Тэрыторыя, важная для птушак (ТВП) або Ключавая арніталягічная тэрыторыя (КАТ) — мясцовасьць, якая сусьветная прызнаная жыцьцёва важным месцапражываньнем для захаваньня птушыных папуляцыяў. Ва ўсім сьвеце больш за 13 000 ТВП[1]. Іхнім вызначэньнем займаецца BirdLife International.
Часта ТВП уваходзяць у ахоўную тэрыторыю пэўнае краіны, і ў такім разе яны ахоўваюцца нацыянальным заканадаўствам. Аднак звычайна яны даволі маленькія для арганізацыі ахоўнай тэрыторыі, і статус аховы такіх зонаў залежыць ад пэўнае краіны. Юрыдычнае прызнаньне і абарона ТВП, якія не знаходзяцца ў рамках існуючых ахоўных раёнаў, вагаецца ў розных краінах. Некаторыя краіны маюць нацыянальныя стратэгіі захаваньня ТВП, тады як у іншых краінах абарона цалкам адсутнічае[2].
Беларусь далучылася да праграмы ТВП у 1996 годзе. Цяпер у Беларусі налічваецца 51 ТВП. Большасьць зь іх — водна-балотныя ўгодзьдзі.
ТВП вызначаюцца паводле міжнародна ўсталяваных крытэраў. Пэўныя крытэры могуць таксама ўсталёўвацца рэгіянальнымі і нацыянальнымі арганізацыямі. Для ўключэньня ў сьпіс тэрыторыя павінна адпавядаць прынамсі аднаму з наступных крытэраў:
Мясцовасьць, у якой пэўна ці верагодна існуе папуляцыя відаў, занесеных у Чырвоны сьпіс Міжнароднага саюзу аховы прыроды і прыродных багацьцяў як крытычныя віды, віды пад пагрозаю выміраньня або ўразьлівыя. Пастаянная прысутнасьць на тэрыторыі відаў з першых двух катэгорыяў, незалежна ад велічыні папуляцыі, дастатковая для яе аднясеньня да ТВП. У выпадку ўразьлівых відаў патрэбная наяўнасьць пэўнае парогавае колькасьці відаў.