Трыгла́ў (па-лацінску: Triglav) — бажышча ў міталёгіі балтыйскіх славянаў.
Паказваецца альбо як трохгаловы чалавек, альбо як чалавек з трыма казьлінымі галовамі. Галовы сымбалізавалі ягоную ўладу над трыма царствамі: небам, зямлёй і падземным сьветам[1]. Да атрыбутаў Трыглава належаць чорны конь і дуб. У часе варажбы жрацы тройчы вадзілі каня, які павінен быў прадказваць будучыню, празь дзевяць дзідаў, пакладзеных на зямлю.
Магчыма, у асобе Трыглава аб’яднаныя тры галоўныя ідалы славянскай міталёгіі, якімі першапачаткова зьяўляліся Сварог, Пярун і Дажбог. У некаторых славянскіх плямёнаў Дажбога пазьней замяніў Сьвятавіт або Вялес.
Некаторыя дасьледнікі зьвязваюць Трыглава зь іншым славянскім бажышчам Траянам[2].
На тэрыторыі Беларусі абломак трохтварага ідала знойдзены паблізу вёскі Багуслаўцы Пружанскага раёну і ля вёскі Млыны Камянецкага раёну Берасьцейскай вобласьці[1].
Паводле некаторых меркаваньняў, горы Трыглаў у Славеніі і Троглаў у Босьніі і Герцагавіне названыя ў гонар Трыглава. Таксама ягонае імя носіць астэроід 2522 Трыглаў.
Трыглаў (міталёгія) — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў