Трато́рыя (па-італьянску: Trattoria) — традыцыйны італьянскі тып харчоўні, які, як правіла, значна менш фармальны за рэстарацыю, але больш фармальны за астэрыю[1].
Траторыя, звычайна, базуецца на традыцыях. Гэтак мэню ў такіх харчоўнях можа быць недрукаваным, абслугоўваньне нефармальным, а віно падавацца ў графінах, а не ў бутэльках. Цэны ў траторыях ніжэйшыя за цэны ў рэстарацыях. Арыентацыя ў іх звычайна робіцца на мясцовых жыхароў. Ежа, як правіла, сьціплая, але порцыі багатыя, у асноўным гатуецца паводле рэгіянальных і мясцовых рэцэптаў[2], часам нават падаецца па-сямейнаму, за агульнымі сталамі. Але такія традыцыі ў апошнія дзесяцігодзьдзі прыйшлі ў нябыт. Многія траторыі на сёньня маюць некаторыя атрыбуты рэстарацыі[1].
На жаданьне ежу ў траторыі можна было купіць дадому. Этымалягічна назва зьвязанае з лацінскім тэрмінам littera tractoria, якім называлі лісты, паводле якіх чыноўнікі Сьвятой Рымскай імпэрыі, падарожнічаючы па справах, мелі забясьпечаньне ў ежы і напоях[3][4].