Герб Кміцічаў Радзіч | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 1630 Бабінічы, пад Воршай |
Памёр | 13 красавіка 1692 |
Род | Кміцічы |
Жонка | Ганна Кантакузэн |
Дзейнасьць | вайсковец, палітык |
Самуэль Кміціч, Самуэль Кміціц, Самуэль Кміцец (па-польску: Samuel Kmicic; 1630, Бабінічы, пад Воршай — 13 красавіка 1692) — адзін з самых таленавітых вайскоўцаў Вялікага княства Літоўскага, палкоўнік, харунжы аршанскі. Прымаў актыўны ўдзел у войнах Рэчы Паспалітай з Расеяй і Швэцыяй. У 1660 року дывізія Сапегі абвясьціла канфэдэрацыю й прызначыла Кміціча "генэральным палкоўнікам".
Паходзіў Самуэль Кміціч з аршанскай шляхты. Прозьвішча Кміціч (ці Кміціц) паходзіла ад слова "кмет" (ці "кмець"), што ў Сярэднявечча ў народаў славянскай мовы пазначала ваяра-дружыньніка (у Кіеўскім княстве), вольнага селяніна (у ВКЛ), сельскага старасту (у Баўгарыі, Сэрбіі), службовую асобу (у Босьніі, Чэхіі)[1].
Прадзед Самуэля ўдзельнічаў у Полацкай вайне 1563—1579 рр. супраць маскавітаў. Кароль Стэфан Баторы за ваенныя заслугі дараваў яму шляхецтва (герб «Радзіч») і фальварак Бабінічы пад Воршай. Дзед быў старастай у Воршы пры ваяводзе Філоне Кміта-Чарнабыльскім. Бацька Самуэля трымаў скаціну, разводзіў канёў, меў гарбарную майстэрню й вятрак. У 1630 року, у Бабінічах нарадзіўся Самуэль Кміціч[1].
З самага дзяцінства бацька навучаў Самуэля ўпэўнена трымацца ў сядле, разумець канёў, па-майстэрску валодаць шабляй і дзідай. Ва ўзросьце 14-15 рокаў бацька вызначыў Самуэля на вучобу ў езуіцкі калегіюм пры касьцёле Сьв. Міхаіла Архангела ў Воршы. Тут выкладалі граматыку, паэтыку, рыторыку, матэматыку й музыку. Быў свой тэатар. Пры касьцёле меліся аптэка, батанічны і фруктовы сад[1].
Ваенную службу пачаў паручнікам у 1654 року ў войске Януша Радзівіла. Удзельнік вайны Масковіі з Рэччу Паспалітай 1654-1667 рр.. Са шляхты Полацкага ваяводзтва, Віцебскага і Аршанскага паветаў стварыў харугву, якая ўвайшла ў полк Багуслава Радзівіла і ўдзельнічала ў зімовым контрнаступленьні войскаў Вялікага княства Літоўскага. У жніўні 1655 далучыўся да канфэдэрацыі, якая ўтварылася пад Вербілавам супраць вялікага гетмана літоўскага Януша Радзівіла. Пазьней узначальваў полк у дывізіі Паўла Сапегі браў удзел у бітвах са швэдамі.
У верасьні 1658 року на чале 12-ці харугваў дзейнічаў у глыбокім тыле маскоўскіх войскаў у беларускім Падняпроўі. На чале палка ваяваў са швэдамі ў 1659 у Курляндыі, у 1660 — у Падляшшы. Самуіл Кміціч быў заўзятым супернікам караля Яна II Казімера, прымаў актыўны ўдзел у бунце войскаў у інтарэсах гетмана Сапегі. У красавіку 1660 року дывізія Сапегі абвясьціла канфэдэрацыю і прызначыла Кміціча «генэральным палкоўнікам». Удзельнічаў у Палонкаўскай бітве, пазьней удзельнічаў у дзеяньнях супраць маскоўскіх войскаў на ўсходзе Вялікага княства Літоўскага. У 1663 ажыцьцявіў глыбокі рэйд за Смаленск. У 1664 удзельнічаў у паходзе на Раслаўль і Бранск, потым да 1665 блякаваў маскоўскі гарнізон у Полацку.
Пасьля вайны жыў на Аршаншчыне, актыўна ўдзельнічаў у грамадзка-палітычным жыцьці Рэчы Паспалітай. Валодаў маёнткамі Неводніца ў Гарадзенскім, Чырвонае Сяло ў Менскім, Сідрычын у Аршанскім павеце.