Уладзіслаў Сыракомля лац. Uładzisłaŭ Syrakomla | |
Людвік Кандратовіч | |
![]() Людвік Кандратовіч. А. Корзан, 1860 г. | |
Герб «Сыракомля» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 29 верасьня 1823 Смольгаў Бабруйскага павету |
Памёр | 15 верасьня 1862 Вільня |
Пахаваны | |
Род | Кандратовічы |
Бацькі | Аляксандар Каэтан Кандратовіч Вікторыя з Златкоўскіх |
Жонка | Паўліна зь Мітрашэўскіх |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт, драматург, перакладнік |
Гады творчасьці | з 1844 |
Мова | польская мова[1], нямецкая, беларуская мова і лацінская мова[2] |
Дэбют | верш «Паштальён» (1844) у часопісе «Athenaeum» (Вільня) |
Подпіс | ![]() |
http://www.rv-blr.com/biography/view/712 |
Уладзісла́ў Сырако́мля (сапраўднае Людвік Уладзіслаў Францішак Кандратовіч; 29 верасьня 1823, фальварак Смольгаў Бабруйскага павету, цяпер Любанскі раён — 15 верасьня 1862, Вільня) — беларускі і польскі паэт, драматург, перакладнік, літаратурны крытык і краязнаўца. Мовамі ягоных твораў былі польская і беларуская.
Творчасьць Уладзіслава Сыракомлі прыкметна паўплывала на фармаваньне беларускай літаратуры новага часу[3].
З шляхецкага роду Кандратовічаў гербу «Сыракомля», назву якога потым узяў за псэўданім. Сын Аляксандра Каятана і Вікторыі з Златкоўскіх. Бацькі былі арандатарамі і часта зьмянялі месца жыхарства.
У 1833 годзе пачаў навучаньне ў павятовай школе пры дамініканскім кляштары ў Нясьвіжы, якую расейскія ўлады зачынілі ў 1835 годзе. Давучваўся ў дамініканскай школе ў Наваградку (1836—1837). У 1840 годзе ўладкаваўся на службу ў канцылярыю кіраўніцтва радзівілаўскімі маёнткамі.
Па жаніцьбе з Паўлінай Мітрашэўскай ў 1844 годзе пераехаў у фальварак Залучча (цяпер Стаўпецкі раён). Многа працаваў творча. У верасьні 1852 году пераехаў у Вільню, бліжэй да выдавецтваў. У красавіку 1853 году пачаў арандаваць фальварак Барэйкаўшчыну каля Вільні.
У 1856—1858 гадох неаднаразова выяжджаў у Варшаву і Познань (Прускае каралеўства). Пасьля гэтых паездак расейскія ўлады ўсталявалі за Л. Кандратовічам сакрэтны нагляд. У красавіку 1861 году выступіў на патрыятычнай маніфэстацыі ў Коўне зь вершамі. Выехаў у Варшаву, а на зваротным шляху яго арыштавалі і зьняволілі ў віленскай вязьніцы. Знаходзіўся пад арыштам каля месяца. Вызвалены пад нагляд паліцыі. Памёр у часе сьледзтва. Спачыў на віленскіх могілках Росы ў Вільні.
У Барэйкаўшчыне працуе музэй-бібліятэка Ўладзіслава Сыракомлі, ягонае імя носяць вуліцы ў Менску, Пінску, Горадні, Наваградку, Стоўпцах і Нясьвіжы. У Варшаве ў гонар паэта названыя адразу дзьве вуліцы: вуліца Людвіка Кандратовіча і вуліца Ўладзіслава Сыракомлі. Таксама паэт ушанаваны ў шэрагу іншых польскіх гарадоў вуліцамі Людвіка Кандратовіча, такіх як Гданьск, Гдыня, Сопат, Лембарк, Познань, Эльблёнг, Кракаў і Ўроцлаў, а таксама ў вёсцы Брэзна Лямборскае (Brzeźno Lęborskie) ды іншых.
Зьвяртаўся да гісторыі краю, вераваньняў, звычаяў, вуснай паэзіі беларускага народу, паэтызаваў гераічнае мінулае продкаў. Дэбютаваў вершам «Паштальён» (1844), паводле пачутай у Міры гісторыі («народнай гутаркі»). Пераклад «Паштальёна» на расейскую мову паэтам Л. Трэфалевым стаў папулярнай у Расеі народнай песьняй «Когда я на почте служил ямщиком…».
Як добры знаўца фальклёру, вуснай паэзіі беларусаў раскрыўся ў «Кароткім дасьледаваньні мовы і характару паэзіі русінаў Менскай правінцыі» (1856). Вывучэньню Беларусі прысьвяціў гістарычна-краязнаўчыя працы «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах» (1853), «Менск: беглы агляд сучаснага стану Менску» (1857), «Нёман ад вытокаў да вусьця» (1861) ды іншае.
Падтрымліваў цесны зьвязак зь менскім літаратурным асяродзьдзем. За антыцарскія вершы быў арыштаваны. Пісаў па-польску, зь беларускамоўных твораў захаваліся толькі два — верш «Добрыя весьці» (1848, 1861) і лірычная мініятура «Ужо птушкі пяюць усюды».
Аўтар некалькіх п’есаў, якія ставіліся віленскім тэатрам. З драматычных твораў Уладзіслава Сыракомлі найбольшай папулярнасьцю карысталася п’еса «Kasper Kaliński».
Перакладаў на польскую мову творы разнастайных расейскіх, францускіх, украінскіх, нямецкіх і лацінскіх паэтаў. Сярод найбольш значных працаў — пераклады твораў Гётэ, Гайнэ, Лермантава, Шаўчэнкі, Някрасава, Бэранжэ і іншых. Творы У. Сыракомлі лічацца аднымі з найлепшых перакладаў паэзіі ў гісторыі польскай мовы.
Аўтарам двухтомнай «Гісторыі літаратуры ў Польшчы» (1851—1852) ды іншых твораў.
Падобна таму, як зьвяртаўся да роднай Наваградчыны Адам Міцкевіч у пралогу да паэмы «Пан Тадэвуш» — «О Літва, айчына мая!…», Уладзіслаў Сыракомля зьвяртаўся да роднай Случчыны ў самым пачатку паэмы «Ян з роду Дубарог» — «О Радзіма Літва, о Айчына сьвятая»[4].
Сучасьнікі называлі Ўладзіслава Сыракомлю «лірнікам літоўскім»[5], «літоўскім паэтам», «песьняром Літвы». Сам ён неаднаразова казаў «Я — ліцьвін» і падкрэсьліваў, што і яго прапрадзед быў «шчырым ліцьвінам»[6]. У 1855 годзе пісаў пра творы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча: «Пекная гэта галіна славянскай мовы… і старая! Бо гэта мова нашага Літоўскага статуту і заканадаўства… на ёй размаўлялі тры чвэрці даўняй Літвы, народ, шляхта і паны»[7]. А ў адным з сваіх вершаў падкрэсьліваў: «Пра адно я толькі сьпяваю, хоць на розныя ноты: Хай жыве наша Літва! Хай жывуць ліцьвіны!»[a][9][10].
Гісторык Кастусь Цьвірка зьвяртае ўвагу на тое, што гаворачы пра Літву як сваю радзіму, Уладзіслаў Сыракомля меў на ўвазе ня што іншае, як Беларусь. Пра гэта добра разумелі праз 50 год па яго сьмерці і польскія аўтары: Чэслаў Янкоўскі ў артыкуле «„Літва“ Сыракомлі» пісаў, што, калі б Уладзіслаў Сыракомля ўстаў з магілы, то ён «апынуўся б не на Летуве, а на Беларусі, дзе ўбачыў сьвятло і дзе пражыў свой век — паміж Залуччам і Барэйкаўшчынай»[11]. Польскі гісторык літаратуры Аляксандар Брукнэр прыйшоў да высновы, што Ўладзіслаў Сыракомля — «сапраўдны пясьняр беларускай зямлі, ні ў якім разе не летувіскай-жмудзкай… яго „Улас“[b], „Янка-цьвінтарнік“ і г. д., яго засьцянковая шляхта, Лагода ці Дэмбарог нават — гэта сапраўдная беларуская кроў»[12][13].
![]() |
Вікікрыніцы зьмяшчаюць арыгінальныя матэрыялы, датычныя тэмы артыкула: |
Беларускі пераклад: