Стэфана Бэні (па-італьянску: Stefano Benni; нар. 12 жніўня 1947 году ў Балёньні) — італьянскі журналіст, паэт і празаік. Аўтар раманаў і зборнікаў апавяданьняў. Друкуецца ў газэтах і часопісах (L'Espresso, Panorama, La Repubblica, Il Manifesto, Cuore, Tango).
У 1989 годзе зьняў фільм «Musica per vecchi animali» («Музыка для старых жывёлаў») паводле свайго рамана «Comici spaventati guerrieri».
У ягоных раманах хаваецца моцная сатыра на італьянскае грамадзтва апошніх дзесяцігодзьдзяў. У ягоным стылі шырока выкарыстоўваецца гульня словаў, нэалягізмы і пародыя на іншыя літаратурныя стылі. Кнігі Стэфана Бэні перакладзеныя на больш чым два дзясяткі моваў сьвету, сярод якіх ангельская, нямецкая, дацкая, чэская, нідэрляндзкая, фінская, француская, летувіская, партугальская, гішпанская, турэцкая і іншыя.