Сірата

«Сіроты» (Томас Кенінгтан, 1885)

Сірата — асоба, у якой памерлі бацькі.

На 2015 год у сьвеце налічвалася звыш 15,1 млн дзяцей-сірот[1]. У Беларусі дзяржаўным забесьпячэньнем карыстаюцца дзеці-сіроты ва ўзросьце да 18 гадоў і дарослыя асобы, якія асірацелі ў дзяцінстве.

21 сьнежня 2005 г. А.Лукашэнка падпісаў Закон № 73-З «Аб гарантыях па сацыяльнай абароне дзяцей-сірот, ...», паводле 8-га артыкула якога тыя забясьпечваліся ў дзяржаўных дзіцячых прытулках «пражываньнем, харчаваньнем, адзеньнем, абуткам, мяккім інвэнтаром і абсталяваньнем, падручнікамі, навучальнымі дапаможнікамі і прыналежнасьцямі, прадметамі асабістай гігіены, іншымі прадметамі першай неабходнасьці, а таксама па дасягненьні імі ўзросту 7 гадоў — штомесяц грашовымі сродкамі на асабістыя выдаткі па ўсталяваных нормах». Забесьпячэньне захоўваецца пры паступленьні ў дзяржаўныя навучальныя ўстановы па-за дзіцячым прытулкам. Паводле 12-га артыкула Закона, сіротам «жылыя памяшканьні сацыяльнага карыстаньня дзяржаўнага жылога фонду даюцца цягам 6 месяцаў пасьля дасягненьня імі паўналецьця» і захоўваюцца за імі на праве ўласнасьці цягам усяго жыцьця. За 2007—2012 гады колькасьць сіротаў у Беларусі скарацілася з 28,2 тысячаў да 24,7 тысячаў. У выніку зачынілі 23 сіроцкія прытулкі[2]. На 1 студзеня 2012 году ў чарзе на атрыманьне памяшканьня сацыяльнага карыстаньня стаялі звыш 11 000 сіротаў[3].

Доля сіраты шырока апісваецца ў мастацтве, як цяжкая, у тым ліку ў народных прыказках і прымаўках: «Усе бачаць, як сірата скача, але ніхто ня бачыць, як яна плача», «Ніхто ня ведае, як сірата абедае», «Сірату б’юць, а плакаць не даюць», «Як сіраце жаніцца, дык і дзень кароткі», «Сіратою жыць, сьлёзы ліць»[4].

У беларускай літаратуры творы пра сіротаў напісалі Ўладзіслаў Сыракомля (драма «Магнаты і сірата», 1859 г.)[5], Алаіза Пашкевіч (апавяданьне «Сірата», 1906 г.), Якуб Колас (апавяданьне «Сірата Юрка», 1914 г.)[6], Янка Брыль (апавяданьне «Сіроцкі хлеб», 1956 г.)[7].

«Хрыстос і сірата» (Альфрэд Ромэр)

У Старым Запавеце:

  • «Ні ўдавы, ні сіраты ня ўціскайце» (Кніга Выхаду 22:22);
  • «Ты бачыш; бо Ты глядзіш на крыўды і ўціскі, каб аддаць Тваёю рукою. Табе аддае сябе бедны; сіраце Ты памочнік» (Псальмы 9:35);
  • «Пакінь сіротаў тваіх, Я падтрымаю жыцьцё іхняе, і ўдовы твае хай спадзяюцца на мяне» (Кніга прарока Ераміі 49:11).

У Новым Запавеце: «Чыстая і беспахібная пабожнасьць перад Богам і Айцом ёсьць тое, каб дагледзець сірот і ўдоваў у іхніх скрухах і захоўваць сябе неапаганенага сьветам» (Пасланьне Якава 1:27)[8].

  1. ^ Сіроты (анг.) // Дзіцячы фонд ААН, 2015 г. Праверана 10 кастрычніка 2017 г.
  2. ^ Сьвятлана Барысенка. Неўладкаваных дзяцей выяўляюць і ЖЭС, і МНС // Зьвязда : газэта. — 1 чэрвеня 2012. — № 103 (27218). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ Вольга Мядзьведзева. Права на жыльлё // Зьвязда : газэта. — 1 чэрвеня 2012. — № 103 (27218). — С. 1, 2. — ISSN 1990-763x.
  4. ^ Г. Дулеба. Прыказкі і прымаўкі Жыткаўшчыны // Газэта «Новае Палесьсе» (Жыткавічы), 24 лістапада 2009 г. Праверана 10 кастрычніка 2017 г.
  5. ^ Уладзіслаў Сыракомля. «Магнаты і сірата (Зоф'я князёўна Слуцкая)» (перакл. Ірына Багдановіч) // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, 2017 г. Праверана 10 кастрычніка 2017 г.
  6. ^ Якуб Колас. «Сірата Юрка» // Беларуская Палічка, 2017 г. Праверана 10 кастрычніка 2017 г.
  7. ^ Янка Брыль. «Сіроцкі хлеб» // Беларуская Палічка, 2017 г. Праверана 10 кастрычніка 2017 г.
  8. ^ Саборнае пасланьне апостала Якава (Разьдзел 1. Верш 27) // Біблія. Кнігі Сьвятога Пісаньня Старога і Новага Запавету / пераклад Васіля Сёмухі, рэд. Юрка Рапецкі. — Данканвіл: Агульнасусьветны друк, 2002. — С. 1385. — 1536 с. — 10 000 ас. — ISBN 1-58712-085-2

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сіратасховішча мультымэдыйных матэрыялаў