Піленай — замак у сярэднявечнай Летуве, вядомы ў гісторыі Летувы ў сувязі з гераічнай абаронай замка.
Гістарычная абарона, на чале з князем Маргірысом, адбылася 25 лютага 1336 году, калі замак быў асаджаным у арміяй Тэўтонскага ордэну. Калі жыхары Піленай і яго ваколіц зразумелі, што немагчыма абараніць сябе ад мацнейшага па сіле ворага, яны пастанавілі зьдзейсьніць масавае самагубства, а таксама спаліць замак, зьнішчыўшы ўсю сваю маёмасьць, каб нічога каштоўнага ня трапіла да ворагу. Яны аддалі перавагу сьмерці, чым быць заваяванымі і паняволенымі Тэўтонскім ордэнам. Спачатку жыхары спалілі сваю маёмасьць, падпалілі замак, а пасьля мужчыны, жанчыны і дзеці скончылі жыцьцё самагубствам. Паводле ордэнскага храніста Віганда Марбурскага, у замку было 4000 чалавек.
Дакладнае месцазнаходжаньне Піленаю доўгі час заставалася невядомым. Рознымі гісторыкамі і археолягамі вылучалася шмат гіпотэз адносна месцазнаходжаньня легендарнага замку. У 2016 годзе група археолягаў зь вялікай доляй верагоднасьці выявіла, што замак знаходзіўся на Білёняйскім кургане(lt) ў Шылэльскім раёне Жамойці[1].
Гераічная абарона крэпасьці стала свайго роду сымбалям супраціву. Кампазытар Вітаўтас Клова напісаў пра гэтую падзею опэру «Піленай», прэм’ера якой адбылася ў 1956 годзе.