Саўт-Рывэр зьяўляецца адным з цэнтраў беларускай эміграцыі ў ЗША. Беларусы сталі перасяляцца сюды ў канцы ХІХ ст. У пачатку ХХ ст. славянскія выхадцы зь Беларусі складалі ў Саўт-Рывэры да траціны насельніцтва, засяліўшы пераважна паўднёвую частку гораду. Менавіта эмігранты з ваколіц Маладэчна і Вялейкі пабудавалі царкву сьвятых Пятра і Паўла, тады ў юрысдыкцыі Расейскай праваслаўнай царквы.
Зьбеларусізаваўся Саўт-Рывэр у пачатку 1950-х зь перасяленьнем у яго некалькіх дзясяткаў беларускіх эмігрантаў зь лягероў для перамешчаных асобаў у Нямеччыне. Беларусы заснавалі прыход сьв. Эўфрасіньні Полацкай у юрысдыкцыі Канстантынопальскага патрыярхату, збудавалі царкву, Беларуска-амэрыканскі культурны цэнтар. У Саўт-Рывэры дзейнічалі і дзейнічаюць некалькі грамадзкіх і сацыяльных арганізацыяў, выдаваліся газэты і часопісы, часопіс «Беларуская думка» выходзіць і па сёньня. У рысе гораду знаходзяцца асобныя беларускія могілкі. Штогод арганізуецца Беларуска-амэрыканскі фэстываль у Саўт-Рывэры.