| |
Супрасьлеўскі кодэкс, XI стагодзьдзе | |
пэргамэнт. 33×25 см | |
Нацыянальная і ўнівэрсытэцкая бібліятэка Славеніі Расейская нацыянальная бібліятэка |
Су́прасьлеўскі ко́дэкс (па-польску: Kodeks supraski, па-славенску: Supraseljski kodeks), Супрасьлеўскі рукапіс, Супрасьлеўскі зборнік, Супрасьлеўская мінэя — помнік раньнеславянскай літаратуры XI стагодзьдзя, найвялікшы стараславянскі кананічны рукапіс, які захаваўся да нашых дзён. Мае памеры 33×25×5 см.
У 2007 року ЮНЭСКО ўключыла рукапіс у сьпіс «Памяць сьвету»[1].
Кодэкс зьмяшчае мінэю на сакавік, якая перасякаецца з рухомым цыклем Пасхі. Таксама прыведзеныя 24 жыцьці сьвятых, 23 гаміліі і адна малітва, большасьць зь якіх напісаныя або прыпісваюцца Яну Залатавуснаму.
284-старонкавы (або 285) кодэкс быў знойдзены ў 1823 канонікам Міхалам Баброўскім ва ўніяцкім базылянскім манастыры ў Супрасьлі (адсюль і назва рукапісу).
Баброўскі ў 1838—1839 адаслаў рукапіс двума часткамі славенскаму філёлягу Ернэю Копітару, каб той апублікаваў яго. Першая частка (118 аркушаў) па Копітаравай сьмерці разам зь іншымі рукапісамі трапіла ў школьную бібліятэку і цяпер захоўваецца ў Нацыянальнай і ўнівэрсытэцкай бібліятэцы ў Любляне.
Другую частку (151 аркуш), якая была адасланая назад, найбольш імаверна набыў вядомы ліноўскі калекцыянэр Уладыслаў Трэмбіцкі[2]. У 1869 року кнігазбор ад ягоных нашчадкаў выкупіў Канстантын Замойскі для сваёй прыватнай бібліятэкі ў Варшаве. У лістападзе 1939 нацысты вывезьлі рукапіс у Бэрлін, аднак дзякуючы намаганьням польскіх бібліятэкараў, а таксама нацысцкага губэрнатара Ганса Франка ў 1941 ён быў вернуты і захоўваўся ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве. Па здушэньні Варшаўскага паўстаньня рукапіс зьнік ізноў і лічыўся страчаным у пажары Блакітнага палацу Замойскіх[2]. Але ў 1967 гэтая частка ўсплыла ў ЗША і ў 1968 была вернутая ў Польшчу, дзе дагэтуль захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве.
Невядомыя акалічнасьці, у якіх 16 са 167 адасланых Баброўскаму аркушаў сталі ўласнасьцю памешчыка Стральбіцкага. У 1856 року гэтая частка выкупленая акадэмікам Афанасіем Бічковым для Публічнай бібліятэкі ў Санкт-Пецярбургу, дзе захоўваецца да цяперашняга часу.
Кодэкс публікаваўся Франам Міклашычам (Вена, 1851), Сяргеем Севяранавым (Suprasalьskaja rukopisь, Санкт-Пецярбург, 1904) і Ёрданам Заімавым з Марыё Капальдам (Сафія, 1982—1983).
Супрасьлеўскі кодэкс — самая раньняя і найістотнейшая крыніца па дасьледаваньні славянскіх моваў і альфабэтаў.
260-ы аркуш рукапісу зьмяшчае нататку г(оспадз)і памілуй рэтыка амінь. Некаторыя экспэрты лічаць, што гэта імя перапісчыка, і што тэкст быў скапіяваны зь некалькіх крыніцаў. Дасьледаваньні паказваюць, што прынамсі адна з крыніцаў магла быць глаголічнай (для Епіфанавай «Гаміліі на пахаваньне»).
Вымаўленьне літары «ъ», рэдкія эпэнтэзы, замена ъ на ь перад цьвёрдымі ч, ж, ш і некаторыя іншыя лінгвістычныя прызнакі паказваюць на баўгарскае паходжаньне. Акрамя стараславянскага пачатковага спалучэньня ра (з *or), у помніку прадстаўленае і спалучэньне ро, што, відавочна, паказвае на заходнеславянскую моўную асаблівасьць: рабъ і робъ, развѣ і розвѣ, равьнъ і ровьнъ.
Супрасьлеўскі кодэкс — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
|