Тора Бора | |
Краіна | Аўганістан |
---|---|
Месцазнаходжаньне | горны хрыбет Сафэд Гох |
Каардынаты | 34°7′1.2″ пн. ш. 70°13′1.2″ у. д. / 34.117° пн. ш. 70.217° у. д.Каардынаты: 34°7′1.2″ пн. ш. 70°13′1.2″ у. д. / 34.117° пн. ш. 70.217° у. д. |
Тора Бора | |
Геалёгія | мэтаморфны гнэйс і лупняк |
То́ра Бо́ра (пушту: توره بوړه, «Чорная пячора») — пячорны комплекс, частка горнага хрыбту Сафэд Гох ва ўсходнім Аўганістане. Знаходзіцца ў раёне Пачыр Аў Агам правінцыі Нангархар, прыкладна за 50 км на захад ад Хайбэрскага перавалу і за 10 км на поўнач ад граніцы Фэдэральна кіраваных пляменных тэрыторыяў Пакістану.
Пасьля савецкага ўварваньня ў Аўганістан у Торы Боры з дапамогай ЦРУ ЗША была створаная вайсковая база маджагедаў[1]. Увосені 1980 року, падчас апэрацыі „Шквал“, комплекс быў узяты спэцпадразьдзяленьнем КДБ СССР „Каскад“ і 66-й мэханізаванай стралецкай брыгадай 40-й савецкай арміі.
У чэрвені 1981 року падразьдзяленьні 66-й мэханізаванай стралецкай брыгады і 11-й Джалалабадзкай пяхотнай дывізіі ізноў узялі ўмацаваньні маджагедаў у Торы Боры.
У ліпені 1983 року адбылася яшчэ адна апэрацыя 66-й мэханізаванай стралецкай брыгады ў Торы Боры.
У часе амэрыканскага ўварваньня ў Аўганістан гэты пячорны комплекс быў адной зь цьвердзяў Талібану і Аль-Каіды[2]. У сьнежні 2001 року тут адбылася бітва вайскоўцаў ЗША з баевікамі, паколькі Тора Бора была меркаваным месцам хованкі лідэра Аль-Каіды Усамы бін Ладэна[2]. Паводле апісаньняў у заходніх СМІ, тут разьмяшчаліся да 2000 чалавек, дзейнічалі шпіталь, гідраэлектрастанцыя, офісы, гатэль, склады ўзбраеньня, дарогі шырынёй для праезду танкаў, разгалінаваныя сыстэмы тунэляў і вэнтыляцыі[3]. Калі комплекс у рэшце рэшт быў захоплены, ніякіх сьлядоў „умацаванай фартэцыі“ не знайшлося. Тора Бора аказалася сыстэмай прыродных пячораў, дзе пражывалі ня болей за 200 баевікоў. Склады зброі і абмундзіраваньня існавалі, але сьлядоў ніякіх іншых высокатэхналягічных збудаваньняў не знайшлося[4][5].
Пазьней Талібан адваяваў комплекс, які стаў важнай базай Талібану[6]. У 2017 року Тора Бора была захопленая Харасанскім ІДІЛам[7], але неўзабаве адваяваная аўганскімі вайскоўцамі[8][9].