Улялюм | |
анг. Ulalume | |
Ілюстрацыя Дантэ Габрыеля Расэцьці, каля 1847—1848 | |
Жанр: | верш |
---|---|
Аўтар: | Эдгар Алан По |
Мова арыгіналу: | ангельская |
Год напісаньня: | 1847 |
Публікацыя: | сьнежань 1847 |
Пераклад на беларускую: | Алег Мінкін |
Электронная вэрсія | |
Вікікрыніцы зьмяшчаюць поўны тэкст гэтага твору |
«Улялюм» (па-ангельску: Ulalume) — верш Эдгара Алана По, напісаны ў 1847 годзе. Як і некаторыя яго вершы («Крумкач», «Анабэль Лі», «Лінор»), «Улялюм» факусіруе ўвагу на страце апавядальнікам прыгожае жанчыны пасьля яе сьмерці. Верш прасякнуты шматлікімі міталягічнымі алюзіямі, і асабовасьць самой Улялюм, калі гэта рэальная асоба, стаіць пад пытаньнем. «Улялюм» напісаны амфібрахіем і анапэстам і ўяўляе сабой дыялёг лірычнага героя са сваёй душой[1].
Дзеяньне адбываецца ў Ноч Начэй у кастрычніку «тужлівым бязь меры» з шэрым небам уверсе і зьлятаючым на дол лісьцем. У абшарах Уіра, ля возера Абэр, прыгнечаны апавядальнік блукае разам з Псыхеяй, згадваючы, як калісьці яго сэрца «біла вульканам». Апавядальнік размаўляе ў разважнай манэры са сваёй душой, але не ўсьведамляе ні месяца году, ні канечнага шляху, куды ўрэшце павінна прывесьці ягонае блуканьне. Ён зьвяртае ўвагу на цьмянае сьвятло зоркі, якое ён назваў сьвятлом Астарты, і цікавіцца, ці ведае яна, што сьлёзы на ягоных шчаках яшчэ не высахлі. Яго душа, тым ня менш, ня верыць зорцы і шляху, па якім яна іх вядзе. Як толькі апавядальнік супакойвае сваю душу, ён разумее, што неўсьвядомлена дайшоў да магілы сваёй Улялюм, якую летась пахаваў у ноч начэй.
У адрозьненьне ад верша По «Анабэль Лі», у гэтым вершы апавядальнік прыходзіць да магілы сваёй каханай неўсьвядомлена[2], што выяўляе яго залежнасьць ад Улялюм і яе каханьня; ейная страта пакідае яго ня толькі глыбока замаркочаным, але і суцэльна спусташоным і пасьля наведваньня яе магілы ён няўсьвядомлена аддае сябе на далейшыя самапакуты[3]. Гэтаму вершу ўласьцівы моцны ўхіл у разлад і ўшкаджэньне: для лісьця, якое зьлятае долу аўтар выкарыстоўвае прыметнік withering (чэзнучы, марнеючы, губляючы сьвежасьць) і для мэнтальнага стану апавядальніка знаходзіць слова palsied[4], якое ўтворана ад назоўніка palsy, які ў ангельскай мове ў пераносным сэнсе азначае стан суцэльнай бездапаможнасьці і скутасьці[5]. Як і большасьць пазьнейшых вершаў По, Улялюм мае дакладна выпрацаваную рытмічнасьць і музыкальнасьць[6]. Аўтар наўмысна робіць строфы гучнымі і санорнымі, аблямоўваючы іх вакол аднаго гука дзеля ўзмацненьня пачуцьця смутку і душэўных пакутаў[7]. Нерэгулярная рыфмоўка падкрэсьлівае цьмянасьць, зацемненасьць, маркотнасьць, зьмеценасьць, стомленасьць унутранага пэйзажу[1]. Сугучнасьці though? / Soul / morn / roamed / born / roll / pole / sober / horn перадаюць пачуцьцё смутку[1]. Сэнсавая нагрузка рыфмы выяўляецца і ў адсутнасьці звыклых спалучэньняў у строфах з драматычным дзеяньнем: перасоўваньне з духоўнай, фантомнай прасторы і спрэчкай са сваёй душой[1]. Неадпаведнасьць тэмы сьвятла і рыфмоўкі на «o» толькі ўзмацьняе ўспрыманьне кінэматаграфічнай карціны як зьмену ўяўных выратавальных ідэяў[1]. Гэты часовы рух на якасна іншым узроўні, чым паступальнасьць усяго верша, — прарыў шляхам рэзкага пашырэньня аднаго моманту да падзеі самапазнаньня[1]. У апошніх радках праяўляецца выразнае пачуцьцё забыцьця, суму, тугі: gloom / tomb / Ulalume[1].
У вершы выкарыстоўваецца тыповая для творчасьці По тэма «сьмерці прыгожае жанчыны», якую ён лічыў «найпаэтычнейшай тэмай у сьвеце»[8]. Біёграфы і літаратурныя крытыкі часта выказвалі думку, што апантанасьць По гэтай тэмай выцякае праз страты жанчынаў, якія паўтараліся на працягу ўсяго жыцьця паэта, уключаючы Элізу По, яго жонку, і прыёмную маці Фрэнсіс Алан[9].
Прыналежнасьць Улялюм да пэўнай рэальнай асобы дыскусыйна. Дасьледнік По і ягоны далёкі сваяк Гары Лі По сьцьвярджае, што вобраз Улялюм аўтабіяграфічны і адлюстроўвае перажываньні По па сваё заўчасна памерлай жонцы Вірджыніі[10]. Дасьледчык Скот Піплз лічыць, што верш «Улялюм» служыць сыквэлам да вядомага верша «Крумкач»[11]. З паэтычнага погляду, імя Улялюм акцэнтуе літару L, якая вельмі часта сустракаецца ў імёнах жаночых пэрсанажаў По: Анабэль Лі, Эўлалі, Лінор[12]. Калі яна сапраўды зьяўляецца рэальнай памерлай асобай, выбар По зьвяртацца да яе такімі выразамі як «рэч» (the thing) або «сакрэт» (the secret) ня выглядаюць выклікаючымі прыхільнасьць[13]. Зусім верагодна, што Ўлялюм можа быць увасабленьнем самой сьмерці[13].
Дасьледчыкамі творчасьці По была зроблена вялікая праца па вызначэньні ўсіх ягоных алюзіяў, асабліва Томасам Олівам Мэбатам. Тым ня менш іншыя дасьледчыкі сьцьвярджаюць, што імёны, якія сустракаюцца на працягу ўсёй паэмы, патрэбна ацэньваць толькі з пункту гледжаньня гукавой паэтыкі[14]. Беларуская дасьледчыца Сьвятлана Малюковіч лічыць, што імя Ўлялюм кантрастуе са сьветлым і мяккім «l» і доўгім, журботным «u:m»[1]. Сама назва верша можа ўзыходзіць да лацінскага ululare[15], што азначае енк, лямант, ёкат[16]. Назва таксама можа спасылацца на лацінскае слова lumen — сьвятло, якое сымбалізуе смутак[17]. Апавядальнік пэрсаніфікуе сваю душу як старажытнагрэцкую Псыхею, прадстаўляючы ірацыянальную, але клапатлівую частку сваёй падсьвядомасьці. Гэта яна першая задумваецца пра тое, куды яны ідуць і першая ўсьведамляе тое, што яны прыйшлі да магілы Ўлялюм.
Яркая зорка, якую яны бачаць у чацьвёртай стансе, зьяўляецца Астартай, багіняй урадлівасьці і сэксуальнасьці, якая часам атаясамліваецца з Вэнэрай[4]. Перадапошні радок «this sinfully scintillant planet» (бел. гэта грахоўна зіхоткая плянэта) таксама зьяўляецца спасылкай на багіню Вэнэру[2]. Астарта можа ўвасабляць сэксуальную спакусьніцу або прывід жаданага ідэалу[18]. Гара Яанэк (у арыгінале Mount Yaanek), зь яе «sulphurous currents» (бел. рэкамі лявы пякельнай) «іn ultimate climes of the pole» (бел. у найдалейшых палярных краях) атаясамлівалася з вульканам Эрэбус, які знаходзіцца ў Антарктыдзе і быў адкрыты у 1841 годзе[15], аднак месцазнаходжаньне Яанэка ў паэме апісвалася як «the realms of the boreal pole» (бел. над прамерзлай паўночнай зямлёй), што ўказвае на арктычнае (паўночнае) знаходжаньне вулькана, а не антарктычнае (паўднёвае). Імёны Абэр і Ўір, якія фігуруюць у вершы могуць быць згадкамі сучасьнікаў По: Даніеля Абэра, кампазытара сумных опэрных мэлёдыяў[19], і Робэрта Вальтэра Ўэйра, мастака Хадсанскай рэчнай школы, вядомага сваімі апісаньнямі мясцовых ландшафтаў[20].