тыбэцкая група | |
Народнасьць | тыбэтцы |
---|---|
Арэал | Тыбэт, Цынхай, Сычуань, Кашмір, Балтыстан, Нэпал, Сыкім, Бутан |
Лінгвістычная клясыфікацыя | сына-тыбэцкія мовы
|
Склад |
Тыбэ́цкія мовы — моўная група ў складзе сына-тыбэцкае моўнае сям'і, якая аб'ядноўвае ў сваім складзе групу ўзаемнанезразумелых моваў тыбэцка-бірманскае падсям'і, на якіх размаўляюць перадусім тыбэтцы. Геаграфічна распаўсюджаныя ў рэгіёнах Тыбэцкага нагор'я, Балтыстану, Ладакху, Сыкіму, а таксама ў Нэпале ды Бутане. Найбуйнейшай літаратурнай мовай зьяўляецца клясычная тыбэцкая мова, ужываная, у прыватнасьці, у будысцкай літаратуры.
Дыялекты рэгіёнаў У-Цанг (у тым ліку дыялект Лхасы), Кам і Амдо звычайна лічацца дыялектамі адной мовы, што асабліва падмацоўваецца наяўнасьцю агульнае літаратурнае мовы, у той час як мова дзонг-кэ, сыкімская, шэрпская, ладаская мовы часта ўлічваюцца ў якасьці асобных.
Колькасьць носьбітаў тыбэцкіх моваў налічвае больш за 8 млн чал. Праз распаўсюд тыбэцкага будызму тыбэцкая мова атрымала распаўсюджаньне і ў заходнім сьвеце; з гэтае прычыны, у прыватнасьці, пашыраецца зьява вывучэньня тыбэцкае мовы жыхарамі заходніх краінаў з мэтаю вывучэньня рэлігійных тэкстаў. Па-за межамі Тыбэту, па-тыбэцку размаўляе прыкладна 200 тыс чал., на тыбэцкіх мовах размаўляюць таксама некаторыя этнічныя групы нетыбэцкага паходжаньня, якія жывуць у Тыбэце. Нягледзячы, аднак, на тое, што ўрадам КНР некаторыя цянскія народы клясыфікуюцца як тыбэтцы, мовы цянскае групы не належаць да тыбэцкіх, утвараючы сваю асобную галіну ў складзе тыбэцка-бірманскіх моваў.
Незважаючы на тое, што цэнтральная й камская тыбэцкія мовы гістарычна набылі тонавую сыстэму, клясычная тыбэцкая мова акрэсьлівалася адсутнасьцю гэтае зьявы, тоны таксама адсутнічаюць і ў амдоскай тыбэцкай і ладаскай мовах.
З марфалягічнага пункту гледзішча тыбэцкія мовы апісваюцца як аглютынацыйныя, у адрозьненьне ад клясычнай тыбэцкай, якая ў значнай ступені мела аналітычны лад у марфалёгіі.
Нікаля Турнадар апісвае моўную сытуацыю наступным чынам:
Грунтуючыся на выніках дваццацігадовае працы на тэрыторыях, на якіх маюць распаўсюджаньне тыбэцкія мовы, а таксама існай літаратуры, можна меркаваць пра існаваньне 220 тыбэцкіх дыялектаў, якія паходзяць ад старатыбэцкай і распаўсюджаныя на тэрыторыі 5 краінаў: Кітаю, Індыі, Бутану, Нэпалу й Пакістану. Гэтыя дыялекты можна аб'яднаць у 25 дыялектных груп, паміж якімі адсутнічае ўзаемнае разуменьне. Панятак дыялектная група ў дадзеным кантэксьце азначае мову, пры гэтым ня цягне за сабою стандартызацыю гэтай мовы. Такім чынам, пакідаючы ў баку панятак пра стандартызацыю моваў, можна меркаваць пра існаваньне 25 моваў, якія паходзяць ад старатыбэцкай. Сутнасьць гэтае праблемы палягае ня толькі ў тэрміналёгіі, але і ў справе намэнклятуры. Калі мы кажам пра наяўнасьць 25 моваў, становіцца зразумелым, што мы маем справу з моўнай сям'ёй, аналягічнай з раманскай, якая зьмяшчае ў сваім складзе 19 дыялектных групаў[1].
Тыбэцкія мовы, ужываныя ў кітайскіх СМІ, уключаюць у сябе стандартную тыбэцкую мову (засноўваецца на дыялекце Ў-Цанг навакольляў Лхасы), камскую тыбэцкую ды амдоскую тыбэцкую.
Паводле Турнадра клясыфікацыя тыбэцкіх моваў выглядае наступным чынам[2]:
Іншыя мовы — тэва-чонэ, жонгу, халонг, дунван, гсэрпа, зітсадэгу, другчу, байма — не зьяўляюцца дастаткова дасьледжанымі, з прычыны чаго іх клясыфікацыя ня можа быць усталяванай.
Згодна з Брэдлі, тыбэцкія мовы падзяляюцца наступным чынам:
Згодна зь некаторымі клясыфікацыямі камская і амдоская мовы могуць аб'ядноўвацца як усходнетыбэцкія.
Большасьць тыбэцкіх моваў маюць пісьмовасьць на аснове індыйскай пісьмовасьці (тыбэцкая пісьмовасьць), артаграфія зьяўляецца даволі кансэрватыўнай, што дазваляе аб'ядноўваць рэгіёны, у якіх распаўсюджаныя тыбэцкія мовы. Між тым, у ладаскай і балцкай мовах нярэдка выкарыстоўваецца пісьмовасьць мовы ўрду, якая ў сваю чаргу паходзіць ад арабскай, што зьвязана з прыняцьцем ісламу носьбітамі гэтых моваў некалькі стагодзьдзяў таму. Існуюць некаторыя тэндэнцыі па аднаўленьні ўжываньня тыбэцкае пісьмовасьці ў балцкай мове, што тлумачыцца жаданьнем захаваньня ўласнай культурнай ідэнтычнасьці