Саід Чмагх | |
سعيد شماغ | |
Відэазапіс расстрэлу журналіста з гелікаптэра AH-64 Apache | |
Дата нараджэньня | 1 студзеня 1967 |
---|---|
Месца нараджэньня | Ірак |
Дата сьмерці | 12 ліпеня 2007 (40 гадоў) |
Месца сьмерці | Багдад, Ірак |
Занятак | ваенны карэспандэнт, журналіст |
Месца працы | |
Дзеці | 4 |
Саід Чмагх (1 студзеня 1967 — 12 ліпеня 2007) — ірацкі кіроўца і тэлеапэратар інфармацыйнае агенцыі «Reuters», расстраляны амэрыканскім вайсковым шрубалётам у Багдадзе[1][2][3][4][5][6].
Чмагх нарадзіўся 1 студзеня 1967 году ў Іраку. Уладкаваўся на працу ў «Reuters» перад інтэрвэнцыяй ЗША ў Ірак у 2003 годзе. Акрамя сваіх 4 дзяцей[1], ён падтрымоўваў яшчэ тры сям’і[7], а пасьля таго, як ірацкія паўстанцы забілі мужа сястры, таксама й яе сям’ю[7].
12 ліпеня 2007 году, пасьля некалькіх перастрэлак, два амэрыканскія шрубалёты AH-64 Apache заўважылі на адной з вуліцаў Багдаду купку людзей. Палічыўшы некаторых зь іх узброенымі, адкрылі па іх агонь[4][6][8]. Усе загінулі, акрамя Чмагха, які, цяжка паранены, спрабаваў адпаўзьці з вуліцы. Празь пяць хвілінаў да месца здарэньня пад’ехаў мікрааўтобус, людзі зь якога спрабавалі аказаць дапамогу Саіду. Яны таксама былі расстраляныя разам зь мікрааўтобусам. Усе дарослыя загінулі, цяжка параненыя двое дзяцей, якія знаходзіліся ў салёне[9].
Саід Чмагх і ягоны калега Намір Нур-Эльдзін сталі пятым і шостым супрацоўнікамі «Reuters», забітымі ў Іраку з часу пачатку амэрыканскае апэрацыі ў 2003 годзе. Усе шасьцёра забітыя амэрыканскімі жаўнерамі[1].
5 красавіка 2010 году відэазапіс здарэньня, запісаны адным са шрубалётаў, і перамовы па радыё, былі выкладзены на сайце Wikileaks[4].