Птушыны грып — заразная хвароба органаў дыханьня, страўнікава-кішачнага тракта і цэнтральнай нэрвовай сыстэмы птахаў, выкліканая вірусам грыпа А. Прыроднымі вірусаносьбітамі звычайна зьяўляюцца дзікія пералётныя качкі. Працякае ў выглядзе эпізаотыі, чым выклікае пагалоўную сьмяротнасьць сярод курэй і індычак. Пры дотыку да птаха-вірусаносьбіта, яго крыві і мяса заразіцца могуць як чалавек, гэтак і жывёлы (сысуны)[1].
Прадухіленьню заражэньня спрыяе разьмяшчэньне свойскіх птахаў у закрытых выгулах і памяшканьнях, дзе выключаецца сустрэча зь дзікімі птахамі. Пры доглядзе за птахамі варта карыстацца ахоўным адзеньнем, пасьля чаго ўмывацца з мылам[1].
У курэй хвароба праяўляецца праз павышаную тэмпэратуру, прыгнечаны стан, рэзкае зьніжэньне вытворчасьці яек, ускудлачанасьць апярэньня, адмову ад корму, сінюшнасьць скуры ў вобласьці вачэй і жывата, апуханьне і пачарненьне грэбня і каташкоў, ацёк падсківічнай вобласьці, падскурныя кровазьліцьці на канцавінах і панос жоўта-зялёнага адценьня. У гусей адзначаюцца манёжныя рухі, выцяканьні з носавых адтулінаў, памутненьне рагавіцы вока, сьлепата і панос. Агулам у дзікіх і свойскіх вадаплаўных птушак немач выяўляецца праз парушэньне ўзгодненасьці рухаў, адкідваньне галавы, вярчальны рух галавой з патрэсваньнем, скрыўленьне шыі, адсутнасьць рэакцыі на зьнешнія раздражняльнікі, адмову ад вады і корму, прыгнечаны стан[1].
У 1878 г. італьянскі вэтэрынар Эдуарда Пэранчыта (1847—1936) ўпершыню апісаў захворваньне пад назовам курыны тыф, якое паразіла кураў на фэрмах у ваколіцах Турына. У 1901 годзе захворваньне сталі называць клясычнай чумой птушак, калі выявілі яго віруснае паходжаньне. У 1925 г. адбылася першая ўспышка захворваньня ў Паўночнай Амэрыцы, пасьля чаго яго сталі называць эўрапейскай чумой птушак. У 1971 г. захворваньне атрымала сучасны назоў. У другой палове 20 ст. адбылося прынамсі 18 буйных успышак птушынага грыпу.
За 2006 год у краінах Паўночна-Ўсходняй Азіі спалілі 150 млн куранятаў, каб прадухіліць далейшы распаўсюд птушынага грыпу[2].
Гэта — накід артыкула па вэтэрынарыі. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |