Сяргей Пясэцкі | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 1 красавіка 1901[1] |
Памёр | 12 верасьня 1964[1] (63 гады) |
Пахаваны | |
Сужэнец | Jadwiga Waszkiewicz[d] |
Дзеці | Władysław Tomaszewicz[d] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | пісьменьнік |
Гады творчасьці | з 1934 |
Мова | польская мова[2], расейская мова і беларуская мова |
Сяргей Пясэцкі (па-польску: Sergiusz Piasecki; 1 красавіка 1901 — 12 верасьня 1964) — адзін з найбольш яскравых беларуска-польскіх пісьменьнікаў беларускага паходжаньня XX стагодзьдзя.
Нарадзіўся ў Ляхавічах у сям’і беларускі і зрушчанага паляка. У часы кастрычніцкага перавароту ў лістападзе 1917 году ён апынуўся ў Маскве. А празь некалькі месяцаў пазьней вярнуўся на радзіму і далучыўся да беларускага антысавецкага руху «Зялёны Дуб», а пазьней да Літоўска-Беларускае дывізіі польскага войска. Пасьля вайны працаваў агентам польскай выведкі. Пазьней учыніў некалькі паважных злачынстваў і быў асуджаны на 15 гадоў зьняволеньня.
Пясэцкі стаўся пісьменьнікам выпадкова. Ягоная вязьніцкая проза прыцягнула ўвагу слыннага польскага пісьменьніка і журналіста Мэльхіёра Ваньковіча. Той заахвоціў яго працягваць пісьменьніцкія намаганьні і дапамог яму выдаць першую кніжку — «Каханак Вялікай Мядзьведзіцы». Выданьне і нечуваны посьпех кніжкі сталіся для Пясэцкага ключом, які адкрыў ягоную вязьніцу.
У час савецкай і нямецкай акупацыяў заходніх беларускіх зямель ён стаўся катам польскай Краёвай Арміі і выконваў сьмяротныя прысуды, якія выносілі падпольныя польскія суды.
Памёр ад рака ва Ўэльсе, Вялікабрытанія. На ягоным надмагільным камяні высечаная Вялікая Мядзьведзіца.
Ягоная проза грунтавалася на найбольш экстрэмальных жыцьцёвых прыгодах. Пясэцкі магчыма найбольш вядомы кніжкай сваёй аўтабіяграфіяй «Каханак Вялікай Мядзьведзіцы» («Kochanek Wielkiej Niedzwiedzicy») і антысавецкай сатырай «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» («Zapiski oficera Armii Czerwonej»).
«Запіскі афіцэра чырвонай арміі» — дзёньнікавыя апавяданьні малодшага лейтэнанта Мішкі Зубава пра свае ўражаньні ад візыту ў Заходнюю Беларусь ад 17 верасьня 1939 году да студзеня 1945 году: у Лідзе, Вільні і пад Вільняй. Пераклад на беларускую мову зрабіў Алесь Астраўцоў. Кніжнае выданьне пабачыла сьвет у Менску ў 2005 годзе. Запіскі друкаваныя наркамаўкай.
Варта адзначыць, што польская мова не была для Пясэцкага роднай — роднымі мовамі былі беларуская і расейская. Польскую мову пісьменьнік адно засвоіў будучы дарослым.