Сыд Барэт | |
Роджэр Кіт Барэт | |
Дата нараджэньня | 6 студзеня 1946[1] |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 7 ліпеня 2006[3][1] (60 гадоў) |
Месца сьмерці | |
Прычына сьмерці | рак падстраўнікавай залозы[d][4] і цукровы дыябэт |
Месца вучобы | |
Прафэсія | сьпявак, аўтар песень, ґітарыст, паэт, мастак |
Гады дзейнасьці | 1960-я |
Жанры | псыхадэлічны рок, касьмічны рок, псыхадэлічны фолк |
Інструмэнты | сьпеў, ґітара |
Гурты | Pink Floyd |
Супрацоўніцтва | Soft Machine |
Лэйблы | EMI |
Сайт | sydbarrett.com (анг.) |
Ро́джэр Кіт «Сыд» Ба́рэт (анг. Roger Keith «Syd» Barrett; 6 студзеня 1946, Кембрыдж, Анґельшчына — 7 ліпеня 2006, Кембрыдж, Анґельшчына) — анґельскі выканаўца аўтарскай музыкі, ґітарыст, паэт, мастак, найбольш вядомы як заснавальнік псыхадэлічнага (тады) гурту Pink Floyd. Ён быў вядучым сьпеваком, ґітарыстам і галоўным аўтарам песень Pink Floyd у так званыя псыхадэлічныя часы. Быў вымушаны пакінуць гурт з прычыны псыхічных захворваньняў, якія ён выклікаў прыёмам цяжкіх наркотыкаў.
Акрамя таго, што ён быў пачынальнікам псыхадэлічнага року (анг. psychedelic rock) з уласнай экспрэсіўнай манэрай гульні на ґітары, Барэт таксама быў пачынальнікам касьмічнага року (анг. space rock) і псыхадэлічнай фолк музыкі (анг. psychedelic folk). Ён быў актыўны ў музыцы каля 7 гадоў, запісаўшы 4 самотнікі, два альбомы ды некалькі песень гурту Pink Floyd; як самастойны музыка ён выдаў самотнік, 2 альбомы, трэці з раней невыдадзенымі песьнямі, да таго як паглыбіўся ў сябе.
У пасьлямузычныя часы, ён працягнуў займацца маляваньнем і прысьвяціў сябе цалкам садоўніцтву, ніколі не паказваючыся на публіцы. Памёр у 2006. Пачынаючы з 80-х гадоў было напісана некалькі біяґрафіяў аб ім, а Pink Floyd напісалі ды прысьвяцілі некалькі песень Барэту пасьля ягонага сыходу з гурта, найбольш вядомыя зь якіх месьцяца на альбоме Wish You Were Here.
Пачынаючы з 1964 году, гурт, які ў будучыне стане Pink Floyd, прайшоў праз цэлы шэраг зьмен назоваў і складаў, сярод якіх былі «The Abdabs», «The Screaming Abdabs», «Sigma 6» і «The Meggadeaths», спыніўшыся на «The Tea Set». У 1964 годзе да The Tea Set далучаецца Сыд Барэт. Але калі ім выпала граць з гуртам, які меў аднолькавую назву, Барэт прапанаваў назвацца «The Pink Floyd Sound» (пазьней проста The Pink Floyd ці Pink Floyd). Ён выдумаў гэты назоў, склаўшы імёны двух вядомых блюз-выканаўцаў — Пінка Андэрсана(en) і Флойда Консыла(en), пра якіх ён дазнаўся з заметкі Пола Олівэра на канвэрце вінілавай кружэлкі Blind Boy Fuller (Philips BBL-7512) 1962 году. Акрамя гэтага Барэт распаўсюджваў гісторыю, паводле якой назоў гурту быў перададзены яму зь лятальнай талеркі[6].
Спачатку Pink Floyd пераігрывалі стандарты амэрыканскага рытм-н-блюзу (як і іхнія сучасьнікі The Rolling Stones, The Yardbirds, The Kinks), і ў 1965 яны выпрацавалі свой уласны імправізацыйны стыль выкананьня рок-н-ролу, які браў нешта з джэзу ды з такіх поп-рок гуртоў накшталт The Beatles. У 1965 годзе адчыніўся клюб UFO, які хутка стаўся раем для брытанскай псыхадэлічнай музыкі. Pink Floyd былі заўсёднымі гасьцямі гэтага клюбу і мелі вялікую папулярнасьць у тамтэйшых наведвальнікаў, а пасьля выступаў у канкурэнтным Roundhouse, яны сталі найбольш папулярнымі ва ўсім так званым «лёнданскім андэґраўдзе» — сцэне псыхадэлічнай музыкі.
|