Тына Біці | |
Tina Beattie | |
![]() 2005 г. | |
Дата нараджэньня | 16 сакавіка 1955 (69 гадоў) |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | прафэсарка ўнівэрсытэту |
Навуковая сфэра | Каталіцкая тэалёгія |
Месца працы | |
Навуковая ступень | Доктарка |
Навуковы кіраўнік | Урсуля Кінг |
Сайт | tinabeattie.com |
Тына Біці (па-ангельску: Tina Beattie), сапраўднае імя Крысьціна Джэйн (анг. Christina Jane; нар. 16 сакавіка 1955) — брытанская хрысьціянская тэалягіня, пісьменьніца і аўтарка радыёпраграмаў.
Да жніўня 2020 году была прафэсаркай каталіцкіх дасьледаваньняў у Рахамптанскім унівэрсытэце ў Лёндане і дырэктаркай Цэнтру Дыгбі Сьцюарт для дасьледаваньняў рэлігіі, грамадзтва і чалавечага дабрабыту таго самага ўнівэрсытэту. На пэнсіі яна застаецца дырэктаркай Каледжу Кацярыны Сыенскай Рахамптанскага ўнівэрсытэту і піша мастацкую прозу.
Багаслоўскі ўнёсак Т. Біці адметны ў галіне ўзаемадзеяньня каталіцкай тэалёгіі і псыхааналітычнай тэорыі, гендэру і сэксуальнасьці, марыялёгіі, стасункаў тэалёгіі зь літаратурай і мастацтвам, вывучэньня атэізму і правоў жанчынаў. Цягам дзесяцігодзьдзяў яна займала прыкметную ролю ў дэбатах пра ролю жанчынаў у Каталіцкай Царкве.
Т. Біці нарадзілася ў Замбіі. Яна была настарэйшай з трох дачок у сям’і прэзьбітарыянцаў шкоцкага паходжаньня Чарлі і Нэн Бэл. Да 18-ці гадоў яна наведвала школу пры дамініканскім жаночым кляштары ў Лусацы. Пазьней яна жыла ў Парыжы, Найробі і Харарэ. Замужам за Дэйвам Біці. Працавала сакратаркай да нараджэньня чатырох дзяцей (1978, 1980, 1983 і 1986 гадоў нараджэньня). У 1986 г. яна перайшла ў рыма-каталіцтва з прэзьбітэрыянства.[1]
Пасьля пераезду ў Брысталь у 1988 годзе паступіла ў мясцовы ўнівэрсытэт на праграму тэалёгіі і рэлігіязнаўства ў 1991 годзе. У 1998 г. абараніла доктарскую дысэртацыю па тэалёгіі і сымбалізм Дзевы Марыі ў сьвятле псыхалінгвістычнай тэорыі Люс Ірыгарэ як рэсурс для аналізу хрысьціянскіх твораў пра Дзеву Марыю і Эву ў ранняй Царкве і ў найноўшай каталіцкай тэалёгіі.[1][2]
Т. Біці выкладала ў Брыстальскім унівэрсытэце і Ўэзьлі-каледжы ў Брысталі, а таксама ў Адкрытым унівэрсытэце. Яна перайшла на пастаянную пасаду ў Рахамптанскім унівэрсытэце ў 2002 годзе.[1] Пакінула пасаду прафэсаркі каталіцкіх дасьледаваньняў Рахамптанскага ўнівэрсытэту ў жніўні 2020 году. Працягвае выконваць абавязкі дырэктаркі Каледжу сьв. Кацярыны Сыенскай, які базуецца ў Рахамптанскім унівэрсытэце.[2]
Пасьля адыходу ад актыўных акадэмічных дасьледаваньняў Т. Біці засяродзілася на сваім «першапачатковым захапленьні — стварэньні мастацкай прозы».[3] Ейны першы раман «Добры сьвятар» быў апублікаваны ў 2019 г.[4]
Доктарская дысэртацыя Т. Біці пра тэалёгію і сымбалізм Дзевы Марыі ў сьвятле псыхалінгвістычнай тэорыі Люс Ірыгарэ стала асновай кнігі «Божая Маці, адвакат Эвы» (2002). Гэтыя ідэі атрымалі далейшае разьвіцьцё ў манаграфіі «Новы каталіцкі фэмінізм: тэалёгія і тэорыя» (2006).[2]
Цягам многіх гадоў Т. Біці займалася дасьледаваньнямі ўзаемадзеяньня каталіцкай тэалёгіі і псыхааналітычнай тэорыі («Тэалёгія пасьля постмадэрнізму: абагаўленьне пусткі»); тэалёгіі і тэорыі гендэру і сэксуальнасьці («Новы каталіцкі фэмінізм: тэалёгія і тэорыя»); культу Дзевы Марыі («Божая Маці, адвакат Эвы»); працаў швайцарскага каталіцкага багаслова Ганса Урса фон Бальтазара з пункту гледжаньня фэміністычнай тэалёгіі і крытычнай тэорыі; хрысьціянскай містыка і духоўнасьці; тэалягічнымі асьпектамі ў літаратуры і мастацтве; атэізму і рэлігія («Новыя атэісты»); каталіцкай маральнай тэалёгія і сацыяльнага вучэньня; рэлігіі і правоў чалавека і жанчынаў.[2]
Яна рэгулярна друкавалася ў каталіцкім штотыднёвіку «The Tablet» і газэце «The Guardian», дзе ў тым ліку апублікавала сэрыю з васьмі артыкулаў пра Тамаша Аквінскага [5]. Яна таксама выступае ў праграме «Думку дня» на радыё BBC4.[1]
Т. Біці была тэалягічным дарадцам Cafod, Каталіцкага агенцтва дабрачыннай дапамогі ў замежжы [6]; прэзыдэнтам Каталіцкай тэалягічнай асацыяцыі Вялікабрытаніі (2006-08)[7]; дырэктарам каталіцкага штотыднёвіка «The Tablet»[1].
