Савецкі партызанскі рух у Беларусі

Партызанскія брыгады і злучэньні на тэрыторыі БССР (1942—1944)

Савецкі партызанскі рух у Беларусі падчас Другой сусьветнай вайны — партызанскі рух, частка агульнага савецкага партызанскага руху, які дзейнічаў супраць нямецкіх акупацыйных уладаў й іх хаўрусьнікаў на тэрыторыі БССР у 1941—1944 гг. Асноўнымі арганізатарамі партызанскага руху зьяўляліся супрацоўнікі НКУС з аднаго боку і камуністы, беспартыйныя актывісты, былыя жаўнеры і камандзіры Чырвонай Арміі з другога боку.

У разьвіцьці беларускага партызанскага руху можна ўмоўна вылучыць некалькі этапаў:

  • Першы этап (чэрвень 1941 — лістапад 1942) — пачатковы пэрыяд арганізацыі і разьвіцьця партызанскага руху
  • Другі этап (лістапад 1942 — сьнежань 1943) — пэрыяд масавага разьвіцьця партызанскага руху
  • Трэці этап (сьнежань 1943 — ліпень 1944) — заключны пэрыяд партызанскага руху

Сацыяльная база партызанскага руху ў Беларусі ў 1941 наогул адпавядала сацыяльнай базе руху ў іншых рэгіёнах СССР.

Першыя атрады ў БССР: «Старасельскі» (кам. маёр Дародных), Жабінкаўскі раён, 23.6.1941; атрад пад кам. В. Каржа, Пінск, 26.6.1941 і інш.

Як і наогул у СССР, кіраўніцтва партызанскім рухам у БССР забрала камуністычная партыя (КП(б)Б). У разьвіцьцё дырэктывы ЦК УКП(б) ад 29.6.1941 былі выдадзеныя дырэктывы ЦК КП(б)Б №1 «Аб пераходзе на падпольную работу партыйных арганізацый раёнаў, занятых ворагам», у якой ставілася задача тэрміновага стварэньня падпольля, вызначаліся яго задачы і формы будовы, і наогул, прадугледжвалася, што падпольны і партызанскі рух будуць дзейнічаць пад кантролем закансьпіраваных партыйных структур, і №2 «Аб разгортваньні партызанскай вайны ў тыле ворага» (1.7.1941), у якой вызначаліся задачы па стварэньні партызанскага руху, даваліся канкрэтныя ўказаньні па формах арганізацыі, мерах кансьпірацыі, сродках сувязі і інш. Нарадай ЦК КП(б)Б (1.7.1941) было пастаноўлена скіраваць у германскі тыл 1215 партыйных работнікаў для агітацыі і арганізацыі партызанскага руху. Ствараліся абласныя, міжраённыя і раённыя партыйныя камітэты, тройкі, цэнтры і інш. У 89 раёнах усходніх вобласьцяў былі пакінутыя для арганізацыі падпольных партыйных структур 8,5 тыс. камуністаў і больш за 5 тыс. камсамольцаў[1].

16 ліпеня 1944 году на гарадзкім гіпадроме Менску правялі парад каля 30 000 савецкіх партызанаў са зброяй і баявымі сьцягамі. Пасьля параду партызаны здалі сваю зброю ў Беларускі дзяржаўны музэй гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і ўступілі ў Чырвоную армію[2].

Падрыхтоўка да партызанскай барацьбы на выпадак нападу нацысцкай Нямеччыны пачалася яшчэ ў 1930-я. Яна ўключала стварэньне закансьпіраванай сеткі дыверсійных груп, дывэрсантаў-адзіночак у гарадах і на чыгунках на захадзе ад лініі ўмацаваных раёнаў, арганізацыю і падрыхтоўку манэўраных партызанскіх атрадаў і груп, забесьпячэньне партызанскіх фармаваньняў сродкамі сувязі і іншымі матэрыяламі, неабходнымі для барацьбы і жыцьця ва ўмовах тылу. На тэрыторыі Беларусі падрыхтоўкай да партызанскіх дзеяньняў займаліся партыйныя органы і камандуючы войскамі Беларускай ваеннай акругі І. П. Убарэвіч[3].

29 чэрвеня 1941 была выдадзеная сакрэтная дырэктыва СНК СССР і ЦК ВКП(б), у якой гаварылася, што «Ў занятых ворагам раёнах ствараць партызанскія атрады і групы для барацьбы з часьцямі варожай арміі, для распальваньня партызанскай вайны ўсюды скрозь. для ўзрыву мастоў, дарог, псаваньня тэлефоннай і тэлеграфнай сувязі, падпалу складоў і г. д. У захопленых ворагам раёнах ствараць невыносныя ўмовы для ворага і ўсіх яго пасобнікаў, перасьледаваць і зьнішчаць іх на кожным кроку, зрываць усе іх мерапрыемствы»[4].

У першым пэрыядзе вайны, да стварэньня Цэнтральнага штаба партызанскага руху (ЦШПР), партызанскія фармаваньні, якія дзейнічалі ў паласах франтоў і армій, мелі розную падпарадкаванасьць: імі кіравалі партыйныя (ЦК КП(б)Б, абкамы партыі), вайскоўцы (ваенныя саветы франтоў і армій, франтавыя штабы партызанскага руху), органы НКУС і г. д.[5]

Выконваючы заклік Масквы, партыйныя камітэты БССР на працягу ліпеня — жніўня 1941 г., адначасова з фармаваньнем сеткі падпольных партыйных органаў і арганізацыяў у раёнах, якім пагражала акупацыя, падабралі і накіравалі на акупіраваную тэрыторыю сотні арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху. Для арганізацыйнай барацьбы ў тыле ворага былі накіраваны 215 камуністаў, у тым ліку восем сакратароў абкамаў, 120 сакратароў гаркамаў партыі. У тэрміновым парадку ствараліся арганізатарскія і дывэрсійныя групы, невялікія партызанскія аддзелы. Усяго да канца 1941 было ўтворана 437 такіх груп і аддзелаў, якія налічвалі больш за 7,2 тыс. чал.[6]

Аднак у сувязі з хуткім прасоўваньнем нямецкіх войскаў на ўсход СССР і запозьненым прыняцьцем савецкім кіраўніцтвам рашэньня на разгортваньне партызанскай вайны фармаваньне аддзелаў і груп на пачатку вайны адбывалася ва ўмовах жорсткага дэфіцыту часу, без належнага кадравага і матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня, неабходнай баявой падрыхтоўкі асабовага складу. З 92-х аддзелаў, якія дзейнічалі ў другой палове 1941 на акупаванай тэрыторыі Беларусі, 42 да канца згаданага пэрыяду па розных прычынах спынілі сваё існаваньне[7][8][9].

Паводле рашэньня ЦК КП(б)Б быў створаны і ў красавіку—лістападзе 1942 году дзейнічаў г. зв. Асобны беларускі збор — спэцыяльныя курсы падрыхтоўкі арганізатараў партызанскага руху для дзеяньня на тэрыторыі Беларусі. Разьмяшчаліся курсы каля г. Мурам Уладзімерскай вобласьці. Адборам асабовага складу, фармаваньнем груп і аддзелаў займаўся ЦК КП(б)Б. Праграма навучаньня распрацаваная ў ЦК КП(б)Б і зацьверджана Наркаматам абароны СССР. Першы выпуск адбыўся ў сярэдзіне чэрвеня 1942 году: сфармавана 12 партызанскіх аддзелаў (у кожным па 50 чал; у тым ліку інструктары мінна-падрыўной справы, падрыўнікі, камандзіры, камісар, начальнік штаба). На пачатку ліпеня 1942 году ўсе аддзелы праз «Віцебскія вароты» перапраўлены на акупаваную тэрыторыю Беларусі. Аддзелы «Бясстрашны», «Хуткі», «Навальніца», «Мсьцівец» накіраваны ў Віцебскую вобласьць; атрады «Бура», «Гвардзеец», «Зьнішчальнік», «Сьмерць фашызму» — у Менскую, «Бальшавік», «За Радзіму», «Перамога» — у Магілёўскую, атрад «Меч» — у Гомельскую. Падрыхтаваных на зборы арганізатараў партызанскага руху перапраўлялі ў тыл ворага разам з дыверсійнымі групамі. Аддзелы і групы, забясьпечаныя рацыямі, наладжвалі сувязь з партызанскімі атрадамі і падпольнымі арганізацыямі. За час існаваньня Асобага беларускага збору падрыхтавана 2865 чалавек. Зь іх сфармаваныя і накіраваныя ў тыл ворага 15 аддзелаў і 100 арганізатарскіх груп агульнай колькасьцю асабовага складу ў 2378 чалавек; у тым ліку 60 інструктараў мінна-падрыўной справы і 2318 падрыўнікоў. Многія аддзелы вырасьлі ў партызанскія брыгады.

За гады барацьбы партызанамі было падарвана больш за 300 тыс. рэек і пушчана пад адхон 11 128 нямецкіх эшалонаў з жывой сілай і баявой тэхнікай[10].

Вайсковае кіраўніцтва партызанскім рухам у БССР ажыцьцяўлялася ЦК КП(б)Б да сакавіка 1942, Паўночна-заходняй апэратыўнай групай ЦК КП(б)Б да 30.5.1942, Цэнтральным штабам партызанскага руху (30.5.1942—13.1.1944) і Беларускім штабам партызанскага руху (9.9.1942—14.11.1944).

На канец чэрвеня 1941 на акупаванай тэрыторыі БССР дзейнічалі 4 партыз. атрады (без уліку стыхійна ўзьніклых партыз. груп), на канец ліпеня — 35, на канец жніўня — 61[11].

Магчыма, што ў БССР за 2-ю палову 1941 былі стыхійна былі створаны каля 60 аддзелаў. Пад кіраўніцтвам ЦК КП(б)Б за 1941 у БССР былі сфармаваныя ад 250 да 430 арганізатарскіх аддзелаў і арганізатарскіх і дывэрсійных груп (ад 7,2 да зв.8 тыс.ч.)[1][6][12].

У канцы 1941 дзейнічалі 99 атрадаў і каля 100 партызанскіх групаў[a][13][14].

Зімой 1941/1942 дзейнічалі 50 аддзелаў і каля 50 падпольных арганізацыяў і групаў[12].

За 1942 ЦК КП(б)Б скіраваў у Беларусь 14 атрадаў і 92 арганізатарскія групы (2600 ч.) з выпускаў Асобага беларускага збору. Са спэцыяльных школаў ЦШПР (падрыўнікі, радысты, сувязныя, разьведчыкі) у Беларусь былі скіраваныя 175 дыверсійных груп (2077 ч.)[15].

На пач. лістапада 1942 дзейнічалі 417 злучэньняў (зв. 47,3 тыс.ч.), зь іх 74% на Віцебшчыне і Меншчыне, а ў заходніх вобласьцях некалькі дзясяткаў злучэньняў[16].

На пач. студзеня 1943 дзейнічалі 56 брыгад (220 атрадаў) і 292 асобных аддзелаў (у тым ліку ў заходніх вобласьцях 60 атрадаў). Агульная колькасьць байцоў 56 тыс.ч. (у тым ліку ў заходніх вобласьцях 11,1 тыс.ч.). У партызанскім рэзэрве было 150 тыс. ч.[17]

За 1943 у Беларусь былі скіраваны 13 атрадаў і 111 арганізатарскіх і дывэрсійных груп (звыш 1900 ч.). У ліку прысланых спэцыялістаў пераважалі інструктары мінна-падрыўной справы і падрыўнікі[18].

Наогул, колькасны рост за 1943 склаў 96 тыс.ч.[b], зь іх 85% складалі мясцовыя жыхары. У колькасны прырост уваходзілі 12 тыс.ч. з акупацыйных ваенна-паліцэйскіх фармаваньняў, якія перайшлі на бок савецкіх партызанаў[19].

У канцы сьнежня 1943—153,7 тыс. байцоў, зь іх 36,8 тыс. у заходніх вобласьцях[c][20]. З гэтай агульнай колькасьці 30,8 тыс. ужо знаходзіліся на савецкім баку фронту пасьля прасоўваньня лініі фронту на захад у час вызваленьня ўсходніх земляў Беларусі ў канцы 1943. Партызанскі рэзэрв на пачатак 1944 складаў каля 105 тыс.ч.

Вайсковыя злачынствы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Летам 1942 ЦШПР паставіў партызанскім сілам задачу масавага зьнішчэньня мясцовай адміністрацыі і «здраднікаў». Рэальна ў лік такіх траплялі ня толькі работнікі адміністрацыі, але і іх сем’і, вясковыя старосты, школьныя настаўнікі і нават сяляне, якія ўзялі зямлю пры разьдзеле калгасаў — гэтыя катэгорыі склалі да 70% забітых савецкім падпольлем і партызанамі цывільных грамадзян.

