Уладзімер Альгердавіч лац. Uładzimier Algierdavič / Alhierdavič | |
![]() | |
Уладзімер Альгердавіч (уяўны партрэт), 1578 г. | |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся | каля 1331 |
Памёр | па 1398 |
Бацька | Альгерд |
Уладзі́мер Альгердавіч (каля 1331 — па 1398) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, князь кіеўскі (1362—1394), князь капыльскі (1395 — па 1398). Першы кіеўскі князь з дынастыі Гедзімінавічаў.
Валдмер, Валдэмар або Волдымар (Waldmer, Valdemar, Woldimar) — імя германскага паходжаньня[2]. Іменная аснова -валд- (-алд, -олт) (імёны ліцьвінаў Геральт, Левалт, Рамвольт; германскія імёны Gerwald, Lewolt, Romuald) паходзіць ад гоцкага і германскага waldan 'валодаць, гаспадарыць' або wulþus 'слава, мажнасьць'[3], а аснова -мер- (-мар-, -мір-) (імёны ліцьвінаў Мервін, Маргела, Нетымер; германскія імёны Mervinus, Mergell, Nitimerus) — ад гоцкага і бургундзкага meris 'славуты, выбітны'[4].
Варыянты імя князя ў гістарычных крыніцах: Володимеръ Ольгердовичь[5] (1362—1392 гады)[6]; Задвинскии ратныи грамоты со Володимером (7 лістапада 1367 году)[7]; per Woldemarum filium Algherden (7 лістапада 1367 году)[8]; Володимеръ Олгордовичь (Сафійскі першы летапіс)[9].
Адзін з старэйшых сыноў вялікага князя літоўскага Альгерда ад першага шлюбу зь віцебскай князёўнай Марыяй.
Відаць, быў пастаўлены ў Кіеве па перамозе Вялікага Княства Літоўскага над татарамі-манголамі ў бітве на Сініх Водах, калі Кіеўскае княства перайшло пад уладу ВКЛ[10]. На кіеўскім стальцы праводзіў самастойную палітыку, тытулаваўся вялікім князем кіеўскім, біў уласную манэту[11]. Гэта былі першыя манэты, адбітыя на тэрыторыі ВКЛ[12].
Па ўзыходжаньні на польскі сталец Ягайлы Ўладзімер падпісаў у 1386, 1388 і 1389 гадох тры дакумэнты пра сваю васальную залежнасьць і адданасьць каралю, каралеве Ядзьвісі і Кароне.
Па Востраўскім пагадненьні 1392 году, калі Вітаўт стаў вялікім літоўскім князем, ягоны хаўрусьнік Скіргайла запатрабаваў падпарадкаваньня Кіеўскага княства сабе. Калі Ўладзімер не падпарадкаваўся, Вітаўт рушыў да Дняпру, узяў Жытомір і Оўруч, а Скіргайла — Чаркасы ды Зьвянігарад (1393 год). Аднак неўзабаве было заключанае замірэньне, бо пачалася вайна з крыжакамі. Але ўжо ў 1395 годзе Вітаўт і Скіргайла падышлі да самога Кіеву. Уладзімер не чыніў ім аніякага супраціву. Замест Кіеву ён атрымаў Капыль (на Случчыне) з палоскай зямлі ад верхавінаў Нёману ракой Случчу да Прыпяці і ўздоўж яе.
Ажаніўся зь нейкай Ганнай[a], меў сыноў Алельку, Івана і Андрэя. Ад Алелькі пайшлі слуцкія князі Алелькавічы; ад Івана пайшлі князі Бельскія.
Апошні раз упамінаецца ў 1398 годзе як сьведка ўмовы Вітаўта з Тэўтонскім ордэнам. Далейшы лёс невядомы. Перад сьмерцю прыняў схіму[b].