Сьмерць ад сьмеху

Хрысіп Салійскі — страражытнагрэцкі філёзаф (III стагодзьдзе да н.э), памёр ад сьмеху

Сьмерць ад сьмеху — досыць рэдкая і спэцыфічная зьява, пры якой доўгі і некантралюемы сьмех робіцца прычынаю біялягічнае сьмерці чалавека. У большасьці выпадкаў працяглы сьмех зьяўляецца прычынай сардэчнай недастатковасьці. Да таго ж, сьмерцю ад сьмеху часам лічыцца гібель, якая выкліканая стратай самакантролю падчас прыступу рогату.

Гістарычныя прыклады

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Існуе некалькі гістарычных прыкладаў сьмерці ад сьмеху, некаторыя зь якіх можна лічыць дакладнымі:

  • У III ст. да н.э. філёзаф Хрысіп пачаставаў свайго асла віном і неўзабаве памёр ад сьмеху, гледзячы, як жывёла спрабуе есьці інжыр.
  • Ёсьць згадкі, што бірманскі кароль Нандабаін памёр ад сьмеху ў 1599 годзе, калі даведаўся, што Вэнэцыя зьяўляецца дзяржаваю без караля.
  • У 1660 г. шатляндзкі арыстакрат, пісьменьнік і перакладчык Томас Уркхарт па адной з вэрсіяў памёр ад сьмеху, даведаўшыся пра рэстаўрацыю Карла II.
  • 7 лістапада 1893 г. вядомы кубінскі паэт Хуліан дэль Касаль вячэраў зь сябрамі, адзін з гасьцей распавёў анекдот, ад якога ў паэта пачаўся бескантралюемы прыступ рогату. Сьмех выклікаў разрыў анэўрызмы аорты, крываток і раптоўную гібель.