Прысяжная цнатлівіца (па-альбанску: virgjineshtëvirgjineshtë) — жанчына, якая добраахвотна прысягнула ў бясшлюбнасьці (поўнай адмовы ад шлюбу і сэксуальнага жыцьця) і пераймае мужчынскую ролю ў сям’і. Пасьля прынясеньня клятвы перад старэйшынамі вёскі з «прысяжнай цнатлівіцай» абыходзяцца як з мужчынам. Яна носіць мужчынскую вопратку, вядзе мужчынскі лад жыцьця і мае права голасу ў кіраваньні абшчынай нароўні з мужчынамі.
Дадзены фэномэн мае месца ў Альбаніі. Упершыню пра існаваньне «прысяжных дзеў» заходнеэўрапейскім дасьледчыкам і падарожнікам стала вядома на мяжы XIX—XX стагодзьдзяў. Зьява да гэтага часу сустракаецца ў кансэрватыўных паўночных правінцыйных рэгіёнах Альбаніі, хоць і паступова зьнікае.
Адной з прычын, якая прымушае дзяўчыну прымаць клятву бясшлюбнасьці, зьяўляецца нежаданьне ўступаць у навязаны ёй абшчынай шлюб. Іншым найважнейшым матывам можа быць адсутнасьць мужчын на чале сям’і. Пры такім становішчы жанчыны ў сям’і аказваюцца неабароненымі і ня маюць прадстаўніка ў радзе абшчыны. І толькі ў выпадку, калі адна з жанчын пераймае ролю мужчыны, сям’я мае абаронцу сваіх інтарэсаў у радзе. Такая сытуацыя можа паўстаць, напрыклад, пасьля сьмерці бацькі — галавы сям’і, калі там адсутнічаюць іншыя паўнагадовыя мужчыны. У гэтым выпадку «мужчынам» становіцца адна зь незамужніх жанчын, прыняўшы клятву цноты.