі, яшчэ не нарадзілася, але прыляцела з будучага часу, каб уратаваць сваіх бацькоў Усаґі і Мамору. Цібі-Уса — скарачэньне ад Цібі Ўсаґі (Малая Усаґі), што ўяўляе сабой сваеасабовую хатня-сяброўскую мянушку, бо насамрэч яе клічуць таксама, як матку Ўсаґі Цукінай. На момант зьяўленьня, называе сябе кузінаю Ўсаґі, але потым высьвятляецца, што яна насамрэч яе дачка, якую Месячная Каралева Сярэніці даслала з будучыні, дзеля таго, каб Цібі-Уса ахоўвала маці, вучыла карыстацца ўласнымі сэйляр-сіламі і дапамагала ў іншых справах. Даволі кантактны й вясёлы дзіцёнак. У апошнім сэзоне, мае немалаважную ролю ў адшуканьні таямнічага Пеґаса зь якім моцна пасябравала. Агучвальніца — Каэ Аракі (у апошнім сэзоне таксама ў колькіх эпізодах агучвала саму Ўсаґі).
Сэйляр Нэптун — Міці́ру Ка́ё (海王みちる) — на момант далучэньня да сэйляр-ваяроў 16-гадовая школьніца. Доўгі час была самотнай ваяркай, асобна ад Усаґі і Мамору, але напрыканцы далучылася да супольнасьці. Упершыню зьяўляецца ў сярэдзіне трэцяга сэзону. Яе знаёмяць з сэйляр-камандай, як кузіну Амі (гл. Сэйляр Мяркурый). Міціру цалкам творчая асоба таленавітая віялянчэлістка і мастачка. У манзе знаходзіць свой лёс у асобе Харукі (гл. Сэйляр Уран), але ў анімэ момант значна ўскладнёны, яна ці то енчыць па разнастайных хлопцах, ці то фліртуе з падобнай на мужчыну Харукай. Тым ня менш дзяўчынкі аб’яўлены першай у дзіцячым анімэ парай. Таксама разам з Харукай, Міціру бярэ на сябе абавязак па выхаваньні памёрлай, але нанова народжанай Хатарай (гл. Сэйляр Сатурн). У некаторых ангельскіх перакладах мае імя Мішэль. Сэю — Масака Кацукі.
Сэйляр Уран — Хару́ка Тэ́нё (天王はるか) — далучаецца да сэйляр-ваяроў у сярэдзіне трэцяга сэзону, як 16-гадовая школьніца. Яна ўспрымае сябе за хлопца, таму па-хлапечы апранаецца і паводзіць сябе, але пад час ператварэньня на сэйляр-ваярку губляе сваю мужчынападобнасьць. Харука шмат увагі аддае свайму фізычнаму разьвіцьцю і зьяўляецца сталай аматаркаймашын і матацыклаў. Мроіць стаць прафэсійнай гоншчыцай. Яе прадстаўляюць, як кузіну Міціру й сваячку Амі. У расейскім перакладзе ажыцёўленым тэлеканалам ТНТ, агучана як мужчына. У некаторых перакладах на ангельскую мову яе імя Ама́ра. Агучвальніца — Мэґумі Аґата.
Сэйляр Сатурн — Хата́ру Тамоэ (土萠 ほたる) — аб’яўляецца напрыканцы трэцяга сэзону, як сяброўка Цібі-Усы, але пазьней паказвае сябе Князёўныай Сатурну і сэйляр-ваяркай. Жыве разам з бацькам-навукоўцам, зь якім рэдка бачыцца і які знаходзіцца пад уплывам Сіл Зла, якія жадаюць выкарыстаць у сваіх мэтах моц, якая захавана ў яго дачцэ. Сама доўгі час не здагадваецца аб сваіх здольнасьцях, але знаёмства зь Цібі-Усай, а потым і зь іншымі сэйляр-ваяркамі прабуджаюць яе моцы. Хатару рэдка ходзіць у школу праз частыя хваробы і знаходзіць суцеху ў калекцыянаваньнілямпаў. У 36-й сэрыі 4-га сэзону коштам свайго жыцьця ўратоўвае бацьку ад уплыву Зла, а таксама жыцьцё іншых сэйляр-ваярак. У сярэдзіне сэзону адраджаецца, як немаўля, апеку над якой бяруць Харука і Міціру (гл. Сэйляр Уран і Сэйляр Сатурн), якія з пачатку не пазнаюць у ёй сваю паплечніцу, але тая хутка пачынае расьці і спачатку становіцца адразу ж 5-гадовай, а потым і зноўку 13-гадовай. Пазьней высьвятляецца, што яе адраджэньне было зроблена праз Валадарку Цёмнага Месяца Ґаляксію. Агучвальніца — Юка Мінаґуці.
Сэйляр Плютон — Сэцу́на Мэё (冥王 せつな) — у сэрыяле зьяўляецца напрыканцы другога сэзону, спачатку як голас, а потым і раскрывае сваю асобу. 12-гадовая вучаніца каледжу. Ахоўніца Брамы Часу й уладарка адной з частак Сьвятога Граалю і апякунка Цібі-Усы ў Крышталёвым Токіё. Змагаецца са Злом самастойна і толькі адчасу прыходзіць іншым сэйляр-ваяркам на дапамогу. У ангельскім перакладзе анімэ, мае імя Трыста (Trista Meioh). Агучвальніца — Ціёка Кавасіма.
Каралева Сэрэніці (яп. クィーン・セレニティ) — Уладарка Мясячнага Каралеўства і маці Князёўны Сэрэніці, якая загінула пад час бойкі за Срэбны Крышталь разам са сваім каханым Князям Зямлі Эндыміёнам. Выкарыстаўшы апошнія сілы, Каралева робіць так, каб яе дачка і яе жаніх не памёрлі, а перарадзіліся на Зямлі. Таксама Сэрэніці дасылае на зямлю сваех служак-котак Луну і Артэміса, каб дапамаглі раскрыцца нанова народжаным дачцэ, яе каханаму і іншым сэйляр-ваярам, што таксама загінулі разам зь Месячным Каралеўствам. Князёўна Сярэніці нанова нарадзілася ў постаці Ўсаґі, а Князь Эндыміён — Маморы. Агучвальніца — Міка Доі.
Геліёс (エリオス) — вартаўнік Залатога Крышталю і Краіны Мрояў — Элізіёну. Геліёс быў схаваны ў постаці аднарога Пеґаса ў Коле Мёртвага Месяцу і ня мог адкрыцца людзям, як толькі празь іх сны. Чалавекам, у снах якога ён пасяліўся, была Цібі-Уса, зь якой у яго праз колькі часу абудзілася каханьне. Загінуў падчас бойкі з Каралевай Ґаляксіяй напрыканцы 5-га сэзону. Агучвальніца — Таікі Мацуна.
Тры Зоркі (セーラースターライツ) — 3 іншаплянэтныя ваяркі, якія ўкрываюцца на Зямлі ў постацях 3-х хлопцаў — Сэ́і Ку (星野 光), Та́ікі Ку (大気 光) і Я́тэна Ку (夜天 光). Вучацца разам з Усаґі і некаторымі іншымі ваяркамі ў адным каледжы і адначасова зьяўляюцца ўдзельнікамі папулярнага моладзевага гурта. Шукаюць сваю ўладарку Князёўну Какю, якую кінулі пры ўцёках са сваёй гінучай плянэты. Адначасова дапамагаюць сэйляр-ваяркам змагацца зь іх ворагамі. У зямным жыцьці Сэя, Таікі і Ятэн зьяўляюцца хлопцамі, пры ператварэньні ў сэйляраў раскрываецца іх жаночая сутнасьць. Агучваюць іх таксама жанчыны. Сэю — Сіха Нііяма, Таікі — Нарумі Цунода, а Ятэна — Ціка Сакамота.
Князёўна Какю (火球皇女) — уладарка зорнае сыстэмы Кінмоку, са сталіцай на плянэце Танкэй. Падчас гібелі свайго валадарства праз Каралеву Ґаляксію вымушана была зьбегчы. Колькі часу вандравала па Ґаляктыках у пошуках падданых, што засталіся ў жывых, пакуль не пачула сьпевы Трох Зорак. На Зямлі ўгаворвае іх прыняць ўдзел ў барацьбе разам з сэйляр-ваяркамі. Таксама яе зьяўленьне цесна зьвязана з постацьцю малой Цібі-Цібі. Гіне разам са сваімі ваяркамі пад час апошняе бойкі з Ґаляксіяй, але ўваскрасае разам зь іншымі праз Малую. Напрыканцы сэрыялу разам з Сэяй, Таікі ды Ятэнам адпраўляецца адраджаць сваё валадарства. Агучвальніца — Сакіка Тамаґаўа.
Лу́на (ルナ) — котка, падданая Каралевы Сярэніці і апякунка яе дачкі Ўсаґі. Была паслана Каралевай на Зямлю, каб апекавацца над Князёўнай і раскрыць у ёй талент сэйляр-ваяркі, пры чым адчасу робіць гэта даволі жорстка. Акрамя Ўсаґі таксама мае прыязныя адносіны да Амі (гл. Сэйляр Мэркурый), прызнаючы ў ёй вялікую сэйляр-ваярку. Луну нават можна ўбачыць на яе плячах. У паўнамэтражным анімэ аб’яўляецца і ў чалавечай постаці. Агучвальніца — Кэйка Хан.
Артэміс (アルテミス) — белы кот, які належыць Мінацы (гл. Сэйляр Мілавіца). Таксама, як Луна прыляцеў на Зямлю зь Месяца, па загадзе Каралевы Сэрэніці. Колькі часу таямніча каардынававаў пошукі Лунай Князёўны, а потым іншыя яе дзеяньні праз кампутар, але выпадкова раскрыў сваю асобу, пасьля чаго на першы плян выйшла менавіта Луна, як апякунка Ўсаґі. Большасьць часу знаходзіцца ў кампаніі сваёй апекаванай Мінакі і не ідзе да іншых. Мае моцную павагу ад усіх сэйляр-ваярак. Агучвальніца — Ясухіра Таката.
Даяна — (ダイアナ) — прыгожае шэрае кацянё, якое належыць Цібі-Усе. Аб’яўляецца ў апошнім сэзоне і ледзь не становіцца прычынаю раздору між Лунай ды Артэмісам, калі называе апошняга татам, пасьля чаго раскрывае што зьяўляецца іх дачкой з будучыні, што пацьвярджае яе гаспадыня. У манзе мае вельмі прыязныя адносіны з Сэцунай (гл. Сэйляр Плутон). Таксама даволі прыязна ставіцца да Маморы і нават застаецца зь ім калі той хаваецца ад ўсіх падчас падрыхтоўкі да іспытаў. Агучвальніца — Куміка Нісіхара.
Цібі-Цібі (ちびちび) — 2-гадовая дзяўчынка, якая спускаецца, амаль напрыканцы сэрыялу, на Зямлю на парасоне, а потым трапляе ў дом да Ўсаґі, дзе праз гіпноз унушае яе бацькам, што зьяўляецца іх малодшай дачкою. Сэйляр-ваяркі некаторы час лічылі яе за другую дачку Ўсаґі. Сваю мянушку (сапраўднага яе імя невядома) атрымала праз тое, што ўся яе гаворка складаецца з разнастайных варыяцыяў слова «Цібі». У апошніх сэрыях, падчас Апошняе Бойкі, раскрывае сваю сапраўдную сутнасьць — Сэйляр Космас — Уцелаўлёны Прамень Надзеі. Адраджае Ўсаґі і дапамагае ёй зьнішчыць Ґаляксію, пасьля чаго аддае ёй сваю моц і дапамагае адрадзіць сэйляр-ваяроў з усяго Сусьвету. Агучвальніца — Катома Міцусі (гл. Сэйляр Месяц).
Каралева Металія (яп. クイン・メタリア) — адна з формаў Хаосу, зьяўляецца Ўладаркай Каралеўства Цемры. Аморфная істота, чыстая энэрґія народжаная з сонечнае радыяцыі, таму ня мае ўластнага цела. Менавіта Мэталія разьвязала бойку і стала крыніцаю зьнішчэньня Месячнага Каралеўства і яго жыхароў. Потым адрадзіла Каралеву Бярыл, каб карыстаючыся яе целам, з дапамогай Срэбранага Крышталю набрацца моцы дзеля асобнага існаваньня. Пад час апошняй бойкі апанавала цела Маморы і зрабіла яго Злым Эндыміёнам у выніку чаго ён гіне ад рук Сэйляр Месяц, пасьля чаго Ўсаґі коштам свайго жыцьця зьнішчае Мэталію, але з дапамогай іншых ваярак спачатку адраджаецца сама, а потым праз срэбраны Крышталь адраджае Мамору.
Каралева Бярыл (クイン・ベリル). Колісь была жыхаркай Зямнога Каралеўства закаханай у Князя Эндыміёна, але той закохваецца ў Месячную Князёўну Сярэніці. У адчае Бярыл злучаецца зь Мэталіяй і дапамагае ёй зьнішчыць Месячнае Каралеўства, а таксама першых сэйляр-ваярак. У цяперашні час была адроджана Мэталіяй, дзеля кіраваньня Каралеўствам Цемры, пошукам энэрґіі дзеля сілкаваньня Мэталіі і росшукам Срэбранага Крышталю. Гіне, калі Мэталія перасяляецца ў цела Маморы і ператварае яго на Злога Эндыміёна.
Элі і Эн (アンとエイル). Ворагі з другога сэзону. Зьявіліся на Зямлю разам з упаўшым недалёка ад Токіёметэарытам. Пад выглядам брата й сястры пранікаюць у школу дзе вучацца сэйляр ваяркі і з дапамогаю вызваных імі праз чароўныя карты Тародэманаў-кардыянаў пачынаюць зьбіраць энэрґію, дзеля адраджэньня Пякельнага Дрэва Макаідзю. Ваяркі пасьля шматлікіх боек пераманьваюць Элі й Эн на Бок Сьвятла, пасьля чаго яны пакідаюць Зямлю з ачышчаным ад Зла растком Макаідзю.
Братэрства Цёмнага месяца (ブラックムーン一族). Клан Зямных арыстакратаў зь мінулага за свае цёмныя дзеі выгнаны на ледзяную плянэту Нямезіс. Палююць на Срэбраны крышталь дзеля яго моцы. Каралеву Сярэніці дае новую моц сэйляр-ваяркам для змаганьня супраць іх, а пасьля на дапамогу з будучыні прыгодзіць Малая Ўсаґі (гл. Цібі-Уса). Гэткім складам сэйляр ваяркі перамагаюць нямезійцаў і ператвараюць іх на звычайных людзей.
Паляўнічыя Сьмерці (яп. デスバスターズ). Варожая супольнасьць з 3-га сэзону, што кіруецца бацькам Хатару (гл. Сэйляр Сатурн) апантаным дэманам Ґерматоідам праз жывую антыматэрыяльную істоту Фараона 90. Прафэсар Тамоэ для ўратаваньня адзінай дачкі ад наступстваў няўдалага экспэрымэнту імплянтаваў у яе цела яйка са злой іншаплянэтнай істотай Гаспадыняй 9 (яна ж Мясія Цішыні), а сам трапіў пад уплыў дэмана Ґерматоіда. Па загадзе Гаспадыні 9 і Ґерматоіда прафэсар Тамоэ й яго Паляўнічыя Сьмерці шукаюць Крышталі Чыстых Сэрцаў і часткі Сьвятога Граалю, каб прывесьці на Зямлю свайго Ўладара Фараона 90. Пад час бойкі з сэйляр ваяркамі частка Паляўнічых гіне, а Хатару перасільвае ўплыў Гаспадыні 9 і кідаецца ў самы цэнтар Фараона 90 і коштам свайго жыцьця ратуе свайго бацьку і іншых.
Каралева Негеленія — (яп. 女王ネヘレニア) Галоўны вораг з 4-га сэзону. З дапамогай сваіх служак з Кола Мёртвага Месяц' займаецца пошукам Пегаса (гл. Геліёс), каб атрымаць Залаты Крышталь, які той ахоўвае, але сэйляр ваяркам ўдаецца яе перамагчы. Пасьля Негеленію адрадзіла Галяксія і тая разьбівае Чароўнае Люстэрка, якім валодае і падпараткоўвае сваёй уладзе шмат людзей у тым ліку і Мамору. Падчас апошняе бойкі бярэ ў палон ў сваіх люстэрках ўсіх сэйляр ваярак, акрамя Сэйляр Месяц, якая ўратоўвае сябровак і Мамору і зь іх дапамогаю адпраўляе Негеленію ў Мінуўшчыну, дзе тая пазбаўляецца сваёй злоснасьці знаходзіць супакой.
Каралева Ґаляксія (яп. セーラーギャラクシア) — галоўны вораг 5-га сэзону і разам з Хаосам галоўны вораг ва ўсёй манзе і анімэ, што жыве ў створанай ёй Ґаляктыцы Ценяў. Калісьці стаяла на чале ўсіх сэйляр ваярак Сусьвету, але ў стане неспакою і пошуках лепшага лёсу падпала пад уплыў Хаосу. Папярэдне выслала свой Прамень Надзеі ў Космас. Без раскрыцьця сваёй асобы кіравала ўсімі папярэднімі ворагамі сэйляр ваярак. Дзеля выкананьня сваёй мэты адраджае Негеленію і Хатару (гл. Сэйляр Сатурн). У апошнім сэзоне займаецца пошукамі Сапраўднага Зорнага Зерня, дзеля чаго забірае зерні ў разнастайных істот (у тым ліку і ў іншых сэйляр ваяроў), пазбаўленыя Зорнага Зерня істоты кароткі час маюць выбар, тым хто пагаджаўся служыць Ґаляксіі й зьбіраць дзеля яе Зерні, яна давала магічныя бранзалеты з дапамогай якіх іх жыцьцё працягваецца, а тыя хто не згаджаўся спачатку ператвараліся на дэманаў, а потым зьнікалі. Поўнасьцю раскрывае сваю асобу напрыканцы анімэ. Падчас апошняе бойкі зьнішчае ўсіх сэйляр ваярак, акрамя Ўсаґі, зьнішчыць якую ёй не дае Цібі-Цібі. Яна аб’яўляецца перад тронам Ґаляксіі і раскрываецца, як Прамень Надзеі, які Ґаляксія адкінула ад сябе. Сэйляр Цібі-Цібі, ператварыўшыся на Сэйляр Космас перамагае Хаос апанаваўшы Ґаляксію і яе саму ды дапамагае Сэйляр месяц адрадзіць усіх вароў Усяленнай.
Іншыя ворагі. На працягу манґі й анімэ, ваяркі сустракаюцца шчэ з шэрагам ворагаў, якія зьяўляюцца альбо лёкаямі й паплечнікамі галоўных ворагаў, альбо змагаюцца з сэйляр ваяркамі на працягу некалькіх сэрыяў.
На працягу 1993—1995 гадоў, разам з 2-м, 3-м і 4-м сэзонамі выйшлі 3 паўнамэтражныя анімэ створаныя паводле іх.
«Прыгожая Ваярка Сэйляр Месяц Эр: Фільм» (яп. 劇場版 美少女戦士セーラームーンR, трансьліт. Гэнідзёхан Бісёдзё Сэнсі Сэра Мун Р). Дадатковы паўнамэтражны мультфільм да 2-га сэзону сэрыялу. Гаворка йдзе аб Фіёры, які ёсьць сябрам Маморы, зь якім той колісь ляжаў у шпіталі, пасьля аварыі, у якой загінулі яго бацькі. Падчас разьвітаньня Мамору падараваў Фіёры чырвоную ружу. Фіёры абяцае калі-небудзь аддзячыць сябру. Праз колькі год шляхі Фіёры й Маморы зноўку перакрыжоўваюцца. Фіёры зь нейкай далёкае плянэты прывозіць чароўныя жоўтыя кветкі, але гэтыя кветкі маюць яшчэ адну ўласьцівасьць — забіраць жыцьцёвую энэрґію ў людзей.
«Прыгожая Ваярка Сэйляр Месяц Эс: Фільм» (яп. 劇場版 美少女戦士セーラームーンS, трансьліт. Гэнідзёхан Бісёдзё Сэнсі Сэра Мун C). Дадатковы паўнамэтражны мультфільм да 3-га сэзону. Па прасторах Сусьвету вандруе Сьнежная Князёўна Каґуя, якая зьбірае калекцыю з замарожаных ёй плянэт. Колісь яна ўжо спрабаваза замарозіць Зямлю, але Срэбны Крышталь перашкодзіў ёй дасягнуць гэтае мэты, да таго ж Каґуя згубіла, кавалак з камэты на якой вандравала. Князёўна Каґуя адступіла, але вярнулася, каб з дапамогаю сваех лёкаек — Сьнежных Танцорак, вярнуць страчаны кавалак камэты і зноўку замарозіць Зямлю. Перашкодзіць ёй могуць толькі Ўсаґі, Мамору і сэйляр ваяркі.
«Прыгожая Ваярка Сэйляр Месяц СупэрЭс: Сустрэча дзевяці Сэйляраў! Цуды Чорнае Дзіры Мрояў» (яп. 美少女戦士セーラームーンSuperS セーラー9戦士集結!ブラック・ドリーム・ホールの奇跡, трансьліт. Бісёдзё Сэнсі Сэра Мун СупэрЭс: Сэра 9 Сэнсі Суўкетсу! Бураку-Дуріму-Хору но Кісэкі). Дадатковы паўнамэтражны мультфільм да 4-га сэзону. Уначы на вуліцу выходзяць таямнічыя людзі з флейтамі й гукамі сваёй музыкі прымушаюць прачынацца маленькіх дзяцей і вядуць іх за сабою, каб правесьці ў Чароўны Сусьвет Мрояў, дзе зь іх высмакчуць усю жыцьцёвае энэрґію. На вуду злачынцаў трапляе нават Цібі-Уса. Ваяркі з дапамогаю Пэруры, які перайшоў на бок Сьвятла, сьпяшаюцца на дапамогу.
4 кастрычніка 2003 году на японскія экраны выходзіць аднайменны тэлевізійны сэрыял, які меў 49 агульных і 2 спэцыяльныя DVD-сэрыі й доўжыўся да 25 верасьня 2004 году. Гульнявы сэрыял з большага па сюжэце адпавядае манзе чым анімэ, але мае некаторыя адметнасьці ад абедзьвюх. Напрыклад Мінака ў фільме папулярная сьпявачка (у манзе і анімэ яна толькі мроіць ёй стаць), Мамору — злодзей па каштоўным каменьні, які мроіць адшукаць Срэбраны Крышталь, котка Луна — ператвараецца ў жывую дзяўчыну, а Каралева Сярэніці — ня маці Ўсаґі. У сэрыяле занятыя наступныя акторы й акторкі: Мію́ Сава́і — Усаґі, Князёўна Сярэніці, Каралева Сярэніці; Ціса́кі Хама — Амі Мідзуна, Мэркурый зь Цемры; Кэ́йка Кітаґаўа — Рэй Хіна; Мю Адза́ма — Макота Кіна; Ая́ка Кама́цу — Мінака Айна; Дзёдзі Сібу́э — Мамору; Ры́на Каі́кі' — Луна-дзяўчынка; Кэ́йка Хан — Луна-котка (агучка); Ка́пэй Ямаґу́ці — Артэміс (агучка); Ая Суґімота — Каралева Бярыл. Сэрыял зьняты ў японскі стылі Такусацу, які прымяняецца пры здымках фантастычных сэрыялаў, таму дастаткова дзіўны для сярэдняга эўрапейскага ці амэрыканскага гледача.
Зь лета 1993 году па зіму 2005 году ажыцьцявілі 800 пастановак 29 разнастайных мюзыклаў паводле манґі й анімэ аб прыгодах сэйляр-ваярак, якія ў Японіі і фан-асяродзьдзі атрымалі назву «Сэра Мю» (яп. セラミュー; скарачэньне ад «Сэрамун Мудзікару» — セーラームーン・ミュージカル — «Мюзыкл Сэйляр Месяц»). Нягледзячы на тое, што кожны наступны мюзыкл адрозьніваўся ад папярэдніх некаторымі сюжэтнымі лініямі, існуе 3 асноўныя іх падзелы:
Па сюжэтах: часьцей за ўсё аўтары мюзыклаў бралі за аснову тры сюжэты: «Легенда Выспы Каґуя» (かぐや島伝説 — Каґуя Сіма Дэнсецу); «Апошні Дракул» (ラストドラクル — Расу́та Дара́куру; ад анг.: «Lost Dracul»); «Нараджэньне! Князёўна Цемры — Чорная Спадарышня» (誕生!暗黒のプリンセス ブラック・レディ — Та́ндзу! Аноку но Пурынсэ́су Бура́ку Рэ́дзі)
Па выканаўцах галоўнае ролі: чатыры падзелы з 1993 па 1998 год ролю Ўсаґі выконвае А́ндза Ая́ма (大山アンザ); з 1998 па 1999 году — Фумі́на Ха́ра (原 史奈); з 2000 па 2001 году Мію́кі Кана́бэ (神戸 みゆき); а з 2001 па 2005 году — Мары́на Курокі (黒木マリナ)
Па сцэнах (афіцыйны падзел): уключае тры сцэны: Першая сцэна — доўжылася з 1993 па 1998 гг.; Другая сцэна — з 1998 па 2004 гг. (у якой прынялі ўдзел тры з чатырох акторак, граўшых галоўную ролю) і Трэцяя сцэна — з 2004 па 2005 гг.