Скагерак (па-швэдзку: Skagerrak, па-дацку: Skagerrak, па-нарвэску: Skagerrak) — праліў паміж нарвэскім узьбярэжжам Скандынаўскага паўвостраву, паўвостравам Ютляндыя і швэдзкім Богуслэнам, які злучае Паўночнае мора з Балтыйскім морам праз праліў Катэгат. Даўжыня 240 км, шырыня 80—90 км. Глыбіня дасягае 700 мэтраў у раёне Нарвэскай траншэі.
Мяжа з Паўночным морам праходзіць між дацкім Ганстгольмам і нарвэскім Ліндэснэсам, мяжа з Катэгатам — між Скагенскім паўночным мысам і маяком Патэр Ностэр, што ў аднайменных шхэрах ля швэдзкага Гётэборгу.
Назва праліву паходзіць ад назвы гораду Скаген і нідэрляндзкага і ніжненямецкага rak — «прамая лінія», т.б. «Прамы шлях міма Скагену».
Салёнасьць вады ў праліве — 30 psu. Флёра і фаўна прадстаўлена каля 2 000 марскіх відаў.
Скагерак быў стратэгічна важнай пазыцыяй для Нямеччыны падчас абедзьвюх сусьветных войнаў. Падчас Першай сусьветнай вайны тут адбылася адна з найбуйнейшых марскіх бітваў — Ютляндзкая бітва.
Неабходнасьць кантролю над пралівам паслужыла для Нямеччыны адной з прычынаў для ўварваньня ў Данію і Нарвэгію падчас Другой сусьветнай вайны.
Гэта — накід артыкула па геаграфіі. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |