Ракаў лац. Rakaŭ | |||||
Панарама мястэчка | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | XIV ст. | ||||
Магдэбурскае права: | XVII ст. | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Менская | ||||
Раён: | Валожынскі | ||||
Сельсавет: | Ракаўскі | ||||
Вышыня: | 212 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва: | 2626 чал. (2010) | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 1772 | ||||
Паштовы індэкс: | 222365 | ||||
СААТА: | 6220857156 | ||||
Нумарны знак: | 5 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 53°58′2″ пн. ш. 27°3′10″ у. д. / 53.96722° пн. ш. 27.05278° у. д.Каардынаты: 53°58′2″ пн. ш. 27°3′10″ у. д. / 53.96722° пн. ш. 27.05278° у. д. | ||||
± Ракаў | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Ра́каў[1] — вёска ў Беларусі, на рацэ Іслачы. Цэнтар сельсавету Валожынскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 2626 чалавек. Знаходзіцца за 40 км на паўднёвы ўсход ад Валожына, за 39 км ад Менску; за 16 км ад чыгуначнай станцыі Беларусь, каля аўтамабільнай дарогі Менск — Горадня.
Ракаў — даўняе магдэбурскае[2] места гістарычнай Меншчыны, колішняя сталіца графства, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага[3]. Да нашага часу тут захаваліся былы дамініканскі касьцёл Сьвятога Духа ў стылі барока і капліца Сьвятой Ганны ў стылі клясыцызму, помнікі архітэктуры XVIII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся збудаваныя ў XVIII ст. жылы корпус кляштару дамініканаў, зруйнаваны расейскімі ўладамі, і комплекс манастыра базылянаў з царквой Узьвіжаньня Сьвятога Крыжа, зруйнаваны савецкімі ўладамі.
Рак — імя славянскага паходжаньня, якое ўтварылася ад слова рак[4][5].
Упершыню Ракаў ўпамінаецца ў XIV стагодзьдзі як вялікакняскае ўладаньне. У 1465 годзе вялікі князь Казімер перадаў паселішча Кезгайлам, з 1550 году — у валоданьні Завішаў. У 2-й палове ХVІ ст. тут заснавалі кальвінскі збор (дзеяў да пачатку XVIII ст.). Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў паселішча ўвайшло ў склад Менскага павету Менскага ваяводзтва.
У 1568 годзе Ракаў атрымаў статус мястэчка. У 1-й палове ХVІІ ст. паселішча перайшло да Сангушкаў, за якімі яно стала значным гадлёвым местам, цэнтрам графства. У гэты час тут працавала вядомая друкарня. У 1686 годзе Канстанцыя Сангушка з Сапегаў заснавала ў мястэчку дамініканскі кляштар Сьвятога Духа.
У 1701 годзе кароль і вялікі князь Аўгуст Моцны надаў Ракаву прывілей на 2 кірмашы ў год. Пачаўся хуткі эканамічны ўздым. Празь места праходзілі 2 гасьцінцы: Менск — Пяршаі — Валожын — Ашмяны і Ракаў — Вялейка. У 1702 годзе Казімер Сангушка заснаваў тут базылянскі манастыр. У 1742 годзе адбыўся пажар, які зьнішчыў кляштар Сьвятога Духа (неўзабаве адбудаваны). На 1779 год у месьце было 297 двароў, 24 крамы, 91 рамесьнік.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Ракаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Менскага павету. Статус паселішча панізілі да мястэчка. У 1794 годзе за ўдзел у паўстаньні расейскія ўлады канфіскавалі мястэчка ў Сангушкаў і перадалі царскаму фэльдмаршалу Салтыкову. На 1800 год — 276 двароў, дзеялі касьцёл і царква, працавалі школа, 20 мураваных крамаў, 2 вадзяныя плыны. На Рынку стаяла ратуша. У 1804 годзе Салтыкоў прадаў Ракаў Зьдзяхоўскім. У 1824 годзе мясцовыя вернікі збудавалі драўляны касьцёл і капліцу, у 1830 годзе — змуравалі прымогілкавую капліцу Сьвятой Ганны.
Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) у 1835 годзе расейскія ўлады ліквідавалі дамініканскі кляштар, а касьцёл гвалтоўна перарабілі пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). У 1839 годзе расейскія ўлады ліквідавалі базылянскі манастыр, а царкву перадалі Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі, багатую бібліятэку і архіў, што знаходзіліся пры манастыры — разрабавалі, манастырскі шпіталь — зачынілі.
У 1843 годзе ў Ракаве збудавалі майстэрні сельскагаспадарчых машынаў (веялкі, малатарні, сячкарні), якія добра разыходзіліся ў Менскім, а таксама ў Пскоўскім, Пецярбурскім паветах; апроч таго, у мястэчку працавалі 2 млыны, цагельня, піваварня. Мясцовыя майстры выраблялі драўляныя малатарні, арфы й сячкарні для навакольных сельскіх гаспадарак. На 1886 год дзеялі 2 царквы, касьцёл і сынагога, працавалі расейская народная вучэльня, бровар, землеапрацоўчых прыладаў, ганчарны і цагельны заводы, 2 вадзяны млыны, 29 крамаў. Паводле М. Улашчыка[6], у 1901 годзе тут вырабілі 80 малатарняў. На 1859 год у мястэчку было 140 двароў[7].
У канцы XIX — пачатку ХХ стагодзьдзяў Ракаў знаходзіўся ў валоданьні Мар’яна Зьдзяхоўскага, прафэсара Кракаўскага і Віленскага ўнівэрсітэтаў. У гэты час у сядзібе Зьдзяхоўскага зьбіраліся вядомыя літаратары й музыканты. Эліза Ажэшка называла Ракаў «Паўночнымі Атэнамі». На 1905 год у мястэчку было 740 будынкаў, у 1906 годзе тут збудавалі нэагатычны касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі. У пачатку XX ст. існавалі некалькі млыноў, касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі, капліца Сьвятой Ганны, царква, праваслаўная прымогілкавая капліца, каталіцкая і праваслаўная пачатковыя школы, паштовая станцыя і тэлеграф, аптэка; найбліжэйшы доктар — у Заслаўі.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Ракаў занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Ракаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, у Менскі павет («падраён») Менскага раёну[8]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Ракаў апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Віленскага ваяводзтва. У гэты час тут было 552 двары. Непадалёк ад мястэчка праходзіла граніца з БССР, што спрыяла вялікаму эканамічнаму ўздыму. У гэты час Ракаў быў улюблёным месцам кантрабандыстаў, шпіёнаў з абодвух бакоў, тут адкрываліся рэстарацыі, публічныя дамы.
У 1939 годзе Ракаў увайшоў у БССР. 15 студзеня 1940 году паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. У Другую сусьветную вайну зь ліпеня 1941 да ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху. 16 ліпеня 1954 году статус паселішча панізілі да вёскі.
На 1994 год у Ракаве было 805 двароў, на 2001 год — 765, на 2008 год — 746. У 2007 годзе ён атрымаў афіцыйны статус «аграгарадку».
У Ракаве працуюць сярэдняя школа, лякарня і пошта.
Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
8 сакавіка вуліца | Задамініканская вуліца[16] Дамініканская вуліца[17] |
|
Бястужава вуліца | Івянецкая вуліца | |
Камсамольская вуліца | Крыжаўзьвіжанская вуліца[18] (частка) Гранічная вуліца (частка) |
|
Паштовая вуліца | Касьцельная вуліца[16] | |
Піянэрская вуліца | Дубраўская вуліца Загуменная вуліца Райская вуліца[19] |
|
Пушкінская вуліца | Бакроўка вуліца[16] | |
Савецкая вуліца | Віленская вуліца[16] | Юзэфа Пілсудзкага вуліца |
Свабоды завулак | Рынкавы завулак (частка)[16] | Станіслава Манюшкі вуліца (частка) |
Свабоды плошча | Рынак пляц | |
Чырвонаармейская вуліца | Радашкаўская вуліца[17] Замкавая вуліца[17] Рынкавая вуліца (частка)[16] |
Тадэвуша Касьцюшкі вуліца (частка) |
Чырвонаармейскі завулак | Школьная вуліца |
З урбананімічнай спадчыны Ракава да нашага часу гістарычную назву захавала Менская вуліца, частка якой пры касьцёле раней называлася Дамініканскай[16].
Ракаў — вядомы ў Беларусі ганчарны цэнтар (гэтак званая «Ракаўская кераміка»). Апроч таго, у вёсцы працуюць лясьніцтва і прамысловы камбінат.
Ракаў уваходзіць у турыстычныя маршруты «Сьвет беларускіх мястэчак», «Дойлідзтва Налібоцкага краю», Ракаў — Тупальшчына — Івянец і інш.[20]
У навакольлі Ракава знаходзяцца дом адпачынку НАН Беларусі «Іслач», аздараўленчы комплекс «Сьвітанак», 9 дзіцячых арганізацяў адпачынку і аздараўленьня.
Запрашае наведвальнікаў музэй-галерэя «Янушкевічы». Краязнаўчая экспазыцыя музэю прысьвячаецца жыцьцю старасьвецкай шляхты і дробнай местачковай буржуазіі, найстарэйшы яе экспанат датуецца XVII стагодзьдзем.
Каля шашы Менск — Валожын знаходзіцца Ракаўскі ледавіковы канглямэрат, помнік прыроды дзяржаўнага значэньня; за 0,3 км на паўднёвы захад ад касьцёла, у абалоне ракі Іслачы (левы бераг) — гарадзішча пэрыяду жалезнага веку і позьняга Сярэднявечча (I—XVII стагодзьдзі).
|