Трылісьнік (па-ірляндзку: seamróg) — адзін з найгалоўнейшых сымбаляў Ірляндыі, уяўляе сабой маладую галінку канюшыны белай. Лічыцца, што гісторыя сымбалю ўзыходзіць сваімі каранямі да часоў Сьвятога Патрыка. Як кажуць, апякун Ірляндыі выкарыстоўваў трылісьнік у якасьці мэтафары, тлумачачы людзям сэнс Сьвятой Троіцы. Назва сымбалю ў ірляндзкай мове seamróg паходзіць ад ірляндзкага слова seamair, якое азначае маладая канюшына[1]. У даўнія часы канюшына выкарыстоўвалася ў мэдыцыне, бо вядомая сваімі лекавымі ўласьцівасьцямі. У эпоху каралевы Вікторыі трылісьнік становіцца папулярным сымбалем на адзеньні. Канюшына выкарыстоўваецца ў якасьці сымбалю шматлікіх ірляндзкіх спартовых каманд, дзяржаўных арганізацыяў, вайсковых злучэньняў, унівэрсытэтаў і іншых арганізацыяў, напрыклад: футбольнага клюбу «Кліфтанвіл Бэлфаст», футбольнага клюбу «Шэмрак Ровэрз», авіякампаніі Aer Lingus, Дублінскага ўнівэрсытэцкага каледжу. Акрамя гэтага трылісьнік Канюшыны, у адпаведнасьці з канстытуцыяй Ірляндыі, зьяўляецца дзяржаўным сымбалем Ірляндыі. Яго выява выкарыстоўваецца ў паштовых марках, дзяржаўных і вайсковых узнагародах, на сьцягах месцаў і вайсковых штандарах. Трылісьнік Канюшыны таксама выкарыстоўваецца ў якасьці сымбаля ірляндзкага палку войска Вялікабрытаніі, адлюстроўваецца на пячатках у пашпартах жыхароў брытанскай тэрыторыі Мансэрат, дзе большасьць маюць ірляндзкае паходжаньне. Таксама выява трылісьніка й яго назва на ірляндзкай або ангельскай мовах выкарыстоўваюцца ў назвах пабаў па ўсяму сьвету.