Сымон Будны лац. Symon Budny | |
Будны смажыцца ў пекле за ерась — карыкатура езуіта С. Рэшка | |
Род дзейнасьці | пісьменьнік, публіцыст, кнігавыдавец, пратэстанцкі рэлігійны дзяяч, філёзаф |
---|---|
Дата нараджэньня | студзень 1530 або 1530[1] |
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 13 студзеня 1593[1] |
Месца сьмерці | |
Месца вучобы | |
Занятак | перакладнік, друкар, пісьменьнік, філёзаф, гісторык, перакладнік Бібліі, сьвятар |
Сымо́н Бу́дны (каля 1530[2] — 13 студзеня 1593) — пратэстанцкі царкоўны дзяяч, вучоны-філёзаф, пісьменьнік, публіцыст і кнігавыдавец Вялікага Княства Літоўскага. Надрукаваў Новы Запавет з камэнтарамі і заўвагамі, што стала першаю ў сусьветнай літаратуры спробаю радыкальна рацыяналістычнае крытыкі Эвангельля.
Адзін зь першых ідэёлягаў разьвіцьця беларускае культуры на роднай мове, праз што залічваецца да беларускіх пэрсаналіяў[3].
Дакладнае месца і час нараджэньня Сымона Буднага дагэтуль ня высьветленыя. На пачатку XX стагодзьдзя польскі дасьледнік Гэнрык Мэрчынг выказаў здагадку, што Будны нарадзіўся недзе на тэрыторыі Мазовіі[4]. Пазьней гэтую тэорыю разьвівалі Станіслаў Кот[5], Мсьціслаў Аляхновіч[6] і іншыя польскія аўтары. Гіпотэзу пра мазурскае паходжаньне Буднага пераняў і беларускі дасьледнік Сямён Падокшын, які ў 1966 годзе ў біяграфічным нарысе пра Буднага напісаў: «Нарадзіўся ён у вёсцы Буды (Мазовія)»[7].
Зрэшты, ніякіх дакумэнтальных зьвестак пра мазурскае паходжаньне Буднага не існуе[8] і лінгвістычны аналіз ягоных польскамоўных твораў не выяўляе мазурскага лексычнага закрасу, а, як адзначае Вітаўт Тумаш, наадварот, мае ў сабе некаторыя слоўныя элемэнты беларускае мовы, як «swar», «szczyry», «pomirzyli», «uczyciel», «miesca», «szyroko», «inszy», «Christianski», «po kraioch» і многія іншыя[8] (гл. далей: Моўныя адметы С. Буднага). У 1934 годзе гісторык польскай мовы і культуры Аляксандар Брукнэр у адной з сваіх рэцэнзіяў таксама ставіў пад сумнёў наяўнасьць мазурскга пласта ў дзейнасьці Сымона Буднага:
Будны мае быць мазуром – ды скуль здабыў ён гэтулькі дазнаньня, а навет гэтак пераняўся рушчынай, што па-руску і свае творы друкаваў, і ў сваёй польскай мове падточваў рушчынай?.. Не знайсьці ў яго аніводнага мазурскага слоўца[9] | ||
Адзінаю крыніцаю, якою кіраваліся раньнія дасьледнікі паходжаньня Сымона Буднага зьяўляецца кароткі запіс ў мэтрыцы Кракаўскага ўнівэрсытэту за 19 кастрычніка 1544 г., дзе напісана: «Simon Alberti de Budny dioc Plocensis 1 gr. s.». Адгэтуль Станіслаў Кот зрабіў вывад, што прозьвішча «de Budny» зьяўляецца паказьнікам паходжаньня ягонага носьбіта з «Буды»[5], аднак, як адзначае Вітаўт Тумаш, толькі ў межах пасьляваеннай БССР налічвалася каля 140 селішчаў з назовамі Буда, Буды[10], а, улічваючы этнічную тэрыторыю расьсяленьня беларусаў па-за межамі рэспублікі, колькасьць населеных пунктаў з назваю «Буды» павялічваецца да некалькіх сотняў[8].
Уважаючы дакумэнтальную адсутнасьць па даным пытаньні, скарыназнаўца Вітаўт Тумаш адзначае, што з факту абазнанасьці Буднага ў некаторых нутраных справах і падзеях 1530-х гадоў блізкага ад Беластоку Супрасьлеўскага манастыра (гл. Дабравешчанская царква (Супрасьль)), падзеях з часоў ягонага маленства і зьвязаныя з учынкамі архімандрыта Сяргея Кімбара, можна дапусьціць, што Будны паходзіў зь недалёкае ад манастыра мясцовасьці, недзе зь земляў беларускага Падляшша[8].
Каля 1544 Будны паступіў на факультэт свабодных мастацтваў Кракаўскага ўнівэрсытэту, дзе атрымаў грунтоўную гуманітарную і багаслоўскую адукацыю. Магчыма, пасьля Кракава ён працягваў вучобу ў Базэльскім пратэстанцкім унівэрсытэце.
У 1558 Будны прыехаў у Вільню, дзе заняў пасаду катэхізіста (настаўніка пратэстанцкай суполкі) з абавязкам выкладаць асновы кальвінісцкага вучэньня дзецям і дарослым. У выніку гэтае дзейнасьці, якая працягвалася два гады, у 1562 годзе выходзіць яго «Катэхізіс».
Ідэяй адукацыі «простых людзей» Сымон Будны захапіўся ў 1560 годзе ў часе працы на пасадзе прапаведніка ў Клецку[11]. Сумесна зь нясьвіскім прапаведнікам Мацеем Кавячынскім, яго братамі, кальвінісцкім прапаведнікам Лаўрэнціем Крышкоўскім Будны заснаваў у Нясьвіжы друкарню. Грашовую дапамогу на яе ўтрыманьне аказалі Мікалай Радзівіл «Чорны» і будучы канцлер вялікі літоўскі Астафей Валовіч. На загад апошняга зь Вільні былі перавезеныя шрыфты Францішка Скарыны, што паскорыла зьяўленьне «Катэхізіса» ўжо ў чэрвені 1562 году.
Аўтарамі гэтай кнігі фармальны былі С. Будны, М. Кавячынскі і Л. Крышкоўскі, аднак галоўная роля ў яе напісаньні належала Буднаму. Катэхізіс уяўляе сабой кароткія пытаньні на рэлігійную тэму і разгорнутыя адказы. Спэцыфіка мовы заключалася ў тым, што побач з рускаю моваю прыводзяцца вялікія цытаты на царкоўна-славянскай мове, якія нічым не абазначаюцца. Такім парадкам Будны пайшоў далей за Францішка Скарыну на шляху збліжэньня пісьмовае мовы рэлігійных твораў і жывое беларускае мовы.
У кастрычніку 1562 году ў Нясьвіскай друкарні выйшаў другі беларускі твор таго ж аўтарскага калектыву «Пра апраўданьне грэшнага чалавека перад Богам». Ён, аднак, да нашага часу не захаваўся.
Сымон Будны зьяўляўся прыхільнікам дыялектыкі:
Няхай паважаныя калегі ведаюць і памятаюць пра тое, што навука прыгожага маўленьня, па-грэцку дыялектыка, — ня вымысел паганскіх філёзафаў, як думаюць малаадукаваныя людзі, а дар Божы, рэч, дадзеная чалавеку прыродай[12] | ||
У гэтым разьдзеле няма спасылак на якія-небудзь крыніцы.
|
Будны належаў да памяркоўнай рэлігійна-рэфармацыйнай плыні, блізкай да кальвінізму, якая на Беларусі і ў Літве называлася эвангелічнай. Але ў пач. 1560-х гадоў у яго ўзьніклі сумненьні наконт трактоўкі асноўных палажэньняў хрысьціянскай дагматыкі — дагмата Тройцы і прыроды Хрыста. Спробай пераацэнкі хрысьціянскага веравучэньня тлумачыцца зварот Будны да вывучэньня патрыстычнай літаратуры, г.зн. рэлігійнай філязофіі таго пэрыяду, калі хрысьціянства яшчэ не было дагматызавана. У 1564 сумесна з Крышкоўскім Будны пераклаў на польскую мову і выдаў у Нясьвіжы «Гутаркі сьвятога Юсьціна, філёзафа і пакутніка з Трыфанам-іудзеем».
У сярэдзіне 1560-х гадоў Будны — адзін з ідэолягаў антытрынітарызму, радыкальнай плыні беларуска-літоўскай Рэфармацыі. Ён удзельнічаў у рабоце сынодаў — зьездаў беларускіх, літоўскіх і польскіх арыян (антытрынітарыяў), або літоўскіх і польскіх братоў, дзе ў вострых дыскусіях абараняў сваё рэлігійна-філязофскае і сацыяльна-палітычнае вучэньне. У 1565, пасьля сьмерці Мікалая Радзівіла Чорнага, Будны пакінуў Клецак і пераехаў у Холхла, куды яго запрасіла Ганна Кішка — удава віцебскага ваяводы.
