Рэжым палкоўнікаў (па-грэцку: Το καθεστώς των Συνταγματαρχών), альбо Чорныя палкоўнікі (тэрмін, які прымяняўся ў савецкай прэсе) — вайсковая дыктатура ў Грэцыі, усталяваная 21 красавіка 1967 року, каб не дапусьціць перамогі на выбарах левага «Саюзу цэнтру» Папандрэў. У выніку грэцкая вайсковая хунта, у якой вядучае месца неўзабаве заняў Георгіяс Пападопуляс, усталявала дыктатарскі рэжым.
Прыход да ўлады вайскоўцаў у Грэцыі зьявіўся вынікам шматгадовага процістаяньня левых і правых палітычных сілаў, карані якога ідуць у 20-я рокі XX стагодзьдзя і якія не прыпыняліся нават пад час нямецкай акупацыі. Спрыяў посьпеху паўсталых афіцэраў і канстытуцыйны крызіс у краіне цягам двух гадоў.
Арганізатарамі перавароту сталі палкоўнікі Георгіяс Пападопуляс, Нікаляас Макарэзас ды генэрал Стыліянас Патакас. У грэцкую сталіцу было ўведзена каля 100 танкаў, якія занялі найістотнейшыя пункты мескай інфраструктуры, пачынаючы зь міністэрства абароны.
Больш за 5 тысячаў палітычных супернікаў вайсковага рэжыму былі арыштаваныя. Партыі былі забароненыя, канстытуцыя абвешчаная нядзейнаю, на большай частцы тэрыторыі краіны ўведзены надзвычайны стан, апазыцыйныя сілы зазналі перасьлед войска і таемнай паліцыі, частка ейных актывістаў адпраўленыя ў канцэнтрацыйныя лягеры. Уведзеная суворая цэнзура друку, любыя праявы супраціву неадкладна прыдушваліся.
Пасьля няўдалай спробы перавароту кароль Канстантын II высланы ў Італію. У ягоную адсутнасьць у 1972 року рэгентам быў прызначаны Георгіяс Пападопуляс.
Хоць Пападопуляс і пераняў элемэнты фашысцкай фюрэрскай ідэалёгіі, ён ня стаў засноўваць масавую фашысцкую арганізацыю. Таксама асобныя дасьледчыкі лічаць, што сам пераварот быў зьдзейсьнены з падтрымкай амэрыканскіх спэцслужбаў[1]. Пападопуляс паступова зьніжаў жорсткасьць свайго рэжыму, праводзячы лёгкую «дэмакратызацыю». 1 чэрвеня 1973 року была скасаваная манархія, і Пападопуляс абвясьціў сябе прэзыдэнтам Грэцкай рэспублікі.
Нядоўгі пэрыяд зьмякчэньня рэжыму падышоў да канца ў лістападзе 1973 року, калі войскі жорстка здушылі антыўрадавы выступ студэнтаў Політэхнічнага інстытуту ў Атэнах. Скарыстаўшыся гэтым, група найвышэйшых афіцэраў узброеных сілаў, натхняльнікам якой называлі Дымітрыяса Янідыса, 25 лістапада 1973 року зьдзейсьніла новы пераварот і адхіліла Пападопуляса ад кіраваньня. Да ўлады прыйшлі прадстаўнікі «жорсткага» крыла вайсковай хунты, што выступалі супраць якой-кольвек лібэралізацыі рэжыму, за захаваньне ў краіне вайсковага кіраваньня. Прэзыдэнтам быў прызначаны генэрал Фэдан Гізыкіс. Зноў быў уведзены надзвычайны стан, адноўленыя канцлягеры, жорсткая цэнзура друку.
Адносна іншаземных інвэстыцыйных кампаніяў рэжым праводзіў досыць ляяльную палітыку, што аказала пазытыўны ўплыў на разьвіцьцё грэцкай эканомікі.
Не зважаючы на суворасьць рэжыму, хунта выявілася слабою. Гэта высьветлілася, калі падтрыманы ёю путч на Кіпры прывёў да ўварваньня турэцкай арміі і да анэксіі населенай туркамі паўночнай часткі востраву. Рэжым палкоўнікаў не адважыўся на вайсковае ўмяшаньне і ў 1974 року рухнуў.
Адной з мэтаў, якую паставілі перад сабою радыкалы, было далучэньне Кіпру да Грэцыі. Улетку 1974 року хунта зьдзейсьніла на Кіпры пераварот. Гэта дало нагоду Турэччыне, якая разам зь Вялікабрытаніяй і Грэцыяй гарантавала незалежнасьць вострава, пачаць уварваньне на падставе абароны турэцка-кіпрскай меншасьці.
Урад Грэцыі быў вымушаны перайсьці да мабілізацыі. Наяўнасьць у грамадзянаў зброі дазволіла грэцкім афіцэрам, прыхільным дэмакратычнага ладу, патрабаваць ад рэжыму перадачы ўлады цывільнаму кіраўніцтву.
23 ліпеня 1974 року пад пагрозаю набліжэньня да Атэнаў армейскага корпусу хунта была вымушаная перадаць кіраваньне цывільнаму ўраду[2].
1 жніўня 1974 року было адноўленае дзеяньне Канстытуцыі 1952 року, вернутыя грамадзянскія правы і цывільны кантроль над войскам. У верасьні 1974 року была адноўлена дзейнасьць палітычных партыяў. У кастрычніку быў скасаваны надзвычайны стан. 17 лістапада адбыліся парлямэнцкія выбары. 8 сьнежня адбыўся рэфэрэндум з пытаньнем пра рэстаўрацыю манархіі. Большасьць насельніцтва выказалася на карысьць рэспублікі, кароль Канстантын ІІ быў пазбаўлены стальцу.
У чэрвені 1975 року была прынятая новая канстытуцыя, а Грэцыя абвешчаная парляманцкаю рэспублікаю. Кіраўнікі путчу 21 красавіка 1967 року паўсталі перад судом улетку 1975 року. Яны былі асуджаныя да расстрэлу за здраду айчыне, пасьля гэтае пакараньне было замененае пажыцьцёвым зьняволеньнем.
Кіраўнікі хунты Стыліянас Патакас і Нікаляас Макарэзас заявілі, што раскайваюцца ва ўчыненым, і былі вызваленыя з-пад варты ў 1990 року. Галоўны правадыр хунты Георгіяс Пападопуляс ад амністыі на ўмовах пакаяньня ў сваім учынку адмовіўся. Ён сканаў ад раку ў 1999 року ў 80-гадовым узросьце.
Дымітрыяс Яанідыс пражыў найдаўжэй — да 2010. Ён ня стаў каяцца ў злачынствах, і грэцкі суд адмовіў яму ў памілаваньні ў верасьні 2008 року[3].