Сымон Чаховіч | |
![]() | |
Дата нараджэньня | 22 ліпеня 1689 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 21 ліпеня 1775[1][2][3][…] (85 гадоў) |
Месца сьмерці | |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | маляр |
Навуковая сфэра | малярства |
Плынь | жывапіс барока[d] |
Сымон Чаховіч, таксама Шыман Чаховіч (па-польску: Szymon Czechowicz; 22 ліпеня 1689 году (па іншых зьвестках, гэта дата хрышчэньня), Кракаў — 21 ліпеня 1775, Варшава) — польскі мастак, які працаваў у Польшчы і ВКЛ; адзін з найбольш выдатных жывапісцаў другой паловы XVIII стагодзьдзя ў Рэчы Паспалітай.
Нарадзіўся ў сям’і залатых спраў майстра Яна Чаховіча. У раньняй маладосьці пры двары Францыска Максіміліяна Асалінскага спачатку граў у капэле, затым навучаўся ў невядомага мастака выяўленчаму мастацтву. Пазьней навучаўся мастацтву ў Акадэміі Сьвятога Лукі ў Рыме (самыя раньнія зьвесткі аб яго знаходжаньні ў Рыме адносяцца да 1714 году) і затым доўгі час жыў там. У 1716 атрымаў дзьве ўзнагароды акадэміі за два свае малюнкі.
У 1753 і 1770 гадах жыў у Літве і тут стварыў свае найбольш каштоўныя творы. Каля 1770 напісаў 44 карціны для Полацкай езуіцкай калегіі (у тым ліку партрэты Папы Паўла III, Папа Рыгора XIII, біскупа Яўстаха Валовіча, караля Стэфана Баторыя).
Апошнія гады правёў у Варшаве, дзе з дапамогай вучняў пісаў карціны для варшаўскіх касьцёлаў. Памёр у Варшаве і быў пахаваны ў крыпце братоў капуцынаў.
Вялікая колькасьць карцін Чаховіча была выканана з дапамогай вучняў; Чаховіч выхаваў новае пакаленьне мастакоў, якія працавалі ўжо ў канцы XVIII стагодзьдзя.
Лічыцца найбольш выбітным мастаком Рэчы Паспалітай свайго часу, хоць яго барочныя, трохі сэнтымэнтальныя творы ўжо не зусім адпавядалі густам другой паловы XVIII стагодзьдзя і па сваёй стылістыцы адставалі ад стылістыкі Заходняй Эўропы.
Рэлігійныя карціны Чаховіча былі вельмі папулярныя ў Літве, іх працягвалі капіраваць у XIX стагодзьдзі. У розных касьцёлах Беларусі і Літвы знаходзяцца копіі яго вобразаў; да самых распаўсюджаных копій адносяцца «Сьвяты Язэп» і «Сьвяты Ян Кэнтыйскі».
Палотны Чаховіча захоўваюцца ў Музэі князёў Чартарыйскіх і Нацыянальным музэі ў Кракаве, Нацыянальным музэі ў Варшаве, Мастацкім музэі Летувы ў Вільне, Львоўскай карціннай галерэі, Дзяржаўным Расейскім музэі ў Санкт-Пецярбургу і іншых музэйных зборах. Намаляваў шмат рэлігійных карцін для кляштара візытак у Варшаве, якія захоўваюцца на яго тэрыторыі па сёньняшні дзень.[4]
Пісаў партрэты, абразы, займаўся манумэнтальным жывапісам. Самая раньняя зь вядомых прац Чаховіча адносіцца да 1715 году («Расьпяцце» ў рызьніцы рымскага касьцёлу Сьвятога Станіслава, па карціне Гвіда Рэні). Напісаў на палатне карціны «Хрыстос сярод фарысэяў» (па гравюры з кампазыцыяй Пітэра Паўля Рубэнса) і «Забіваньне немаўлят» (па карціне Рэні).
У 1731—1734 гадах для палацу Асалінскага ў Стэрдыне напісаў партрэты ў поўны рост Францыска Максіміліяна Асалінскага і Юзэфа Асалінскага. Напісаў таксама партрэты Яна Фрыдэрыка Сапегі, князя Юзэфа Міхала Масальскага і іншых вяльможаў.
У Вільні напісаў абразы для касьцёлаў Сьвятой Тэрэзы, Сьвятой Кацярыны, дамініканскага касьцёла Сьвятога Духу, Сьвятога Рафаіла, Сьвятога Стафана і іншых храмаў. Магчыма, браў удзел у стварэньні росьпісу Нясьвіскай калегіі касьцёлу Божага Цела.
Выкарыстоўваў іконаграфічныя кампазыцыі Рафаэля, флямандзкіх жывапісцаў (у прыватнасьці, П. П. Рубэнса і А. ван Дэйка). У царкоўных абразах выступае пасьлядоўнікам жывапісу сьпелага рымскага барока, асабліва Карла Мараці і Бэнэдэта Луці. Прыкметны таксама ўплыў Рэні і Мікелянджэлё.
Сымон Чаховіч — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў