Слубіцы | |||||
польск. Słubice | |||||
| |||||
Краіна: | Польшча | ||||
Ваяводзтва: | Любускае | ||||
Павет: | Слубіцкі | ||||
Плошча: |
| ||||
Вышыня: | 160 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва: |
| ||||
Часавы пас: | UTC+1 | ||||
летні час: | UTC+2 | ||||
Паштовы індэкс: | 69-100 | ||||
Нумарны знак: | FSL | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 52°21′0″ пн. ш. 14°34′0″ у. д. / 52.35° пн. ш. 14.56667° у. д.Каардынаты: 52°21′0″ пн. ш. 14°34′0″ у. д. / 52.35° пн. ш. 14.56667° у. д. | ||||
Слубіцы | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
http://www.slubice.pl/ |
Слубі́цы (па-польску: Słubice), да 1945 Франкфурт-Дамфарштат (па-нямецку: Frankfurt (Oder)-Dammvorstadt) — места ў Слубіцкім павеце Любускага ваяводзтва Польшчы, сядзіба меска-вясковай гміны Слубіцы, на рацэ Одры. Насельніцтва — 16 644 чалавекі (2019), плошча — 19,2 км².
Места разьмешчанае на мяжы зь Нямеччынай, на рацэ Одры, за 70 км ад Бэрліну, 80 км ад Горава Велікапольскага, 490 км ад Варшавы.
Паходжаньне назвы Слубіцы выклікае мноства спрэчак. Некаторыя выводзяць назву ад племені слупянаў, якія насялялі абшар між Шпрэе і Одрай. Паводле іншых гістарычных крыніцаў, на правым беразе Одры ў Сярэднявеччы ляжала паселішча Зьбівіц, Зьбірвіц або Зьлівіц. Таксама можна вывесьці назву Слубіцы ад слова слуп.
Да 1945 року места ўваходзіла ў склад Франкфурту і мела назву Дамфарштат. Цяперашнюю назву атрымала ў 1946 року пасьля аддачы тэрыторыі ў склад Польшчы.
Першыя згадкі пра паселішча на гэтым месцы адносяцца да XIII стагодзьдзя: у 1225 року Генрык I Барадаты меў надаць яму гандлёвы прывілей і права складу(d). У 1253 паселішча атрымала мескія правы, а ў дакумэнце названае Vrankenvorde (Франкенфордэ)[2]. Ад таго часу да 1945 року правабярэжная частка Франкфурту-на-Одры называлася Dammvorstadt (літаральна «Прадмесьце на вале»). З пачаткам вайны за валоданьне рэгіёнам, у 1319, гэты край заняў памяранскі герцаг(d) Варціслаў IV[3], а ў 1324 яны канчаткова перайшлі да Вітэльсбахаў, стаўшыся часткай Брандэнбурскай маркі. У 1326 року да ваколіцаў места дайшоў літоўска-польскі наезд[4].
Пасьля Вітэльсбахаў, у 1373 року маркграфства Брандэнбург дзякуючы намаганьнямі рымскага імпэратара і чэскага караля Карла IV стаў часткаю Чэскай Кароны. Чэскае панаваньне трывала 42 гады, да 1415 року, калі кароль рымскі і вугорскі, намесьнік Чэскага каралеўства Жыгімонт Люксэмбурскі падараваў Брандэнбургію дынастыі Гогенцолернаў, якія валадарылі тут ажно да сканчэньня I сусьветнай вайны[5]. Пад 1399 рокам у пісьмовых крыніцах упершыню згаданыя мясцовыя жыдоўскія могілкі, што робіць іх найстарэйшымі існымі дагэтуль жыдоўскімі могілкамі Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы.
У 1749 року ў Дамфарштаце паўстала найстарэйшае прымысловае прадпрыемства Франкфурту: фабрыка тавараў з пчалінага воску. У 1769 пачала працу фабрыка ядвабу.
У 1785 року празь вялікую веснавую паводку большасьць Дамфарштату была затопленая. У памяць пра загінулага пры гэтым камэнданта франкфурцкага гарнізону Леапольда Браўншвайг-Вольфэнбютэльскага(d), сястрынца караля Фрыдрыха Вялікага, у 1787 адкрыты першы помнік у гісторыі Франкфурту-на-Одры[6].
У 1811 адкрытыя мескія могілкі (цяпер камунальныя могілкі Слубіцаў). У II палове XIX стагодзьдзя расквітала прамысловасьць, у гэты пэрыяд пачалі дзейнасьць збройная фабрыка і мэталаліцейны завод.
23 студзеня 1898 року рушыла франкфурцкая трамвайная сетка, якая праз мост на Одры даходзіла і ў правабярэжную частку[7]. У 1914—1927 роках расейскія вайсковапалонныя збудавалі Ўсходнема́рскі стадыён[8].
З надыходам савецкіх войскаў у лютым 1945 року з Франкфурту-на-Одры эвакуяванае цывільнае насельніцтва. У бітвах за места палеглі больш за 100 жаўнераў гвардзейскага танкавага корпусу 1-га Беларускага фронту і 7-га Войска Польскага. У іхні гонар у 1949 року адкрыты манумэнт Перамогі і Братэрства зброі на пляцы Герояў[9].
З 1945 року места перайшло ў склад Польшчы. У 1950 Слубіцы сталі цэнтрам Жэпінскага павету, пераўтворанага ў 1959 у Слубіцкі.
У 1972 адкрыты памежны пераход між Слубіцамі ды Франкфуртам на Одры.
У 1998 року завершанае будаўніцтва Калегіюм Палёніюм — аддзяленьня познаньскага ўнівэрсытэту імя Адама Міцкевіча.
Празь места праходзіць польскі кавалак дарогі сьвятога Якуба.
У 2014 року на Франкфурцкім пляцы Слубіцаў адкрыты першы ў сьвеце помнік Вікіпэдыі.
Яшчэ ў канцы 90-х рокаў XX стагодзьдзя ў Слубіцах дзейнічалі мэблевая фабрыка, а таксама адна з найбольшых у Польшчы фабрыка па вырабе джынсаў. Цяпер у Слубіцах пераважна разьвіваецца гандаль і паслугі. Найбольшае паводле колькасьці працаўнікоў прадпрыемства — мескі рынак на рагу вуліцаў Купецкай і Спартовай.
Дзякуючы разьмяшчэньню на мяжы зь Нямеччынай Слубіцы выконваюць функцыю транспартнага вузла, празь які праходзяць аўтастрада А2, дарогі дзяржаўнага значэньня 29 ды 31.
Чыгуначны прыпынак на лініі Слубіцы — Познань — Варшава
Трамвай у Франкфурце дзейнічаў з 1898 року і йшоў таксама на правы бераг (цяперашнія Слубіцы). Пасьля 1945 року правабярэжная частка Франкфурту адышла да Польшчы, і трамвайнае злучэньне спынілася, а шляхі былі разабраныя.
З 1929 року ў правабярэжнай частцы Франкфурту хадзіў маршрутны аўтобус, таксама ліквідаваны пасьля далучэньня да Польшчы. З 2012 року курсуюць аўтобусы між Слубіцамі ды Франкфуртам-на-Одры. А з 2013 запушчаныя мескія аўтобусныя маршруты, дзейнічаюць 7 лініяў.
У Слубіцах дзейнічаюць 6 пачатковых школаў, 3 старэйшыя школы, 2 ліцэі, музычная школа.
У 1992 ў супрацоўніцтве познаньскага ўнівэрсытэту імя Адама Міцкевіча і франкфурцкага унівэрсытэту Віядрына адкрыты Калегіюм Палёніюм.
2 каталіцкія касьцёлы, храм аўтакефальнай праваслаўнай царквы, зборы пяцідзясятнікаў і Сьведак Еговы.
Слубіцкі палац спорту і адпачынку мае стадыён, 4 трэнавальныя пляцоўкі, гімнастычную залю, комплекс адкрытых басэйнаў, тэнісныя корты, гольфавае поле[12].
Футбольны клюб «Палёнія» гуляе ў IV Любускім дывізіёне[13].