Супрасьля лац. Supraśla | |||||
польск. Supraśl | |||||
Вуліца да манастыра | |||||
| |||||
Дата заснаваньня: | 1500 | ||||
Краіна: | Польшча | ||||
Ваяводзтва: | Падляскае | ||||
Павет: | Беластоцкі | ||||
Плошча: | 5,68 км² | ||||
Насельніцтва (2017) | |||||
колькасьць: | 4621 чал. | ||||
шчыльнасьць: | 813,56 чал./км² | ||||
Часавы пас: | UTC+1 | ||||
летні час: | UTC+2 | ||||
Тэлефонны код: | +48 85 | ||||
Паштовы індэкс: | 16-030 | ||||
Нумарны знак: | BIA | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 53°13′0″ пн. ш. 23°20′0″ у. д. / 53.21667° пн. ш. 23.33333° у. д.Каардынаты: 53°13′0″ пн. ш. 23°20′0″ у. д. / 53.21667° пн. ш. 23.33333° у. д. | ||||
Супрасьля | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
Афіцыйны сайт |
Супрасьля[1] (польск. Supraśl) — места ў Польшчы, на рацэ Супрасьлі. Цэнтар меска-сельскай гміны Беластоцкага павету Падляскага ваяводзтва. Насельніцтва на 2017 год — 4621 чалавек. Знаходзіцца за 15 км на паўночны ўсход ад Беластоку.
Супрасьля — даўняе мястэчка гістарычнай Гарадзеншчыны (частка Троччыны), старажытны замак[2] і рэлігійна-асьветніцкі цэнтар Вялікага Княства Літоўскага, на этнічнай тэрыторыі беларусаў. Да нашага часу тут захаваўся комплекс манастыра Зьвеставаньня Багародзіцы, помнік архітэктуры XVI—XVIII стагодзьдзяў.
Гісторыя Супрасьлі пачалася ў 1500 годзе ў зьвязку зь пераносам уніз ракою Гарадоцкага манастыра Зьвеставаньня Багародзіцы. Паселішча ўваходзіла ў склад Гарадзенскага павету Троцкага ваяводзтва[3]. У 1511 годзе ў Супрасьлі асьвяцілі новазбудаваную царкву Зьвеставаньня Багародзіцы — адзін з найвыдатнейшых помнікаў архітэктуры Вялікага Княства Літоўскага. У 1532—1557 гадох у манастыры выканалі ўнікальныя фрэскі (першапачаткова пакрывалі сьцены і скляпеньне прэзьбітэрыюма, а таксама сярэдзіну галоўнага корпусу; аўтар — сэрбскі манах Нэктары па мянушцы Маляр).
У XVII ст. Супрасьля стала важным культурным і рэлігійным цэнтрам, тут знаходзілася багатая бібліятэка. У 1695 годзе пры манастыры пачала дзеяць друкарня, якая стала важным цэнтрам кірылічнага кнігадрукаваньня і пашырэньня кніг, надрукаваных кірылічным альфабэтам. У друкарні пабачылі сьвет каля сотні кірылічных выданьняў, а таксама іншыя кнігі рэлігійнага і сьвецкага зьместу, агульнай колькасьцю звыш пяці сотняў пазыцыяў. Сярод найбольш вядомых выданьняў — «Собрание припадков краткое» — першы падручнік багаслоўя на старабеларускай мове, а таксама першы славянска-польскі друкаваны «Лексікон» і першы кірылічны помнік нотадрукаваньня ў зборніку «Пасьледаваньне пострыгу»[4]. Захаваліся імёны супрацоўнікаў тыпаграфіі (другая палова ХVІІІ ст.) — гэта друкары Антон Чарняўскі, Крастомскі, Адам Генрых Падзябранскі, мастак і прафэсар жывапісу Антоні Грушэцкі, гісэр Аляксей Завадзкі»[5]. У 1711 годзе ў Супрасьлі пачала працаваць паперня.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Супрасьля апынулася ў складзе Прусіі, у Беластоцкім дэпартамэнце. У 1807 годзе згодна з Тыльзіцкай мірнай дамовай паміж Расеяй і Францыяй, мястэчка апынулася ў Беластоцкай вобласьці Расейскай імпэрыі.
У 1-й палове ХІХ ст. у зьвязку з удзелам манахаў у паўстаньні Т. Касьцюшкі і вызвольным паўстаньні 1830—1831 гадоў Супрасьлеўскі манастыр заняпаў, бібліятэку вывезьлі зь мястэчка (большай часткай у Вільню), тады ж згубіўся найкаштоўнейшы яе скарб — найстарэйшы напісаны кірыліцай рукапіс ХІ стагодзьдзя. У сярэдзіне ХІХ ст. Супрасьля стала буйным цэнтар тэкстыльнай прамысловасьці.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Супрасьлю занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Супрасьля абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР[6]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Супрасьля апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Беластоцкім ваяводзтве.
З пачаткам Другой сусьветнай вайны 15 верасьня 1939 году Супрасьлю акупавалі войскі Трэцяга Райху, але праз тыдзень места перадалі СССР згодна з пактам Молатава-Рыбэнтропа. У лістападзе 1939 году Супрасьля ўвайшла ў склад БССР, у Беластоцкую вобласьць. З чэрвеня 1941 да верасьня 1944 году места зноў знаходзілася пад нямецкай акупацыяй, у гэты час зьнішчылі манастырскую царкву. 16 жніўня 1945 году ўлады СССР перадалі Супрасьлю Польскай Народнай Рэспубліцы. У 1975—1998 гадох места ўваходзіла ў Беластоцкае ваяводзтва.
На канец XX ст. ў ваколіцах Супрасьлі адзначалася бытаваньне назвы люцьвіны (Lućwiny)[7].
У 1980-я гады аднавіў дзейнасьць манастыр Зьвеставаньня Багародзіцы (у юрысдыкцыі Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы). У 1996 годзе польскі ўрад замацаваў увесь манастырскі комплекс за ПАПЦ, пачаліся рэстаўрацыйныя працы. У 2000-я гады ўлады Беларусі надалі дапамогу ў адбудове манастыра[8]. 7 сьнежня 2007 году ў касьцёле Найсьвяцейшай Тройцы адбылася першая Боская Літургія ва ўсходнім абрадзе ад часоў Другой сусьветнай вайны[9].
У Супрасьлі працуюць пачатковая і сярэдняя школы, гімназія, спартовы і мастацкі ліцэі.
Прадпрыемствы тэкстыльнай, швацкай, дрэваапрацоўчай прамысловасьці, керамічнае рамяство.
З 1999 году Супрасьля мае статус курорту[11]. Тут знаходзіцца адміністрацыя прыроднага парку Кнышынскай пушчы.
У палацы архімандрытаў дзее музэй абразоў. У месьце ладзяцца рэгулярныя культурныя фэсты і імпрэзы.
Пералік местаў-сяброў Супрасьлі |
---|
|