Улу́н (па-кітайску: 烏龍, wū lóng), аалонг, бірузовая гарбата — гэта кітайская напаўфэрмэнтаваная гарбата, асьвяжальная і смачная, уяўляе сабою нешта сярэдняе паміж чорнай і зялёнай гарбатай. З кітайскай назва перакладаецца як «чорны цмок». Гэту гарбату ведаюць на працягу 300—400 гадоў.
Вядома больш за трыццаць сартоў улуна, якія вырабляюцца выключна ў Кітаі. Улун вырабляецца са сьпелага лісьця. Сабранае чайнае лісьце вяліцца на сонцы, потым выкладваецца ў кошыкі і прыбіраецца ў цень для фэрмэнтацыі. Фэрмэнтуецца ня ўвесь чайны ліст, а толькі краі й частка паверхні. Сапраўдны ўлун заўсёды складаецца з цэлага лісьця бяз дробкі й пылу. Пры заварваньні бачна, што краі ліста цёмныя, а ў сярэдзіне захаваліся зялёныя пражылкі.
Улун сумяшчае ў сабе яркі водар чорнай гарбаты і насычаны смак зялёнай. Пры заварваньні ўлун мае смарагдавы ці бурштынавы колер. Водар чаю далікатны і тонкі, часам мядовы ці кветкавы, але можа быць і драўняным ці нагадваць падсмажаныя зерні арабікі.
Заварваюць улун у гліняным імбрычку з тоўстымі сьценкамі — заліваюць вадой, якая толькі што закіпела. Улун можна заварваць некалькі разоў, пасьля чаго ён становіцца толькі лепш. Трэцяя і чацьвертая заваркі лічацца самымі лепшымі. Правільна завараны ўлун зусім не гаркавіць і мае больш насычаны водар, чым чорная ці зялёная гарбата. Кубак улуна ўтрымоўвае ў два разы менш кафэіну, чым кубак чорнай гарбаты і напалову больш, чым кубак зялёнай.