Рабінзон Круза | |
Robinson Crusoe | |
Тытульная старонка ангельскага выданьня 1865 року | |
Жанр: | прыгоды |
---|---|
Аўтар: | Даніель Дэфо |
Мова арыгіналу: | ангельская |
Публікацыя: | 25 красавіка 1719 |
Асобнае выданьне: | 25 красавіка 1719 |
Выдавецтва: | W. Taylor |
Ілюстратар: | Джон Кларк, Джон Пайн |
Носьбіт: | папера |
Наступны твор: | Далейшыя прыгоды Рабінзона Круза |
«Рабінзо́н Кру́за» (па-ангельску: Robinson Crusoe, ˌrɒbɪnsən ˈkruːsoʊ) — раман Даніеля Дэфо, апублікаваны 25 красавіка 1719. Першае выданьне было выдадзенае пад назваю «Жыцьцё і дзіўна незвычайныя прыгоды Рабінзона Круза, марахода зь Ёрку; які пражыў дваццаць і восем гадоў на самоце на ненаселеным востраве ля ўзьбярэжжа Амэрыкі, ля вусьця ракі Арынока; выкінуты на бераг падчас караблекрушэньня, у якім загінулі ўсе, акрамя яго; з выкладаньнем ягонага дзіўнага вызваленьня піратамі» (анг. The Life and Strange Surprizing Adventures of Robinson Crusoe, of York, Mariner: Who lived Eight and Twenty Years, all alone in an un-inhabited Island on the Coast of America, near the Mouth of the Great River of Oroonoque; Having been cast on Shore by Shipwreck, wherein all the Men perished but himself. With An Account how he was at last as strangely deliver'd by Pirates) і прадстаўляла аўтарам самога Рабінзона Круза. Насамрэч прататыпам галоўнаму герою быў рэальны марак з Шатляндыі Аляксандар Сэлькірк, які правёў на ненаселеным востраве ў Ціхім акіяне чатыры гады.
Кніга займела вялікі посьпех у літаратурным сьвеце; яе часта называюць пачынальніцай жанру «рэалістычная літаратура». Да канца 1719 року «Рабінзон Круза» быў перавыдадзены чатыры разы, і да цяперашняга часу зьяўляецца адной з найбольш выдаваных кніг у гісторыі. Акрамя шматлікіх працягаў, гісторыя Рабінзона Круза адаптаваная для сцэнічнага, кіна- і тэлемастацтва.
Даніель Дэфо стварыў і працягі прыгодаў Рабінзона Круза пад назовамі «Далейшыя прыгоды Рабінзона Круза» (1719) і «Сур’ёзныя разважаньні Рабінзона Круза» (1720).
У 1976 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» пабачыла сьвет выданьне «Рабінзона Круза» па-беларуску, у перакладзе Алены Васілевіч[1]. Аднак гэты пераклад быў зроблены не з арыгіналу, а з вольнага перакладу Карнея Чукоўскага на расейскую мову[2].
Ангельская Вікікрыніца зьмяшчае арыгінальныя матэрыялы, датычныя тэмы гэтага артыкула: |
Рабінзон Круза — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў