Сангушкі лац. Sanguški / Sanhuški[1][2] | |
![]() Герб Пагоня Літоўская | |
Краіна паходжаньня | Вялікае Княства Літоўскае |
---|---|
Прызнаныя ў | Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая, Расейская імпэрыя |
Сангушкі[a] — княскі род гербу Пагоня Літоўская, выхадцы зь якога займалі высокія дзяржаўныя пасады ў Вялікім Княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай.
Валодалі Ратнам, Ковелем, Заславам, Любамлем (на Валыні), ваколіцамі Пінску і Кобрынем (на Палесьсі), Смалянамі і Абольцамі (у Аршанскім павеце), Ракавам (у Менскім павеце), Горвальлю (у Рэчыцкім павеце).
Лічыліся сваякамі каралеўскай і вялікакняскай дынастыі Ягайлавічаў. У XV—XVI стагодзьдзях, як і іншыя нашчадкі Гедзіміна і Альгерда, страцілі правы ўдзельных князёў, аднак здолелі захаваць значныя маёнткі на правах уплывовых магнатаў. Сьпярша вызнавалі праваслаўе, з XVI ст. перайшлі ў каталіцтва.
Паводле менскага дасьледніка Алёхны Дайліды, які разьвівае германскую (перадусім усходнегерманскую) этымалёгію імёнаў літоўскіх князёў і баяраў, імя Сангаў паходзіць ад германскага sangwa, гоцкага saggws 'сьпеў' (упаміналіся старажытныя германскія імёны Sanchard, Sancho, Sancke)[3].
Даведзеным[4][5] ёсьць паходжаньне роду ад Фёдара (Федзькі) Альгердавіча (каля 1335—1404), удзельнага князя ў Ратне, Ковелі, Любамлі, у Пінскіх балотах і ў Кобрыні. Ад імя ягонага сына Сангушкі Федзькавіча (пам. 1443) пайшло родавае прозьвішча (паводле меркаваньня Юзэфа Вольфа, Сангушка — памяншальная форма ад Сямён, таксама існуюць вэрсіі пра скарачэньне ад імя Аляксандар або Васіль[4]).
У XV ст. род Сангушкаў падзяліўся на асобныя лініі, якія адпаведна мелі маёнткі ў розных месцах дзяржавы. Старэйшая лінія, Сангушка-Кашырскія, згасла ў 1653 годзе. Малодшая лінія, Сангушка-Ковельскія, прыняла прозьвішча Сангушка-Любартовіч згодна зь легендай пра паходжаньне ад малодшага брату Альгерда Любарта.
Князь Павал Караль Сангушка-Любартовіч (1682—1750), маршалак вялікі літоўскі, значна павялічыў уладаньні роду ў выніку шлюбу з Марыянай Любамірскай, князёўнай Астроскай. Ягоная рэзыдэнцыя ў Славуце (Украіна) была аздобленая вядомай калекцыяй пэрсыдзкіх дываноў, вядомых як Сангушкаўскія дываны.
З далучэньнем Галіцыі да СССР Сангушкі згубілі свае маёнткі і палац у Львове і эмігравалі ў Бразылію.
На канец XX ст. род прадстаўляе адзін чалавек, князь Павал Францішак Раман (нар. 1973), які жыве ў Сан-Паўла.
Сангушка Федзькавіч, ж. — Ганна.
Геранім Сангушка, ж. — Канстанцыя з Сапегаў
Іканаграфія роду Сангушкаў у наш час захоўваецца ў зборах Беларусі, Польшчы, Расеі, Украіны.