Садыё Манэ | ||
Пэрсанальная інфармацыя | ||
---|---|---|
Нарадзіўся | 10 красавіка 1992[1][2][3] (32 гады) | |
Рост | 174 см | |
Вага | 70 кг | |
Пазыцыя | нападнік | |
Клюбная інфармацыя | ||
Клюб | Аль-Наср | |
Нумар | 10 | |
Клюбы | ||
Гады | Клюб | Гульні (галы)¹ |
2012 2012—2014 2014—2016 2016—2022 2022—2023 2023— |
Мэц Рэд Бул Саўтгэмптан Лівэрпул Баварыя Аль-Наср |
22 (2) 63 (31) 67 (21) 196 (90) 25 (7) 43 (16) |
Зборныя | ||
2012— | Сэнэгал | 107 (43) |
¹ Колькасьць гульняў і галоў за прафэсійны клюб лічыцца толькі |
Садыё Манэ́ (па-француску: Sadio Mané; нарадзіўся 10 красавіка 1992 году, Сэдыю, Сэнэгал) — сэнэгальскі футбаліст, паўабаронца саудаўскага клюбу «Аль-Наср» і нацыянальнай зборнай Сэнэгалу.
У 2011 годзе Манэ далучыўся да «Мэца», які меў партнэрства з «Жэнэрасьён Футам»[5]. Дэбют гульца прыпаў на 14 студзеня 2012 году, калі Кевін Дыяс быў зьменены на сэнэгальца на 75-й хвіліне, але дружына трывала хатнюю паразу зь лікам 0:1 у Лізе 2[6]. Манэ зьявіўся на пляцоўцы ў сэзоне 19 разоў, але адзначыўся голам толькі аднойчы. «Мэц» тым часам быў вымушаны апусьціцца ў лігу ніжэй.
31 жніўня 2012 году Манэ перайшоў у аўстрыйскі «Рэд Бул», як мяркуецца, за 4 млн эўра[7]. Цікавасьць да гульца выказваў сам спартовы дырэктар «Рэд Бэла» Ральф Рангнік[8]. 31 кастрычніка ён зарабіў свой першы хет-трык у колерах клюбу у гасьцявым матчы супраць «Кальсдорфу» (3:1) ў трэцім раўндзе розыгрышу Кубка Аўстрыі.
1 верасьня 2014 году Манэ быў выкуплены ангельскім «Саўтгэмптанам» за 11,8 млн фунтаў стэрлінгаў[9]. Дэбютаваў гулец за новы клюб 23 верасьня ў пераможным матчы на Кубак лігі супраць «Арсэналу» зь лікам 2:1. 27 верасьня гулец зьявіўся ў матчы чэмпіянату ў кашулі «сьвятых» і запісаў на свой рахунак асыстэнцкі пункт у матчы супраць «Кўінз Парк Рэйнджарз»[10]. Свой першы гол гулец забіў 18 кастрычніка ў пераможным матчы супраць «Сандэрлэнду» (8:0), але ў афіцыйнай справаздачы гол быў улічаны як аўтагол Патрыка ван Аангальта. Тым ня менш, праз тыдзень усё ж такі афіцыйна быў адзначаны першы трапны стрэл гульца ў матчу супраць «Сток Сіці», што забясьпечыла перамогу «сьвятых» зь лікам 1:0[11]. 16 траўня, падчас апошняга хатняга матчу ў сэзоне «Саўтгэмптана», Манэ зарабіў тры галявых пункта за 2 хвіліны 56 сэкундаў у пераможным матчы супраць «Астан Вілы» зь лікам 6:1, усталяваўшы новы рэкорд Прэм’ер-лігі як самы хуткі хет-трык. Разам з клюбам футбаліст браў удзел у эўракубках. У наступным пад кіраўніцтвам новага галоўнага трэнэра Рональда Кумана Манэ сутыкнуўся з праблемамі. На сутыку 2015 і 2016 гадоў нападнік чатыры месяцы ня мог здабыць ані гола ў лізе. Да таго ж, 2 студзеня ён быў выкрасьлены з пачатковага складу Куманам у матчы супраць «Норыдж Сіці», калі спазьніўся на перадматчавую сустрэчу[12]. Аднак у канчатку сэзону гулец двойчы пацэліў у браму «Лівэрпулу» ў пераможным матчы, які скончыўся зь лікам 3:2, а таксама зладзіў хет-трык у матчы супраць «Манчэстэр Сіці» (4:2)[13]. Сэнэгалец скончыў сэзон як галоўны бамбардзір «Саўтгэмптана», маючы на рахунку 15 галоў ва ўсіх спаборніцтвах.
28 чэрвеня 2016 году Манэ далучыўся да табару «Лівэрпулу», які выдаткаваў на набыцьцё нападніка 34 млн фунтаў стэрлінгаў за пяцігадовы кантракт. Такая сума зрабіла гульца найдаражэйшым афрыканскім гульцом у гісторыі на той час[14][15]. 14 жніўня ён дэбютаваў у Прэм’ер-лізе за «чырвоных», трапна стрэліўшы ў гасьцявым матчы супраць «Арсэналу» (3:4) і, такі чынам, здабыўшы важную перамогу для клюбу[16]. Прапусьціўшы праз траўму пляча матч супраць «Бэрнлі», дзе «чырвоныя» трывалі паразу», Манэ павярнуўся да дружыны ў сустрэчы з «Бэртан Альбіёнам» у Кубку лігі, дзе ён двойчы асыставаў партнэрам у пераможным зь лікам 5:0 матчы[17]. 20 красавіка 2017 году Манэ быў абраны ў дружыну году ПФА, бо меў на сваім рахунку 13 галоў у сваім першым сэзоне зь «Лівэрпулам»[18]. Не зважаючы на тое, што нападнік прапусьціў апошнюю частку сэзону праз траўму, 9 траўня 2017 году Манэ быў абраны найлепшым гульцом клюбу[19].
У першым матчы новага сэзону 12 жніўня 2017 году супраць «Ўотфарда», Манэ забіў першы гол у сэзоне, а дружына згуляла ўнічыю зь лікам 3:3. Сэнэгалец быў абраны гульцом месяцу Прэм’ер-лігі пасьля таго, як пацэльваў у браму супернікаў у кожным з трох матчаў «чырвоных» у жніўні[20]. 9 верасьня 2017 году гулец атрымаў наўпрост чырвоную картку за небясьпечную гульню супраць брамніка «Манчэстэр Сіці» Эдэрсана (5:0)[21]. У выніку дыскваліфікацыя была падоўжаная да трох матчаў[22]. Чацьвёрка Манэ, Магамэд Саляг, Рабэрту Фірміну і Філіпэ Каўтыньню склала плённы атакуючы квартэт і была накліканая «Пекнай чацьвёркай» (анг. Fab Four), а калі ў сярэдзіне сэзону Каўтыньню сышоў з дружыны — «Пекнай тройкай» (анг. Fab Three)[23]. 14 лютага 2018 году Манэ зарабіў свой першы хет-трык за «Лівэрпул» у матчы 1/16 фіналу Лігі чэмпіёнаў супраць «Порту». Такім чынам, ён стаў толькі другім гульцом клюбу, які зьдзейсьніў хет-трык «Лівэрпулу» ў Эўропе[24]. Пазьней, 14 красавіка трапна пацэліўшы ў браму «Борнмута» гулец пераўзышоў рэкорд Дэмба Ба ў 43 голы ў ангельскім чэмпіёнаце і стаўся самым выніковым сэнэгальцам у Прэм’ер-лізе. 22 лістапада 2018 году Манэ склаў новую доўгатэрміновую ўгоду зь «Лівэрпулам»[25]. 10 сакавіка 2019 году нападнік двойчы забіў у гульні супраць «Бэрнлі», дзе лівэрпульцы выгулялі суперніка зь лікам 4:2, а другі мяч стаўся ягоным 50-м голам у колерам «чырвоных»[26]. Другі сэзон запар сэнэгальца ўлучылі ў сьпіс найлепшых гульцоў чэмпіянату поруч з таварышамі Трэнтам Аляксандар-Арнальдам, Эндру Робэртсанам і Вірджылам ван Дэйкам[27]. У апошнім туры розыгрышу Манэ двойчы вынікова стрэліў у пераможным матчы супраць «Ўулвэргэмптану» (2:0), чым павялічыў колькасьць галоў на сваім рахунку да 22. Дзякуючы гэтаму разам з Магамэдам Салягам і П’ер-Эмэрыкам Абамэянгам стаўся найлепшым бамбардзірам Прэм’ер-лігі[28]. 1 чэрвеня разам зь «Лівэрпулам» гулец здабыў перамогу ў розыгрышы Лігі чэмпіёнаў, але галоў у фінале не забіваў.
14 жніўня 2019 году Манэ двойчы адзначыўся ў фінале Супэркубка УЭФА 2019 году ў матчы супраць «Чэлсі», дзе мэрсысайдцы здабылі тытул паводле вынікаў сэрыі пэнальці 5:4 пасьля нічыі 2:2 у асноўны час. Манэ быў абраны найлепшым гульцом матчу. Празь месяц ён двойчы пацэліў у браму «Ньюкасл Юнайтэд», што дапамагло клюбу здабыць перамогу зь лікам 3:1. У сваім 100-м матчы ў Прэм’ер-лізе за «Лівэрпул» 5 кастрычніка Манэ трапна паклаў свой 50-ы гол за «чырвоных» у матчы супраць «Лэстэр Сіці» (2:1). 7 студзеня 2020 году спартовец быў абраны футбалістам году ў Афрыцы[29], то бок стаўшы другім сэнэгальцам у гісторыі[30]. Паводле вынікаў сэзону 2019—2020 гадоў клюб здабыў тытул чэмпіёну Ангельшчыны ўпершыню з 1990 году. 20 верасьня 2020 году Манэ распачаў сэзон 2020—2021 гадоў дублем у матчы супраць «Чэлсі», які скончыўся перамогай мэрсысайдцаў зь лікам 2:0. 2 кастрычніка 2020 году тэставаньне Манэ на каранавірус дало станоўчы вынік[31]. Улічваючы слабую форму футбаліста і ўсёй дружыны, Манэ заявіў, што сэзон 2020—2021 гадоў стаў найгоршым сэзонам у ягонай кар’еры[32]. 18 верасьня 2021 году Манэ пацэліў свой 100-ы гол у складзе «Лівэрпула» ў хатнім матчы супраць «Крыстал Пэлас» (3:0). А ўжо 16 кастрычніка ў сустрэчы з «Ўотфардам» сэнэгалец здабыў свай 100-ы гол у матчах Прэм’ер-лігі, што зрабіла яго трэцім пасьля Дыд’е Драгба і Магамэда Саляга афрыканцам у гісторыі. 10 красавіка 2022 году, у свой 30-ы дзень нараджэньня, Манэ забіў гол у браму «Манчэстэр Сіці» (2:2)[33]. Сэнэгалец дапамог дружыне ў матчах паўфіналу Кубка Ангельшчыны, але ў фінале ў сэрыі пасьляматчавых пэнальці замарнаваў свой стрэл, што, аднак, не перашкодзіла мэрсысайдцам здабыць тытул. 3 траўня ён адзначыўся пераможным голам у гасьцявым пераможным матчы супраць «Вільярэалу» (3:2) ў паўфінале Лігі чэмпіёнаў, што забясьпечыла ангельцам месца ў фінале[34]. У галоўным матчы турніру, аднак, «Лівэрпул» трываў паразу зь лікам 1:0 ад «Рэалу»[35].
22 чэрвеня 2022 году Манэ далучыўся да табару нямецкай «Баварыі» і паводле дамовы гулец будзе знаходзіцца ў складзе баварцаў да 30 чэрвеня 2025 году[36]. Паведамлялася, што пераможца Бундэсьлігі выдаткаваў 32 млн эўра, але патэнцыйна сума можа быць павялічаная да 41 млн эўра пры дасягеньні некаторых паказчыкаў выступаў гульца і дасягненьняў дружыны[37]. 30 ліпеня 2022 году спартовец дэбютаваў за клюб у матчы Супэркубка Нямеччыны, дзе трапна стрэліў у браму «РБ Ляйпцыга», а клюб здабыў перамогу зь лікам 5:3[38]. Праз тыдзень рушыў дэбюь гульца ў Бундэсьлізе, дзе таксама адзначыўся голам у вынішчальным матчы супраць франкфурцкага «Айнтрахту» (6:1).
«Рэд Бул»:
«Лівэрпул»:
«Баварыя»:
Сэнэгал: