Санэ́т (ад па-італьянску: sonetto — песенька) — адна з так званых цьвёрдых форм лірычнай паэзіі. Зьявіўся ў Італіі ў XIII стагодзьдзі, першыя санэты стварыў Гвітонэ Дарэцца, найбольшую вядомасьць набылі санэты Франчэска Пятраркі.
Санэт складаецца з 14 радкоў па 11 складоў у кожным, са строгай рытмічнай ды лягічнай структурай. Вылучаюць некалькі асобных формаў санэту. Італьянскі санэт складаецца зь дзьвюх частак: першая з васьмі радкоў (у ёй фармулюецца праблема твору), другая з шасьці (вырашэньне праблемы). Парадак рыфмаў — a-b-a-b a-b-b-a c-d-e-c-d-e (ці c-d-c-c-d-c), 9-ы радок вылучаецца інтанацыйна. Нязначна адрозьніваецца ад яго францускі санэт са схемай a-b-b-a a-b-b-a c-d-d c-e-e. У Англіі XVI стагодзьдзя склалася альтэрнатыўная форма санэту (вядомая як «шэксьпіраў санэт») з рыфмамі a-b-a-b c-d-c-d e-f-e-f g-g. У паэзіі мадэрнізму санэтамі часта называюцца вершы з чатырнаццаці радкоў больш вольнай структуры.
Санэт зьяўляецца базаю для больш буйной вершаванай формы — вянку санэтаў (15 санэтаў, у санэтах зь 2-га па 14-ы першы радок супадае з апошнім радком папярэдняга санэту, 15-ы санэт — магістрал — складаецца з запісаных па парадку першых радкоў 1-га — 14-га санэтаў).
У беларускай літаратуры першы ўжыў форму санэту Максім Багдановіч, шырока вядомыя санэты Янкі Купалы (выдаваліся асобнай кнігай).