Тэрмэнвокс | |
тэрмэн | |
Драўляная мадэль тэрмэнвоксу | |
Электронны музычны інструмэнт | |
---|---|
Клясыфікацыя |
электрафон |
Горнбостэль — Закс | 53 (электрафон) |
Вынаходнік(і) | Леў Тэрмэн |
Час зьяўленьня | 1920 |
Выкананьне «Ісус, радасьць жаданьня чалавечага» Ё. С. Баха на тэрмэнвоксе «Moog Etherwave» | |
Падобныя інструмэнты | |
Музыкі | |
Вытворцы | |
| |
Тэрмэнвокс у Вікісховішчы |
Тэрмэнво́кс ці тэрмэн, сьпярша вядомы як этэрфон — электрамузычны інструмэнт, названы паводле імя вынаходніка, Льва Тэрмэна, які запатэнтаваў яго ў 1928 року.
Гэта адзін зь першых электронных інструмэнтаў, які кіруецца выканаўцам бяздотыкава дзякуючы дзьвюм антэнам, якія атрымліваюць інфармацыю пра разьмяшчэньне рук тэрмэніста. Адна з антэнаў кіруе ваганьнямі (частасьцю гуку), другая — амплітудай (гучнасьцю інструмэнта). Атрыманыя электрычныя сыгналы з тэрмэнвоксу падаюцца на дынамік праз узмацняльнік.
Інструмэнт быў распрацаваны ў кастрычніку 1920 року маладым супрацоўнікам Фізыка-тэхнічнага інстытуту ў Петраградзе Львом Тэрмэнам, які працаваў над задачай вымярэньня дыэлектрычнай сталай газаў пры розных цісках і тэмпэратурах[1]. Прыбор апынуўся вельмі адчувальным, рэагаваў на найдрабнейшыя ваганьні ёмістасьці хістальнага контуру, якая зьмянялася ад набліжэньня рукі. Паколькі Леў Тэрмэн зь дзяцінства захапляўся музыкай, ён здолеў падабраць мэлёдыю і ўжо ў лістападзе на паседжаньні гуртка мэханікаў даў свой першы канцэрт[1]. Сьпярша свой музычны інструмэнт навуковец назваў «этэратонам» (гук з этэру, паветра); неўзабаве ён быў перайменаваны ў тэрмэнвокс[2].
Пасьля туру па Эўропе, дзе Тэрмэн дэманстраваў сваё вынаходніцтва пры перапоўненых залях, навуковец пераехаў у Злучаныя Штаты Амэрыкі, дзе ў 1928 року запатэнтаваў тэрмэнвокс[3]. Пазьней ён перадаў правы на камэрцыйную вытворчасьць Радыёкарпарацыі Амэрыкі.
Тэрмэнвокс RCA (выпушчаны пасьля біржавага краху 1929 року) не здабыў камэрцыйнага посьпеху, але, тым ня меней, уразіў як амэрыканцаў, так і замежнікаў. Пасьпяховыя туры па ЗША правялі, напрыклад, Клара Рокмар, у 1930-х — Люсі Байглаў Роўзэн[4].
У 1938 Леў Тэрмэн вяртаецца ў СССР пры цьмяных абставінах. Паводле непацьверджаных зьвестак, ён быў выкрадзены зь нью-ёрскай кватэры агентамі НКВД[5] і ў СССР трапіў у лягер у Магадане, дзе працаваў у «шарашцы(ru)». У біяграфічнай кнізе 2000 року «Тэрмэн: этэрная музыка і шпіянаж», прысьвечанай вынаходніку, Альбэрт Глінскі выказвае меркаваньне, нібыта Леў Тэрмэн вярнуўся ў СССР, каб не вяртаць агромністыя даўгі, але там трапіў пад сталінскія рэпрэсіі. Толькі ў 1991 року Тэрмэн зноў трапіў у ЗША[6].
Па Другой сусьветнай вайне цікавасьць да тэрмэнвоксу ў ЗША спала, галоўным чынам таму, што былі вынайдзеныя навейшыя электронныя інструмэнты. Аднак тэрмэнвокс захаваў папулярнасьць у электронных энтузіястаў і аматараў-самаробцаў. Адным з такіх энтузіястаў быў Робэрт Муг, які пачаў зьбіраць тэрмэнвоксы ў 1950-х, яшчэ навучаючыся ў школе. Пазьней ён пачаў прадаваць наборы для ўласнаручнай зборкі інструмэнта і на аснове тэрмэнвокса вынайшаў уласны сынтэзатар «Moog». Каля 1955 адзін з Мугавых калегаў, піянэр электроннай музыкі Рэйманд Скот, сабраў на аснове ягонага канструктара новы інструмэнт клявівокс, які ўяўляў зь сябе тэрмэнвокс з клявішамі[7].
Цяпер гатовыя інструмэнты і наборы для зборкі выпускаюць такія вытворцы, як «Moog Music Inc.», «Burns Theremins», «Harrison Instruments, Inc.», «Theremaniacs LLC», «PAiA Corporation USA», «Jaycar Electronics».
Тэрмэнвокс адрозьніваецца ад іншых музычных інструмэнтаў тым, што гук на ім здабываецца безь непасрэднага фізычнага кантакту. Тэрмэніст стаіць перад інструмэнтам і маша рукамі перад дзьвюмя мэталёвымі антэнамі. Адлегласьць ад вэртыкальнае простае антэны вызначае частасьць (тон), ад гарызантальнае падковападобнае — амплітуду (гучнасьць). Чым бліжэйшая рука да першай антэны, тым вышэйшы гук; чым бліжэйшая рука да другой антэны, тым гук цішэйшы. Па сутнасьці антэны не зьяўляюцца такімі, бо служаць ня дзеля прыманьня-перадачы радыёхваляў, а выконваюць ролю кандэнсатараў.
Дзеля генэрацыі аўдыёсыгналу ў тэрмэнвоксе прымяняецца прынцып гетэрадына. Электронны ланцуг інструмэнта складаецца з двух радыёчастасных генэратараў, якія прадукуюць сыгналы да 500 кГЦ, каб зьменшыць перашкоды. Адзін генэратар працуе на пастаяннай частасьці, другі — амаль на той самай, але яна можа зьмяняцца тэрмэністам набліжэньнем ці аддаленьнем да тонавай антэны. Міксэр вяртае рознасьць двух тонаў і перадае гук на ўзмацняльнік.
Кантроль гучнасьці ажыцьцяўляецца падобным чынам іншай рукой тэрмэніста. Калі рука набліжаецца да антэны, пастаянная частасьць схемы зьмяншаецца з-за павелічэньня ёмістасьці, што расстройвае генэратар і паніжае ток, які праходзіць празь яго.
Уменьне працы з гукавой антэнай вельмі істотнае пры гульні на тэрмэнвоксе, паколькі, у адрозьненьне ад традыцыйных інструмэнтаў, дзе гук спыняецца пасьля сканчэньня дотыку ці пры заглушэньні рэзанатару, тэрмэніст мусіць, па выказваньні Клары Рокмар, «граць ня толькі ноты, а і паўзы»[8]. Калі «тонавая» рука пераходзіць між нотамі без паніжэньня гуку, атрымліваецца «хісткі» гук, падобны да гуку джаз-флейты(en) ці да глісанда пры гульні на скрыпцы. Невялікія хістаньні «тонавай» рукі даюць эфэкт вібрата. Каб атрымаць асобныя ноты, неабходна заглушаць «гукавай» рукой сыгнал, пакуль «тонавая» рука пераходзіць у іншую пазыцыю.