Адным зь вядомых вайсковых злачынстваў, зьдзейсьненых савецкімі партызанамі ў Беларусі, зьяўляецца разьня ў Налібаках. 8 траўня 1944 году атрад савецкіх партызанаў забіў 128 жыхароў вёскі, у тым ліку жанчын і дзяцей, за супрацоўніцтва з Арміяю Краёвай. Пасьля разьні злачынцы таксама разрабавалі вёску, забраўшы 100 кароў і 70 коней.

Разьня ў Конюхах — забойства савецкімі партызанамі польскіх, летувіскіх і беларускіх жыхароў мястэчка Конюхі, якое знаходзілася ў этнічных беларускіх межах. У выніку разьні партызаны забілі 38 чалавек, у тым ліку жанчыны і дзеці (самому малодшаму зь якіх было менш 2-х гадоў).

  1. ^ Паводле няпоўных зьвестак.
  2. ^ Толькі ў Менскай вобл. — зв. 22 тыс.ч.
  3. ^ У тым ліку 282 аддзелы на захадзе.
  1. ^ а б Каваленя А.А. і інш. 2004. С. 108.
  2. ^ Вераніка Канюта. Збройнае майстэрства па-партызанску // Зьвязда : газэта. — 8 красавіка 2014. — № 64 (27674). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ Лемяшонак, У. Партызанскі рух у Вялікую Айчынную вайну // ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. — С. 413
  4. ^ Коммунистическая партия Советского Союза в резолюциях съездов, конференций и пленумов ЦК (1898—1971). Т. 6. — М., 1971. — С. 19.
  5. ^ Андрианов, В. Оперативное использование партизанских сил // Военно-исторический журнал. — 1969. — № 9. — С. 22.
  6. ^ а б А.Т. Кузьмин 1983. С. 84, 112.
  7. ^ История партизанского движения в Российской Федерации в годы Великой Отечественной войны 1941—1945 / Правительство Москвы [и др.; под общей ред. Б. Т. Шумилина]. — М.: Атлантида-XXI век—ИздАТ, 2001. — 229, [2] с. — С. 15. — ISBN 5-93238-051-9 (Атлантида — ХХІ век в переплете). ISBN 5-86656-115-8 (ИздАТ)
  8. ^ Літвін, А. Цэнтральны штаб партызанскага руху і Беларусь. Да 65-й гадавіны з дня стварэння / А. Літвін // Беларускі гістарычны часопіс. — 2007. — № 5. — С. 4
  9. ^ Партизанские формирования Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 ― июль 1944): краткие сведения об организационной структуре партизанских соединений, бригад (полков), отрядов (батальонов) и их личном составе / [А. Л. Манаенков и др.]; Институт истории партии при ЦК КП Белоруссии ― филиал Института марксизма-ленинизма при ЦК КПСС. — Мн.: Беларусь, 1983. — 763, [2] с. — С. 20.
  10. ^ Брюханов А. И. В штабе партизанского движения. — Мн.: Беларусь, 1980. — 256 с. — 50 000 ас.
  11. ^ Партизанское движение в Белоруссии // матэрыял Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь.
  12. ^ а б Гісторыя Беларусі, т. 5 2006. С. 491.
  13. ^ А.Т. Кузьмин 1983. С. 107.
  14. ^ Гісторыя Беларусі, т. 5 2006. С. 493.
  15. ^ Каваленя А.А. і інш. 2004. С. 135.
  16. ^ А.Т. Кузьмин 1984. С. 40.
  17. ^ Каваленя А.А. і інш. 2004. С. 136, 137.
  18. ^ Гісторыя Беларусі, т. 5 2006. С. 498.
  19. ^ Каваленя А.А. і інш. 2004. С. 136.
  20. ^ Каваленя А.А. і інш. 2004. С. 137.
  • Каваленя А., Лемяшонак У., Далгатовіч Б. і інш. Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны): вучэбны дапаможнік для студэнтаў устаноў, якія забяспечваюць атрыманне вышэйшай адукацыі / Пад рэд. А. Кавалені, М. Сташкевіча. — Мн.: Выдавецкі цэнтр БДУ, 2004. — 279 с.
  • А.Т. Кузьмин. Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны. — Мн.: Беларусь, 1983. — Т. 1.
  • А.Т. Кузьмин. Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны. — Мн.: Беларусь, 1984. — Т. 2.
  • А.Т. Кузьмин. Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны. — Мн.: Беларусь, 1985. — Т. 3.
  • Гісторыя Беларусі / М. Касцюк (гал. рэдактар) і інш.. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2006. — Т. 5. Беларусь у 1917—1945 гг.. — 613 с. — ISBN 985-469-149-7

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]