Рандо

Рандо́ (па-француску: rondeau, ад rond — кола) — адна з так званых цьвёрдых формаў лірычнай паэзіі. Зьявілася ў Францыі ў XIV стагодзьдзі ў выніку разьвіцьця ідэі рандэля. Рандо мае шмат варыяцыяў, якія аб’ядноўвае шэраг характэрных рысаў: верш складаецца з 15 радкоў, сярод якіх двойчы паўтараецца так званы рэфрэн — пачатковыя словы першага радка, якія не абавязкова павінны рыфмавацца зь іншымі радкамі; астатнія радкі рыфмуюцца толькі на дзьве рыфмы. Напрыклад, рандо можа мець наступную схему: a-a-b-b-a a-b-b-R a-a-b-b-a-R, дзе R — рэфрэн.

Прыкладам рандо можа служыць верш Рыгора Крушыны:

І сны, і мары — музы чары —
Ствараюць казку дзіўных дзён.
І думак цэлы легіён
Снуецца ў сонечным абшары;
Далёкі сьпеў ужо чуцён.
Празрысты сьвеціцца вялён
Празь цёплы подых лёгкай пары…
Прыемны мне прыносяць плён
І сны, і мары.
Мне сьніцца дом і пышны клён,
І ўжо няма ніводнай хмары.
Адно цьвітуць, цьвітуць як лён
І сны, і мары.

У беларускай літаратуры першым ўжыў форму рандо Максім Багдановіч[1].

  1. ^ Тамара Федарцова. «Так вершы ззяюць даўняю красой…»: да праблемы станаўлення класічнага верша ў творчасці М.Багдановіча // Зборнік дакладаў: Матэрыялы дакладаў і паведамленняў Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі (2001 г.) «Максім Багдановіч і іншанацыянальныя літаратуры» // Літаратурны музей М.Багдановіча; Склад. І. В. Мышкавец. — Мінск, 2003. С. 174