Санны спорт — гэта спаборніцтвы ў хуткасным спуску на аднамесных ці двухмесных санях па загадзя падрыхтаванай трасе. Спартоўцы разьмяшчаюцца на санях на сьпіне, нагамі наперад. Кіраваньне санямі адбываецца пры дапамозе зьмены палажэньня цела.
Першы арганізаваны збор спартоўцаў адбыўся ў 1883 годзе ў Швайцарыі. У 1913 годзе ў Дрэздэне (Нямеччына) заснаваная Міжнародная Фэдэрацыя Саннага Спорту (Internationale Schlittensportverband). Гэта арганізацыя кіравала спортам да 1935 году, калі яна была ўключаная ў склад Міжнароднай фэдэрацыі бабслэю й табагану (FIBT). Пасьля прыняцьця рашэньня пра замену скелетону санным спортам у праграме Зімовых Алімпійскіх гульняў, у 1955 годзе ў Осла (Нарвэгія) быў праведзены першы Чэмпіянат сьвету. У 1957 годзе заснаваная Міжнародная фэдэрацыя саннага спорту (Federation Internationale de Luge de Course, FIL). Санны спорт быў уключаны ў праграму Зімовых Алімпійскіх гульняў у 1964 годзе.
Правілы саннага спорту досыць простыя — перамагае спартовец, які прайшоў трасу за найменшы час. Удзельнік павінен стартаваць на працягу вызначанага часу пасьля таго, як траса вызвалілася.
Спартовец абавязаны фінішаваць разам з санямі, у адваротным выпадку ён дыскваліфікуецца. Аднак дазваляецца спыніцца на трасе, ізноў сесьці на сані й працягнуць спуск.
Вага санак і іх прылада рэглямэнтаваныя. Тэмпэратура палозьзя таксама павінна знаходзіцца ў вызначаным дыяпазоне, які залежыць ад тэмпэратуры паветра. Таксама існуюць абмежаваньні на вагу спартоўцаў і іх экіпіяваньне, уключаючы камбінэзоны, абутак, шлемы й пальчаткі.
Як і ў іншых відах спорту, якія зьвязаныя з хуткасным праходжаньнем, папярэднія спаборніцтвы вызначаюць парадак старту, які можа апынуцца важным у выпадку пагаршэньня стану трасы. Агульны час спартоўца складаецца з вынікаў двух і больш заездаў.
У санным спорце праводзяцца спаборніцтвы сярод адзіночак і параў. Фармальна жанчыны могуць спаборнічаць у парах, але фактычна амаль усе парныя спаборніцтвы праводзяцца сярод мужчынаў. На буйных турнірах праводзяцца камандныя спаборніцтвы, у якіх каманда складаецца з мужчыны, жанчыны й пары.