Спэцыя (футбольны клюб)

Спэцыя
Заснаваны 1906, 1954, 1995 і 2008
Горад Спэцыя, Італія
Стадыён Альбэрта Піка
Умяшчальнасьць: 10 336
Кіраўнік Габрыеле Вольпі[d]
Галоўны трэнэр
Чэмпіянат Сэрыя Б
 · 2023—2024 15 месца
Хатнія колеры
Выязныя колеры
Трэція колеры
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
speziacalcio.com (італ.)​ (анг.)

«Спэ́цыя» (па-італьянску: Spezia Calcio) — італьянскі футбольны клюб з гораду Ля-Спэцыі правінцыі Лігурыі. Заснаваны 10 кастрычніка 1906 году. У сэзоне 2020—2021 гадоў клюб упершыню ў сваёй гісторыі дамогся права на ўдзел у спаборніцтве Сэрыі А. Большую частку сваёй гісторыі «Спэцыя» праводзіла ў трэцім ці чацьвертым дывізіёнах.

Футбольная дружына была заснаваная ў 1906 годзе. Аднак клюб пачаў выступы ў футбольных лігах толькі ў 1917 годзе, дэбютаваўшы ў рэгіянальнай лізе. У 1926 годзе клюб выступаў ужо ў Другім дывізіёне, а потым нават прасунуўся ў Першы дывізіён, які на той час быў другім паводле сыстэмы дывізіёнам італьянскага футболу. У 1929 годзе «Спэцыя» атрымала перамогу ў Першым дывізіёне, аднак чэмпіянат быў перафарматаваны і ліга стала трэцім паводле сыстэмы дывізіёнам Італіі, таму каманда засталася на другім узроўні, выступаючы ў Сэрыі Б. У сэзоне 1929—1930 гадоў клюб дэбютаваў у першым сэзоне новаўтворанай Сэрыі Б і зьмяніў назву на «Спэцыя». На гэтым узроўні дружына заставалася да свайго паніжэньня ў 1935 годзе, але хутка каманда вярнулася ў Сэрыю Б у сэзон 1936—1937 гадоў.

У 1944 годзе з прычыны набліжэньня фронту Другой сусьветнай вайны італьянская фэдэрацыя футболу прыняла рашэньне падзяліць найвышэйшую лігу на рэгіянальныя групы. Каманда «Спэцыі», у тым ліку камплектаваная з пажарнікаў, была ўключана ў групу Эміліі-Раманьні. «Спэцыя» перамагла ў сваёй групе і трапіла ў паўфінал, дзе сустракалася з «Сузарай», «Карпі» і «Модэнай». Гэты раўнд таксама стаў пераможным для клюбу, які атрымаў перамогі ў пяці з шасьці згуляных матчаў ды атрымаў паразу толькі ад «Карпі». Далей «Спэцыю» чакала «Балёньня», і першы матч дружыны павінен быў прайсьці ў гасьцёх. Матч, згуляны ў Балёньні, быў прыпынены праз інцыдэнт, выкліканы заўзятарамі гаспадароў пасьля таго, як госьці адкрылі лік. У выніку «Спэцыя» атрымала перамогу зь лікам 2:0. Матч у адказ, які павінен быў адбыцца ў Ля-Спэцыі, спачатку быў перанесены ў Карпі праз бамбаваньне гораду з боку хаўрусьнікаў у гэты пэрыяд, а пасьля быў увогуле адменены праз пратэсты старшыні «Балёньні» Рэната Даль’Ары, таму «Спэцыя» была дапушчаная да фінальнага раўнду без правядзеньня гульні ў адказ.

У фінале, які праходзіў у Міляне, акрамя «Спэцыі» таксама ўдзельнічалі «Вэнэцыя» і «Тарына». 9 ліпеня 1944 году быў згуляны першы матч паміж «Спэцыяй» і «Вэнэцыяй», які скончыўся зь лікам 1:1. 16 ліпеня «Спэцыя» сустрэлася ў матчы супраць «Тарына», у якой на той час выступаў выбітны нападнік Сыльвіё Піёля. Матч скончыўся эпічнай перамогай «Спэцыі» зь лікам 2:1. Пасьля трэцяга матчу, у якім «Тарына» выгуляла «Вэнэцыю» зь лікам 5:2, «Спэцыя» была абвешчаная чэмпіёнам. Тым ня менш, сама фэдэрацыя доўгі час не прызнавала розыгрыш 1944 году афіцыйным праз скарочаны фармат і вайну, якая актыўна праходзіла ў той час на тэрыторыі краіны. Толькі ў 2002 годзе афіцыйна скудэта клюбу было афіцыйна пацьверджанае.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]