Трапічны год

Трапі́чны год (со́нечны год) — прамежак часу між 2 пасьлядоўнымі праходжаньнямі сярэдзіны дыска Сонца праз пункт вясновага раўнадзенства (20—21 сакавіка) на Зямлі. З 2001 году складаў 365 дзён 5 гадзін 48 хвілін і 46 сэкундаў[1]. Для вылічэньня працягласьці ў мінулыя стагодзьдзі выкарыстоўваюць выраз:

365,2421896698 − 6,15359 × 10−6T − 7,29 × 10−10T2 + 2,64 × 10−10T3,

дзе Т — час у юліянскіх стагодзьдзях (юліянскае стагодзьдзе = 36525 дзён), які адлічваюць ад паўдня 1 студзеня 2000 году[2].

Пры разьліку выкарыстоўваюць лінію перасячэньня плоскасьці экліптыкі (арбіты Зямлі вакол Сонца) і плоскасьці нябеснага экватара (праекцыя экватара Зямлі ў прасторы). Вясновае раўнадзенства ў сакавіку (♈) — напрамак уздоўж гэтай лініі перасячэньня ад Зямлі ў бок сузор’я Барана. Восеньскае раўнадзенства ў верасьні (♎) — процілеглы напрамак уздоўж лініі ў сузор’е Шаляў. У сувязі з прэцэсіяй і нутацыяй Зямной восі гэтыя напрамкі зьмяняюцца пры параўнаньні з напрамкам на далёкую зорку і галяктыку, якія маюць незаўважнае зрушаньне па прычыне завялікай адлегласьці.

Экліптычная даўгата Сонца — кут між ♈ і Сонцам, вымераны ва ўсходнім напрамку ўздоўж экліптыкі. Для яго вымярэньня выкарыстоўваюць напрамак адносна далёкай зоркі, бо рух Сонца зрушвае напрамак вымярэньня кута. Напрамак ♈ апоўдні 1 студзеня 2000 году абазначаецца ♈0. У выніку вясновае раўнадзенства вызначылі 20 сакавіка 2009 году а 11:44:43,6. Наступнае вясновае раўнадзенства — 20 сакавіка 2010 году а 17:33:18,1, што дало працягласьць трапічнага году ў 365 дзён 5 гадзін 49 хвілін 30 сэкундаў. Сонца і ♈ рухаюцца ў процілеглых кірунках. Калі Сонца і ♈ сустрэліся ў сакавіку 2010 ў кропцы раўнадзенства, Сонца прайшло ва ўсходнім напрамку вугалкут 359° 59' 09", а ♈ зрушылася ў заходнім напрамку на 51", што ў суме склала 360° (усё адносна ♈0). Каля 50 кутніх сэкундаў, якія Сонца не праходзіць за поўны трапічны год па арбіце, складаюць розную колькасьць часу ў залежнасьці ад разьмяшчэньня на арбіце.

Працягласьць трапічнага году залежыць ад выбару кропкі адліку. Са Старажытнасьці астраномы найчасьцей абіралі вясновае або восеньскае раўнадзенства ў сувязі з большай адчувальнасьцю прыбораў. Пры параўнаньні вымярэньняў за некалькі гадоў выявілі адрозьненьні, зьвязаныя з нутацыяй і плянэтарнымі ўсмучэньнямі, якія ўплыаюць на Сонца.

Інтэрвалы між вясновымі раўнадзенствамі Дні Гадзіны Хвіліны Сэкунды
1985—1986 365 5 48 58
1986—1987 365 5 49 15
1987—1988 365 5 46 38
1988—1989 365 5 49 42
1989—1990 365 5 51 06

Да пачатку XIX стагодзьдзя працягласьць трапічнага году вызначалі шляхам параўнаньня датаў раўнадзенства празь некалькі гадоў, што дазволіла вылічыць сярэднюю працягласьць трапічнага году[3].

Сярэднія інтэрвалы за астранамічны год 1 год да н. э. (дзён) 2000 год (дзён)
Між 2 вясновымі раўнадзенствамі 365,242137 365,242374
Між 2 летнімі сонцастаяньнямі 365,241726 365,241626
Між 2 восеньскімі раўнадзенствамі 365,242496 365,242018
Між 2 зімовымі сонцастаяньнямі 365,242883 365,242740

Для падтрымкі адпаведнасьці трапічнаму году вынайшлі сонечны каляндар. У 46 годзе да н. э. дыктатар Рымскай рэспублікі Гай Юліюс Цэзар увёў сярэднюю працягласьць году ў 365 дзён і 6 гадзін з улікам высакоснага году. Год пачынаўся студзенем. Для ўпарадкаваньня ранейшай хібнасьці 46 год да н. э. расьцягнулі да 15 месяцаў (445 дзён), што зрабіла яго найдаўжэйшым за ўвесь час. Такі каляндар, які атрымаў назоў юліянскага, грунтаваўся на разьліку астранома Сазігена з Александрыі (правінцыя Эгіпет). Наступнік Цэзара перайшоў на прызначэньне высакоснага году праз 2 гады на 3-і. У 8 годзе да н. э. рымскі імпэратар Актавіян Аўгуст выправіў прызначэньне высакоснага году назад на кожны 4-ы год. Юліянскае летазьлічэньне перавышала трапічны год больш як на 11 хвілінаў. За 128 гадоў і 68 дзён розьніца назапашвалася да содняў. Да 1582 году набралося 10 лішніх дзён[1].

У кастрычніку 1582 году рымскі папа Рыгор XIII прызначыў пасьля чацьвярга 4 кастрычніка 1582 году наступны дзень пятніцай 15 кастрычніка. Папраўлены каляндар, які распрацаваў італьянскі матэматык Люіджы Лільё, атрымаў назоў рыгарыянскага. Упарадкаваньне высакосных гадоў прывядзе да набору лішніх содняў за блізу 3300 гадоў (3 дні 17 хвілін 33 сэкундаў за 10 000 гадоў). Пры канцы 1582 году Вялікае Княства Літоўскае афіцыйна прыняло рыгарыянскі каляндар разам з 4 першымі краінамі: Італія, Гішпанія, Партугалія і Польшча[1]. Рыгарыянскі каляндар мае пэрыядычнасьць у 400 гадоў (146 097 дзён). У кожным пэрыядзе цалкам паўтараюцца месяцы, даты і дні тыдня. Сярэдняя працягласьць каляндарнага году: 146097 / 400 = 365,2425 дня.

  1. ^ а б в Алесь Лозка. Каляндарныя памылкі // Зьвязда : газэта. — 6 студзеня 2001. — № 6 (24122). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ Дэніс Макарці, Кенэт Зідэльман. Сонечны час // Час: ад вярчэньня Зямлі да атамнай фізыкі = Time: From Earth Rotation to Atomic Physics. — Вайнгайм: Ўілі, 2009. — С. 9-22. — 368 с. — ISBN 978-3-527-62795-0
  3. ^ Жан Міюс, Дэні Савуа. Гісторыя трапічнага году  (анг.) = The history of the tropical year // Часопіс Брытанскага астранамічнага аб'яднаньня. — Люты 1992. — Т. 102. — № 1. — С. 40-42. — ISSN 0007-0297.