У 1572 пісьменьнік з Холхла пераехаў у Заслаўе (пад Менскам). У гэтым жа годзе ў поўным аб’ёме пабачыла сьвет Біблія Сымона Буднага (ці Нясьвіская Біблія). У гэты пэрыяд у лёсе асьветніка адбыўся пералом. Ён знайшоў новага мэцэната ў асобе беларускага магната-арыяніна Яна Кішкі. Восеньню 1573 апошні прапанаваў яму пасаду міністра (прапаведніка) у Лоску, заснаваў там друкарню і аддаў яе ў поўнае ягонае распараджэньне. У 1574 у Лоскай друкарні выйшаў Новы запавет з прадмовай і камэнтарамі Буднага, што былі апушчаны ў нясьвіска-ўзьдзенска-заслаўскай Бібліі.
Вялікае значэньне Будны надаваў прапагандзе сваіх рэлігійна-філязофскіх ідэй і на Захадзе. На працягу 1574 ён выдаў у Лоскай друкарні на лацінскай мове некалькі твораў: «Аб дзьвюх прыродах Хрыста», «3 нагоды аргумэнтаў Сімлера», «Кароткі доказ, што Хрыстос не зьяўляецца такім жа богам, як бацька» і інш.
У гэтым разьдзеле няма спасылак на якія-небудзь крыніцы.
|
У 1576 у Лоску выйшаў у сьвет галоўны рэлігійна-філязофскі твор Буднага «Пра найважнейшыя палажэньні хрысьціянскай веры», у якім ён абагульніў свае радыкальныя ідэі. Трактат Буднага «Пра найбольш важнейшыя палажэньні хрысьціянскай веры» пераважна палемічны. У ім аўтар дыскутуе ня толькі з трынітарыямі, але і з прыхільнікамі дытэізму (двухбожжа) — Пятром з Гонядзі і Станіславам Фарноўскім. У гэтым творы ён распрацоўвае ўнітарную канцэпцыю Бога і натуралістычную вэрсію паходжаньня Хрыста. Паводле Буднага, богам зьяўляецца толькі Бог Айцец, Сьвяты Дух — сіла боская. Хрыстос жа наогул ня мае ніякіх адносінаў да боскай супольнасьці паколькі па сваім паходжаньні ён натуральны чалавек, узьведзены ў боскі сан дзякуючы сваім высокім маральным якасьцям і заслугам у прапагандзе хрысьціянства. Гэта была не тэалягічная, а тыповая філязофска-рацыяналістычная інтэрпрэтацыя, якая разбурала традыцыйны асноватворны хрысьціянскі дагмат.
Апошнія гады Будны жыў пры дварах выпадковых мэцэнатаў. Да 1956 дакладная дата сьмерці Буднага не была вядома. Яе ўстанавіў Станіслаў Кот. У каралеўскай бібліятэцы Капэнгагену ён знайшоў выдадзены ў 1603 у Вільні Міхалам Алясьніцкім твор, накіраваны супраць антытрынітарыяў. Аўтар піша: «Сьмерць Сымона Буднага, правадыра і кіраўніка перахрышчэнцаў Літвы, якая наступіла 13 студзеня 1593 у Вішневе, была жудаснай і агіднай. Ужо за два гады да сьмерці ён зусім звар’яцеў, не хацеў нічога чуць і ведаць пра Бога і Хрыста. Нават за тры дні да сьмерці раздаваўся яго страшэнны крык, які напаўняў двор пана Льва Маклока і яго суседзяў. А калі цівун пан Віткоўскі пераконваў яго, каб у апошнія свае дні ён зьвярнуўся да Бога, ён злавіў яго руку і сказаў: „Клянуся, я ня ведаю ніякага Бога і ніякага Хрыста“». Прыблізна тое ж самае пра сьмерць Буднага паведамляе Марцін Лашч (Жаброўскі). Паведамленьні гэтыя, аднак, выключна тэндэнцыйныя, паколькі належаць яго ідэйным праціўнікам.
Катэхізіс Сымона Буднага перавыдаваўся 2 разы. Першы раз у Стакгольме ў 1628 годзе, а другі — у Менску ў 2005. Да 2005 году бібліятэкі Беларусі ня мелі ніводнага асобніку гэтай кнігі, а з кнігай маглі пазнаёміцца толькі дасьледчыкі, у аддзеле рэдкай кнігі Нацыянальнай бібліятэкі і толькі з ксэракопіяй. У Беларусі дагэтуль няма арыгіналу гэтай кнігі.
Сымон Будны — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў