Слава Рашкай | |
аўтапартрэт 1898 году | |
Імя пры нараджэньні | Фрыдэрыка Славаміра Олга Рашкай (па-харвацку: Friderika Slavomira Olga Raškaj[1] |
---|---|
Дата нараджэньня | 2 студзеня 1877 |
Месца нараджэньня | Озалі, Харватыя |
Дата сьмерці | 29 сакавіка 1906 (29 гадоў) |
Месца сьмерці | Заграб, Харватыя |
Прычына сьмерці | сухоты |
Занятак | малярка |
Навуковая сфэра | малярства[2] |
Жанры | партрэт |
Плынь | імпрэсіянізм |
Сла́ва Ра́шкай (па-харвацку: Slava Raškaj, 2 студзеня 1877 — 29 сакавіка 1906) — харвацкая акварэлістка, якая лічыцца першай з харвацкіх імпрэсіяністаў[3].
Слава была глухой ад нараджэньня, аднак атрымала адукацыю ў Вене і Заграбе, дзе вучылася ў Белы Чыкаш-Сесіі. У 1890-х гадах яе працы выстаўляліся ў Эўропе, у тым ліку на Сусьветнай выставе 1900 году[1]. У 26 гадоў Славе паставілі дыягназ дэпрэсія, яе зьмясьцілі ў бальніцу, дзе яна правяла тры апошнія гады свайго жыцьця. Памерла ў 1906 годзе ад сухотаў. Да 1990-х гадоў яе працы заставаліся амаль незаўважанымі, аднак у апошнія гады цікавасьць да іх узрасла.
Слава нарадзілася ў харвацкім горадзе Озалі 2 студзеня 1877 году ў сям’і, якая належала да сярэдняга клясу (яе маці кіравала мясцовым аддзяленьнем пошты, у той час гэта была прэстыжная прафэсія); яе назвалі Фрыдэрыка Славаміра Олга Рашкай (па-харвацку: Friderika Slavomira Olga Raškaj)[1]. Маці Славы, Олга, любіла маляваньне і перадала гэтую любоў абедзьвюм сваім дочкам — Славе і Паўле (Паўла стала школьнай настаўніцай у Орахавіцы і займалася маляваньнем у вольны час)[1].
У восем гадоў Рашкай адправілі ў Вену для навучаньня ў школе для глухіх дзяцей. У той час яна малявала клясычныя скульптуры алоўкам ці тушшу. Дзьве зь яе раньніх прац ацалелі і выстаўлены ў харвацкім Школьным музэі на плошчы маршала Ціты ў Заграбе[1]. У гэты ж час Слава вывучае нямецкую і францускую мовы, а празь некаторы час у маляваньні пераходзіць на акварэль і гуаш.
Пасьля вяртаньня Славы дамоў мясцовы школьны настаўнік заўважыў яе талент да мастацтва і папрасіў яе бацькоў даслаць дачку ў Заграб у атэлье да знакамітага мастака Влахі Букаваца. Аднак Вукавац адмовіўся вучыць Славу, і яна ў 1896 годзе стала вучаніцай Белы Чыкаш-Сесіі. Наступныя некалькі гадоў Слава працавала зь Белам, пражываючы ў Дзяржаўным інстытуце для глуханямых дзяцей (Zemaljski zavod za odgoj gluhonijeme djece) на Іліцы, у якім яе былы настаўнік Іван Муха-Отаіч атрымаў пасаду дырэктара[1][4]. Замест студыі яна малявала ў мясцовым моргу, дзе пазьней Отаіч дапамог арганізаваць уласнае атэлье. У гэты пэрыяд Слава малявала змрочныя нацюрморты зь незвычайнымі прадметамі (марскімі зоркамі, срэбранымі шкатулкамі, ружамі і совамі, амарам і веерам.
У канцы 1890-х Слава пачала працаваць на пленэры, малюючы Заграбскі батанічны сад і гарадзкія паркі, у тым ліку Максімір(en). Колеравая гама стала сьвятлейшай і лягчэйшай[1]. У 1899 годзе яна вярнулася ў Озаль і працягнула маляваць на прыродзе. Лепшыя яе працы былі створаны ў 1890-х гадох, сярод іх «Аўтапартрэт», «Вясна ў Озалі», «Стары млын» і іншыя. Першая выстава шасьці прац Славы прайшла ў 1898 годзе ў Павільёне мастацтваў, які нядаўна адкрыўся, дзе таксама выставілі карціны вядомых Влахі Букаваца і Мэнцы Клемэнта Црнчыча(en). Яе працы выстаўляліся ў Санкт-Пецярбургу і Маскве[1].
У 1900 годзе ў Славы пачалі праяўляцца сымптомы дэпрэсіі, яна пачала маляваць сталі старыя закінутыя вадзяныя млыны, глыбіні каньёну ракі Купы, руіны. Яе шпіталізавалі, але неўзабаве перавялі на хатняе лячэньне. Тым ня менш, яе стан пагаршаўся, і ў 1903 годзе Славу шпіталізавалі ў Стэневецкую(en) псыхіятрычную бальніцу. У апошнія гады яна перастала маляваць і сканала ад сухотаў 29 сакавіка 1906 году[1].
Найбольш значныя працы:
У 2004 годзе выйшаў фільм Далібара Матаніча пра адносіны Славы Рашкай зь Белам Чыкаш-Сесіем, названы «100 хвілін Славы»[5][6].
У 2008 годзе ў галерэі Кловічавы дворы адкрылася вялікая выстава, дзе можна было ўбачыць 185 прац Славы. Выстава працавала з траўня па жнівень[1].
У сьнежні 2000 году Харвацкі народны банк выбіў срэбраную памятную манэту з выявай Славы[7] у сэрыі «Знакамітыя харваткі».
У Заграбе дзейнічае Адукацыйны цэнтар для дзяцей з парушэньнямі слыху імя Славы Рашкай (па-харвацку: Centar za odgoj i obrazovanje «Slava Raškaj» Zagreb).
Слава Рашкай — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў