Уладзімер Кавалёнак | |
![]() | |
Нарадзіўся | 3 сакавіка 1942 (82 гады) вёска Белае, Крупскі раён, Менская вобласьць, БССР, СССР |
---|---|
Прафэсіі | Лётчык-касманаўт |
Воінскае званьне | ![]() |
Экспэдыцыі | Саюз-25, Саюз-29, Саюз Т-4, Салют-6 |
Узнагароды | |
Уладзімер Кавалёнак у Вікісховішчы |
Уладзі́мер Васі́льевіч Кавалёнак (нар. 3 сакавіка 1942 году, вёска Белае Крупскага раёну Менскай вобласьці БССР) — савецкі і беларускі касманаўт, двойчы Герой Савецкага Саюзу.
Нарадзіўся 3 сакавіка 1942 року ў вёсцы Белае Крупскага раёну Менскай вобласьці Беларускай ССР, дзе і правёў дзіцячыя і школьныя гады. Беларус. Скончыў 10 клясаў сярэдняй школы на радзіме ў 1959 року.
У 1959 року паступіў у Балашоўскую вышэйшую вайсковую авіяцыйную вучэльню лётчыкаў, якую скончыў у 1963 року. Служыў у вайскова-транспартнай авіяцыі, дзе зьдзяйсьняў палёты на самалётах Ан-24 спачатку ў якасьці другога пілёта, а затым камандзіра карабля. У 1965 року разглядаўся як кандыдат у аддзел касманаўтаў, залічаны ня быў, але пакінуты ў рэзэрве для наступнага залічэньня.
У 1967 року быў залічаны ў аддзел касманаўтаў, у групу ВПС № 4, дзе прайшоў поўны курс агульнакасьмічнай падрыхтоўкі і курс падрыхтоўкі да палётаў на караблях тыпу «Саюз» і арбітальных станцыях «Салют».
У траўні 1975 року ўваходзіў у склад дублюючага экіпажу пры палёце «Саюзу-18-2».
У 1976 року скончыў Вайскова-паветраную акадэмію імя Ю. А. Гагарына, не спыняючы працу ў Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю. А. Гагарына.
З 9 па 11 кастрычніка 1977 року зьдзейсьніў свой першы палёт у космас на касьмічным караблі «Саюз-25» (пазыўны «Фатон-1») у якасьці камандзіра карабля. У экіпаж таксама ўваходзіў Валеры Румін. Паводле праграмы палёту «Саюз-25» павінен быў састыкавацца са станцыяй «Салют-6», але з-за няштатных рэжымаў работы сыстэмы збліжэньня стыкоўку ажыцьцявіць не ўдалося і палёт быў датэрмінова спынены. Агульная працягласьць першага знаходжаньня ў космасе склала 2 дні 44 хвіліны і 45 сэкунд.
У сьнежні 1977 і ў студзені 1978 року ўваходзіў у склад дублюючых экіпажаў караблёў «Саюз-26» і «Саюз-27» адпаведна.
З 15 чэрвеня да 2 лістапада 1978 зьдзейсьніў свой другі палёт у космас на касьмічным караблі «Саюз-29» у якасьці камандзіра карабля. У экіпаж таксама ўваходзіў Аляксандар Іванчанкаў. Было зьдзейсьненае стыкаваньне з арбітальнай станцыяй «Салют-6». У час работы экіпаж прыняў дзьве міжнародныя экспэдыцыі: савецка-польскую (Пётар Клімук і Міраслаў Гермашэўскі) і савецка-нямецкую (Валеры Быкоўскі і Зыгмунд Ен). 29 ліпеня правёў выхад у адкрыты космас супольна з Іванчанкавым, працягласьць знаходжаньня па-за караблём склала 2 гадзіны 5 хвілін. 2 лістапада вярнуўся на Зямлю на борце касьмічнага карабля «Саюз-31». Агульная працягласьць палёту склала 139 дзён 14 гадзін 47 хвілін 32 сэкунды.
У лістападзе 1980 року ўваходзіў у склад дублюючага экіпажу пры палёце касьмічнага карабля «Саюз Т-3».
З 12 сакавіка да 26 траўня 1981 року зьдзейсьніў свой трэці палёт у космас на касьмічным караблі «Саюз Т-4» таксама камандзірам карабля. У экіпаж таксама ўваходзіў Віктар Савіных. Было зьдзейсьненае стыкаваньне з арбітальнай станцыяй «Салют-6». Пад час работы экіпаж прыняў дзьве міжнародныя экспэдыцыі: савецка-мангольскую (Уладзімер Джанібекаў і Жугдэрдэмідыйн Гурагчы) і савецка-румынскую (Леанід Папоў і Думітру Прунарыю). Агульная працягласьць трэцяга палёту склала 74 дні 17 гадзін 37 хвілін 23 сэкунды.
У 1984 року скончыў Вайсковую акадэмію Генэральнага штаба УС СССР. Прызначаны намесьнікам начальніка 1-е ўправы (падрыхтоўка касманаўтаў) Цэнтру падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю. А. Гагарына. У сувязі з гэтым прызначэньнем выбыў з аддзелу касманаўтаў.
Зь лютага 1986 року — намесьнік камандуючага 37-й паветранай арміі Вярхоўнага галоўнакамандаваньня (стратэгічнага прызначэньня). З сакавіка 1988 — намесьнік начальніка катэдры Вайсковай акадэміі Генэральнага штаба.
З 1989 па 1992 рок зьяўляўся народным дэпутатам Рэспублікі Беларусь. З 1991 року — прэзыдэнт Беларускай рэспубліканскай фэдэрацыі касманаўтыкі. З 1990 да 1992 — начальнік 30-га цэнтральнага навукова-дасьледвальнага інстытуту Міністэрства абароны Расеі. Зь ліпеня 1992 року — начальнік Вайскова-паветранай інжынэрнай акадэміі імя М. Я. Жукоўскага. 20 лютага 1993 року прысвоена званьне генэрал-палкоўніка авіяцыі. Кандыдат вайсковых навук, прафэсар.
На выбарах Расейскай Дзяржаўнай думы 1995 року ўваходзіў у першую тройку фэдэральнага сьпісу Партыі эканамічнай свабоды (лідэр — Канстанцін Баравы). 25 студзеня 2001 абраны прэзыдэнтам Фэдэрацыя касманаўтыкі Расеі[1]. З чэрвеня 2002 року — у запасе па ўзросьце.
Уладзімер Кавалёнак — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў