Самуіл Магілевер

Самуіл Магілевер
Род дзейнасьці габрэйскі рэлігійны дзеяч, рабін
Дата нараджэньня 25 красавіка 1824
Месца нараджэньня Глыбокае, Віленская губэрня, Расейская імпэрыя
Дата сьмерці 10 чэрвеня 1898 (74 гады)
Месца сьмерці Беласток, Гарадзенская губэрня, Расейская імпэрыя
Занятак рабін

Самуі́л (Самуэль, Шмуэль) Лейбавіч Магілевер (25 красавіка 182410 чэрвеня 1898) — піянэр рэлігійнага сіянізму і адзін з заснавальнікаў руху «Хавявэй Сіён».

Магілевер нарадзіўся ў месьце Глыбокае Віленскай губэрні (цяпер Віцебская вобласьць, Рэспубліка Беларусь). Ягоны бацька, рэбэ Юда Лейб, даў сыну рознабаковую адукацыю, пазнаёміўшы яго ня толькі з Талмудам, але і з габрэйскай рэлігійна-філязофскай літаратурай і сьвецкімі навукамі. Самуіл вучыўся ў Валожынскай яшыве, дзе ў 1842 быў рукапакладзены на рэбэ.

У 1848 стаў пераемнікам бацькі на рэбэ ў Глыбокім, з 1854 рэбэ ў Шаках (Szaki) Сувалцкай губэрні, з 1860 у Сувалках, з 1868 — у Радаме (Radom). У 1861 Самуіл скончыў школу рабінаў у Варшаве. Актыўна ўдзельнічаў у грамадзкім і палітычным жыцьці, асабліва падчас паўстаньня Кастуся Каліноўскага ў 1863 годзе[1]. У 1873 прымаў удзел у зьезде рэбэ ў Санкт-Пецярбургу, дзе горача выступіў з ідэяй аб’яднаньня кансэрватыўных элемэнтаў з прагрэсіўнымі, але ягоная спроба не знайшла тады падтрымкі.

Пасьля пагромаў 1881 году, выкліканых «травеньскімі законамі», ён стаўся сузаснавальнікам таварыства «Хавявэй Сіёну» («любоў да Сіёну») ў Варшаве і схіліў барона Эдманда Джэймза дэ Ротшыльда да палястынафільства і, у выглядзе вопыту, да фінансавай падтрымкі паселішча Экрон (цяпер места Кірыят Экрон), паўсталага для габрэйскіх фэрмераў-уцекачоў з Расеі.

У 1883 быў абраны на рэбэ Беластоку і працаваў дзеля разьвіцьця сіянізму, пераконваючы беластоцкіх габрэяў пераяжджаць у Пэтах-Тыкву, тады толькі нядаўна заселеную. Заснаваў у Беластоку вышэйшую рэлігійную школу (ешыбот) і крэдытнае таварыства. Дзякуючы ягоным намаганьням тамсама былі закладзеныя новыя могілкі — «на Багнуўцэ»[2].

У 1884 Магілевер быў абраны ганаровым прэзыдэнтам канфэрэнцыі руху «Хавявэй Сіён», а ў 1887 і 1889 зьяўляўся старшынём на канфэрэнцыях у Друскеніках і Вільні. Многія яго заслугі мелі рэлігійны характар. Так, пад уплывам Магілевера камітэт рабінаў прыняў рашэньне, згодна зь якім юдэйскае земляробства на палястынскай зямлі павінна было як мага болей адпавядаць габрэйскім законам і традыцыям. Ён адным зь першых рабінаў дазволіў юдэйскім каляністам працаваць у год шабату (седміцы).

У 1890 Магілевер прыняў удзел ва ўстаноўчым сходзе таварыства дапамогі габрэям-земляробцам у Сірыі і Палястыне і ўдзельнічаў у першай партыі паломнікаў у Палястыну. У гэтым жа годзе дзякуючы падтрымцы барона атрымалася набыць 1556 акраў (630 гэктараў) зямлі блізу Джафы для калёніі Рэхабот.

У 1893 шэраг рознагалосьсяў з галоўным офісам руху ў Адэсе прывёў да рашэньня стварыць асобны ад адэскага цэнтар пад кіраўніцтвам Магілевера. Новы аддзел, названы «Мізрахі» (скарачэньне ад габрэйскага мэрказ рухані — «духоўны цэнтар») займаўся сіянісцкай прапагандай і культурніцкай працай сярод артадаксальных габрэяў.

У 1897 Магілевер напісаў ліст да першага сіянісцкага кангрэсу ў Базэлі, на якім ня змог прысутнічаць з-за пагаршэньня стану здароўя:

Вельмі істотна, што Кангрэс яднае ўсіх «Сыноў Сіёну», якія імкнуцца разам з намі працаваць у суцэльнай гармоніі і братэрстве, нават калі паміж намі існуюць адрозьненьні ў поглядах адносна рэлігіі.

Памёр у Беластоку 9 чэрвеня 1898 году ад крывазьліцьця ў мозаг.

Пакінуў пасьля сябе колькі рукапісаў філязофскіх працаў і камэнтароў да Талмуду, вечны каляндар. Напісаў збор уласных камэнтароў да Талмуду і Мішны.

Ушанаваньне памяці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Калі ў 1901 рэбэ Іцхак Якаў Рэйнэс зь іншымі вучнямі Магілевера аднавілі арганізацыю, яны зрабілі гэта з тымі самымі мэтамі, духам і назвай. Магілевер спрычыніўся да пасьпяховага зьліцьця традыцыйнага артадаксальнага юдаізму з практычным сіянізмам[3]. У 1902, праз чатыры гады пасьля сьмерці Магілевера, «Мізрахі» афіцыйна далучыўся да сіянісцкай арганізацыі.

На 70-годзьдзе Самуэля Магілевера ягоным імем быў названы кібуц Ган Шмуэль. Праз чатыры гады пасьля ягонай сьмерці імем Самуэля Магілевера была названая сынагога на тагачаснай вуліцы Бульварнай (цяпер вуліца Браніцкага, 3) ў Беластоку.

Яшчэ ў міжваенны час труна Магілевера ў Беластоку сталася мэтай пілігрымак габрэяў з Польшчы і замежжа. У 1991 родныя памерлага перанесьлі эксгумаваны прах рабіна з могілак на «Багнуўцы» ў Ізраіль[2].

Вуліцы шэрагу ізраільскіх мястэчак носяць імя Самуэля Магілевера.

  1. ^ Glubokoye Archives (анг.) Праверана 7 сьнежня 2008 г.
  2. ^ а б Зьбігнэў Раманюк Samuel Mohilewer (1824-1898) (пол.) Biografie odnalezione w czasie. Радыё «Беласток». Праверана 7 сьнежня 2008 г.
  3. ^ Arthur Hertzberg, The Zionist Idea, (Meridian, Нью-Ёрк, 1960), с.400-402.