Сярпейск лац. Siarpiejsk | |||||
| |||||
Краіна: | Расея | ||||
Суб’ект фэдэрацыі: | Калуская вобласьць | ||||
Муніцыпальны раён: | Мяшчоўскі | ||||
Насельніцтва: | 1265 чал. (2012) | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Паштовы індэкс: | 249246 | ||||
Нумарны знак: | 40 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 54°20′7″ пн. ш. 34°59′20″ у. д. / 54.33528° пн. ш. 34.98889° у. д.Каардынаты: 54°20′7″ пн. ш. 34°59′20″ у. д. / 54.33528° пн. ш. 34.98889° у. д. | ||||
Сярпейск | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Сярпейск — сяло ў Расеі, на рацэ Сярпейцы. Уваходзіць у склад Мяшчоўскага раёну Калускай вобласьці. Насельніцтва на 2012 год — 1265 чалавек. Знаходзіцца за 20 км ад Мяшчоўску, за 104 км ад Калугі.
Сярпейск — даўняе места гістарычнай Смаленшчыны.
Першы пісьмовы ўпамін пра Сярпейск датуецца 1406 годам, калі ён уваходзіў у склад Вялікага Княства Літоўскага. У 1494 годзе Сярпейск захапіў маскоўскі гаспадар Іван III, але паводле мірнай дамовы, вярнуў яго вялікаму князю Аляксандру. У 1500 годзе места апынулася ў складзе Маскоўскай дзяржавы.
У 1613 годзе Сярпейск вярнуўся ў склад Вялікага Княства Літоўскага, што пацьвердзіла Дэвулінскае замірэньне 1618 году. Ён увайшоў у склад Смаленскага павету Смаленскага ваяводзтва. У 1632 годзе места захапілі маскоўскія войскі.
Захавалася сьведчаньня азначэньня жыхароў Сярпейску ліцьвінам (літвой): паводле роспыту 1632 году аднаго з палонных, «людзі Сярпейскага павету» азначаліся як «Літва і Рускія»[1].
Паводле Палянаўскай дамовы 1634 году Сярпейск апынуўся ў складзе Маскоўскай дзяржавы. У 1776 годзе места стала цэнтрам павету ў Калускім намесьніцтве. У 1777 годзе ўлады даравалі Сярпейску герб. Пазьней места ўвайшло ў склад Мяшчоўскага павету.
У пачатку XX ст. у Сярпейску быў пляц, 14 вуліцаў і 2 завулкі, дзеялі 3 царквы, працавалі расейская прыходзкая вучэльня, паштовая станцыя, палатняная і прадзільная фабрыкі, штогод праводзілася 2 кірмашы. У гэты час адзначалася, што ў Калускай губэрні жыхароў правабярэжжа ракі Угры (у тым ліку Мяшчоўскага павету, куды ўваходзіў Сярпейск) усё яшчэ называюць «літвой»[a][2].
У 1919 годзе Сярпейск пазбавілі статусу места. У 1929 годзе сяло ўвайшло ў склад новаўтворанага Мяшчорскага раёну Сухініцкай акругі Заходняй вобласьці (з 1937 году Смаленскай, з 1944 году Калускай вобласьці).
У Сярпейску працуюць дашкольная ўстанова, сярэдняя школа, лякарня, дом культуры.
|