Пасьля таго, як яна зразумела, што пытаньне ролі жанчынаў у Каталіцкай Царкве не ўваходзіць у лік прыярытэтаў Папы Францішка, Т. Біці стварыла ў сьнежні 2014 г. інтэрнэт-суполку «Каталіцкія жанчыны гавораць» [8][9].
У кастрычніку 2012 г. Універсітэт Сан-Дыега адмяніў візыт Т. Бітці пасьля з-за ціску ахвярадаўцаў універсытэту, якія асудзілі публічна выказаныя тэалягіняй разыходжаньні — на іхную думку — з маральным вучэньнем Царквы.[10] Яна павінна была прачытаць лекцыю на тэму адлюстраваньня граху і адкупленьня ў мастацтве.[11] Тэалягіня выступіла з заявай, у якой адхіліла абвінавачваньні ў адхіленьні ад дактрынальных праўдаў веры. Яна завіла, што абвінавачваньні ўтрымліваюць сур’ёзныя скажэньні ейнай тэалягічнай пазыцыі шляхам выкарыстаньня выбарачных цытатаў, якія ўжываюцца па-за іхным кантэкстам.[12] У заяве Біці патлумачыла сваё разуменьне ўласнай місіі багаслоўкі і свае перакананьні:
Двойчы на загад Кангрэгацыі веравучэньня брытанскія біскупы забаранялі Тыне Біці выступіць у іх дыяцэзіях на пляцоўках, якія належаць Царквы. У 2012 годзе біскуп Кліфтану Дэклан Лянґ адмяніў лекцыю, якую яна павінна была прачытаць у Кліфтанскай катэдры. Тэалягіні было паведамлена, што прычынай забароны стаў падпісаны ёй ліст у газэту «The Times», у якім сьцьвярджалася, што католікі з чыстым сумленьнем могуць падтрымліваць аднаполыя шлюбы. У 2014 г. арцыбіскуп Сэнт-Эндруса і Эдынбургу Ліо Кашлі загадаў адмяніць выступ у кляштары Сьвятой Кацярыны ў Эдынбургу на запрашэньне Эдынбурскага адзьдзелу Асацыяцыі Ньюмана. У адказ на сьцьвярджэньне арцыбіскупа пра тое, што Т. Біці «часта ставіць пад сумнеў вучэньне Царквы», тэалягіня адказала: «Ніколі ў апублікаваных працах ці выступах я выказвала сумненьні адносна дактрынальных таямніцаў каталіцкай веры». Яна адзначыла, што сьвецкія католікі маюць права на «аргументаваны і нюансаваны грамадзкі дыялёг» пра аднаполыя шлюбы.[13]
Пасьля падпісаньня Тынай Біці адкрытага лісту да польскіх біскупаў з заклікам падтрымаць «раньнія, бясьпечныя і законныя» аборты, Cafod, Каталіцкае агенцтва дабрачыннай дапамогі ў замежжы, апынулася пад ціскам зволіць Т. Біці з пасады дарадцы па тэалёгіі. У сваёй заяве Cafod адзначыў, што погляды, выказаныя аўтарамі ліста, «не адлюстроўваюць пазыцыі і практыкі арганізацыі», але ў задавальненьні патрабаваньняў арганізатарам кампаніі адмовіў.[6]
Гэтая старонка патрабуе перакладу. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, адрэдагаваўшы яе. (дапамога) |