Саве́цкая акупа́цыя Балты́йскіх дзяржа́ваў — акупацыя Латвіі, Летувы і Эстоніі Савецкім Саюзам, якая адбылася ў 1940 року пасьля заключэньня з гэтымі дзяржавамі актаў пра ўзаемадапамогу ў 1939 року. Паводле гэтых актаў савецкія ўлады займелі магчымасьць разьмяшчаць на тэрыторыі Прыбалтыкі вайсковыя базы. Улетку 1940 року сілы Чырвонай арміі змусілі кіраўнікоў краіны сысьці з пасадаў. Прэзыдэнты Латвіі і Эстоніі былі арыштаваныя і пазьней загінулі ў ссылцы. Замест легітымнага кіраўніцтва былі створаныя марыянэткавыя ўрады, якія і правялі сфальсыфікаваныя выбары ў «народныя сходы», якія ўрэшце прагаласавалі за далучэньне да СССР.
Паводле пакту Молатава — Рыбэнтропа ў сфэру ўплыву Савецкага Саюзу трапілі і балтыйскія дзяржавы. СССР запатрабаваў ад іх заключэньня дамоваў пра ўзаемадапамогу. Падставай для ўльтыматуму эстонскаму міністру замежных справаў 24 верасьня 1939 року стаў сыход польскай падводнай лодкі «Арол» з Таліну 18 верасьня. Саветы абвінавацілі Эстонію ў ненэўтральнасьці і запатрабавалі падпісаньня дамовы пра ўзаемадапамогу з мэтаю заснаваньня ў Эстоніі вайсковых базаў[1][2]. Эстонцы былі вымушаныя пагадзіцца і 28 верасьня 1939 року падпісалі пагадненьне, якое прадугледжвала заснаваньне савецкіх марскіх, авіяцыйных і сухапутных вайсковых базаў на двух эстонскіх астравох і ў порце Палдыскі[1].
5 і 10 кастрычніка 1939 року падобныя пагадненьні падпісалі адпаведна Латвія і Летува. Савецкі Саюз атрымаў магчымасьць з кастрычніка разьмясьціць у Латвіі 30 000 вайскоўцаў, у Летуве — 20 000 і 25 000 у Эстоніі, а таксама трымаць вайсковыя базы ў Прыбалтыцы цягам усяе вайны ў Эўропе[2].
Фінляндыя адмовіла аналягічным патрабаваньням, з-за чаго СССР у лістападзе напаў на яе. У выніку вайны Фінляндыя страціла частку тэрыторыі, але захавала сувэрэнітэт. Балтыйскія дзяржавы ў гэтым канфлікце захоўвалі нэўтралітэт, што Саветы назвалі прыкладнымі паводзінамі[3].
Саветы разгарнулі на межах балтыйскіх дзяржаваў войскі (з улікам разгорнутых на ўнутрыдзяржаўных базах) колькасьцю 435 000 чалавек, каля 8000 гарматаў і мінамётаў, больш за 3000 танкаў і 500 бронемашынаў[4]. 9 чэрвеня Сямён Цімашэнка аддаў загад войскам Ленінградзкай вайсковай акругі падрыхтавацца 12 чэрвеня быць гатовымі:
12 чэрвеня савецкі Балтыйскі флёт пачаў высоўвацца на пазыцыі ў Балтыйскім моры, Рыскай і Фінскай затоках. У марской блякадзе былі задзейнічаныя 120 суднаў, у тым ліку крэйсэр, сем эсьмінцаў, 17 падлодак, а паветраную падтрымку складалі 219 самалётаў, сярод якіх 84 бамбавікі[6]. Паколькі заходні сьвет сачыў за падзеньнем Парыжу нацыстам, блякада Эстоніі ня выклікала ніякой рэакцыі. Пры гэтым савецкія зьнішчальнікі зьбілі фінскі пасажырскі самалёт «Калева», які вёз амэрыканскую дыпляматычную пошту з Таліну ў Хельсынкі. У катастрофе загінуў супрацоўнік амэрыканскай амбасады Генры Антэйл-малодшы.
Масква абвінаваціла балтыйскія краіны ў змове супраць Савецкага Саюзу і выставіла ім ультыматумы з патрабаваньнем новых саступак, сярод якіх было абраньне новых урадаў і допуск на сваю тэрыторыю неабмежаванай колькасьці войскаў. Пры адмове выканаць патрабаваньні пагражала вайсковае ўварваньне. Апынуўшыся ў міжнароднай ізаляцыі і з войскамі на сваіх граніцах, балтыйскія дзяржавы вырашылі не чыніць вайсковага супраціву з мэтай пазьбегнуць дарэмнага крывапраліцьця[7]. 15 чэрвеня Чырвоная армія ўвайшла ў Летуву, 16 чэрвеня — у Латвію і Эстонію.
Амаль усе войскі і тэрытарыяльная абарона Эстоніі на загад эстонскага ўраду не аказалі супраціву і былі абяззброеныя Чырвонай арміяй[8][9]. 21 чэрвеня 1940 року толькі разьмешчаны на вуліцы Раўа ў Таліне незалежны батальён сувязі паспрабаваў супрацьстаяць Чырвонай арміі і камуністычнай міліцыі[10]. Бальшавікі выклікалі на дапамогу шэсьць браневікоў, і пасьля некалькіх гадзінаў супрацьстаяньня сувязны батальён здаўся і быў раззброены.
На акупаванай тэрыторыі балтыйскіх дзяржаваў адразу пачаліся рэпрэсіі і масавыя дэпартацыі, якія цягнуліся да ўварваньня Нямеччыны.
Саветы пачалі пераўладкоўваць палітычныя сыстэмы трох дзяржаваў, першым чынам сфармаваўшы пераходныя «часовыя ўрады»[11]. Законныя прэзыдэнты і ўрады пад ціскам «народных сходаў» і прысланых Сталінам эмісараў[a] вымушаныя былі скласьці паўнамоцтвы. 14-15 ліпеня адбыліся выбары ў «народныя сходы», прычым законы былі незаконна зьмененыя такім чынам, каб удзел у выбарах маглі ўзяць толькі камуністы ды іхнія прыхільнікі[12]. Вынікі выбараў былі сфальсыфікаваныя і зьявіліся ў друку яшчэ да закрыцьця выбарчых участкаў[13][14]. Абраныя «народныя сходы» сабраліся 21 ліпеня толькі дзеля таго, каб адзінагалосна прагаласаваць за ўваход у склад Савецкага Саюзу. У пачатку жніўня Вярхоўны Савет СССР «ухваліў» усе тры запыты. З пункту гледжаньня савецкага боку, у балтыйскіх дзяржавах адбыліся сацыялістычныя рэвалюцыі, пасьля чаго яны добраахвотна ўвайшлі ў склад СССР.
Урады балтыйскіх дзяржаваў працягнулі дзейнасьць у выгнаньні ў Лёндане і заставаліся прызнанымі заходнімі дзяржавамі. Са здабыцьцём незалежнасьці савецкіх рэспублік гэтыя ўрады вярнуліся і ўліліся ў наваствораныя дзяржаўныя інстытуцыі.