Уніфікаваная назва рэсурсу

Запыт «URN» перанакіроўваецца сюды.

Уніфікаваная назва рэсурсу (па-ангельску: Uniform Resource Name), скарочана URN — уніфікаваны ідэнтыфікатар рэсурсу (URI), які выкарыстоўвае схему urn.

URN пачаткова плянаваліся як частка трохсастаўнай інфармацыйнай архітэктуры для інтэрнэту разам з уніфікаваным лякатарам рэсурсаў (URL) ды ўніфікаванымі характарыстыкамі рэсурсаў (URC), плятформай мэтазьвестак. Паводле апісаньня RFC 1737 1994 року[1], пасьля і ў RFC 2141 1997 року[2], URN адрозьніваліся ад URL, якія ідэнтыфікуюць рэсурсы паводле іхняга разьмяшчэньня ў кантэксьце пэўнага пратаколу доступу, напрыклад HTTP або FTP. URN жа плянаваліся як пастаянныя, незалежныя ад разьмяшчэньня ідэнтыфікатары, зьвязаныя з апісанымі прасторамі назваў, звычайна адказнай за прасторы назваў арганізацыяй, каб яны былі глябальна ўнікальнымі ды існавалі даволі працяглы пэрыяд часу, нават пасьля таго, як зьнікне ці стане недаступны рэсурс, які яны ідэнтыфікуюць[3].

URC так і не прайшлі канцэптуальную стадыю[4], і замест іх былі ўведзеныя іншыя тэхналёгіі, напрыклад Плятформа апісаньня рэсурсаў (RDF). З RFC 3986[5] 2005 року выкарыстаньне тэрмінаў «уніфікаваная назва рэсурсу» ды «ўніфікаваны лякатар рэсурсаў» у тэхнічных стандартаў замененае на карысьць уніфікаванага ідэнтыфікатара рэсурсу (URI), які ўключае абодва састарэлыя тэрміны. Аднак у нефармальнай мове ўсё яшчэ шырока выкарыстоўваецца тэрмін URL.

URI — радок сымбаляў дзеля ідэнтыфікацыі назвы ці рэсурсу. URI прымяняюцца ў мностве інтэрнэт-пратаколаў дзеля спасыланьня і доступу да інфармацыйных рэсурсаў. URI-схемы ўключаюць як знаёмую http, так і сотні іншых.

У сучасным прадстаўленьні ўсе URI ідэнтыфікуюць ці называюць рэсурсы, меркавана ўнікальна і на стала; некаторыя зь іх зьяўляецца шчэ й «лякатарамі», якія расшыфроўваюцца ў спалучэньні з зададзеным пратаколам на прадстаўленьне рэсурсаў. Іншыя URI не зьяўляюцца лякатарамі і могуць служыць назвамі ці ідэнтыфікатарамі рэсурсаў. Пэўнай рысы між «назвамі» і «лякатарамі» рэсурсаў не існуе.

Цяпер тэрмін «URN» выступае як адзін з больш як сотні «схемаў» URI, urn:, нароўні з http:, ftp: ды іншымі. URI схемы urn: не зьяўляюцца лякатарамі, не абавязкова зьвязаныя з пэўным пратаколм ці спосабам доступу і ня мусяць быць расшыфроўванымі. Прысваеньне іх мусіць адбывацца працэдурай, якая забясьпечвае пэўнасьць у іхняй унікальнасьці ды ідэнтыфікацыі аднаго і таго ж рэсурсу працяглы час. Некаторыя прасторы назваў у схеме urn:, такія як urn:uuid:, прысвойваюць ідэнтыфікатары спосабам, які не патрабуе кантралюючай арганізацыі, аднак для большасьці прастораў такія ўстановы існуюць. Тыповая прастора назваў URN — urn:isbn для міжнародных стандартных кніжных нумароў. Гэты погляд замацаваны ў RFC 8141 2017 року[3].

Існуюць іншыя URI-схемы, напрыклад tag:, info:, ni:[6], падобныя да схемы urn:, бо не зьяўляюцца лякатарамі і не зьвязаныя з пэўнымі расшыфраваньнямі ці пратаколамі доступу.

Сынтаксіс URI схемы urn: прадстаўлены ў пашыранай форме Бэкуса-Наура як:[7]

      namestring    = assigned-name
                      [ rq-components ]
                      [ "#" f-component ]
      assigned-name = "urn" ":" NID ":" NSS
      NID           = (alphanum) 0*30(ldh) (alphanum)
      ldh           = alphanum / "-"
      NSS           = pchar *(pchar / "/")
      rq-components = [ "?+" r-component ]
                      [ "?=" q-component ]
      r-component   = pchar *( pchar / "/" / "?" )
      q-component   = pchar *( pchar / "/" / "?" )
      f-component   = fragment

ці, у выглядзе сынтаксічнай дыяграмы, як:

Сынтаксічная дыяграма URN

  • Вядучая схема (urn:) рэгістранезалежная.
  • <NID> — ідэнтыфікатар прасторы назваў; можа ўключаць літары, лічбы і -.
  • Пасьля NID наступуе прастораспэцыфічны радок <NSS>, інтэрпрэтацыя якога залежыць ад пэўнай прасторы назваў. NSS можа зьмяшчаць літары ў ASCII і лічбы, розныя пунктуацыйныя і спэцыяльныя сымбалі. Недазволеныя ASCII і Юнікод-сымбалі можна дадаваць адсоткавым кадаваньнем.

У 2017 року сынтаксіс URN быў абноўлены:[3]

  • Сымбаль касяку (/) стаў дапушчальны ў NSS дзеля прадстаўленьня назваў зь не-URN сыстэмаў ідэнтыфікатараў, якія маюць у сабе касякі.
  • Дзеля перадачы парамэтраў у найменаваныя рэсурсы быў дададзены q-кампанэнт.
  • Дзеля перадачы парамэтраў у раскадавальнікі быў дададзены r-кампанэнт. Аднак абноўленая спэцыфікацыя пазначае, што r-кампанэнт нельга ўжываць без апісаньня ягонай сэмантыкі ў далейшай стандартызацыі.

Каб забясьпечыць глябальную ўнікальнасьць прастораў назваў URN, іхнія ідэнтыфікатары (NID) неабходна рэгістраваць у IANA. Зарэгістраваныя прасторы назваў могуць быць «фармальнымі» або «нефармальнымі». Выключэньне для патрабаваньня рэгістрацыі раней было зроблена для «экспэрымэнтальных прастораў»[8], але з тае пары скасаванае паводле RFC 8141[3].

Зарэгістравана каля шасьцідзесяці фармальных прастораў назваў URN. На іх накладзеныя строгія абмежаваньні:

  • Ня быць ужо зарэгістраванай NID
  • Не пачынацца з urn-
  • Складацца больш як з двух літараў
  • Не пачынацца з XY-, дзе XY — любое спалучэньне двух літараў ASCII
  • Не пачынацца з x- (глядзіце «Экспэрымэнтальныя прасторы назваў»)

Нефармальныя прасторы назваў рэгіструюцца ў IANA і атрымліваюць у якасьці ідэнтыфікатара лічбавую пасьлядоўнасьць[3] ў фармаце

"urn-" <лік>

Нефармальныя прасторы URN цалкам працаздольныя і могуць быць зарэгістраванымі ў глябальных сэрвісах рэгістрацыі[3].

Экспэрымэнтальныя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Раней для «экспэрымэнтальных прастораў назваў» было зробленае выключэньне датычна неабходнасьці рэгістрацыі[8]. Аднак пасьля састарэньня натацыі «X-» для назваў новых ідэнтыфікатараў[9] RFC 8141[3] пазбавіўся ад экспэрымэнтальных прастораў назваў URN, апісаўшы пры магчымасьці выкарыстаньне прасторы назваў urn:example[10].

URN адпавядае
urn:isbn:0451450523 Кніга 1968 року Апошні адзінарог, ідэнтыфікаваная кніжным нумарам.
urn:isan:0000-0000-2CEA-0000-1-0000-0000-Y Фільм 2002 року Чалавек-павук, ідэнтыфікаваны аўдыёвізуальным нумарам.
urn:ISSN:0167-6423 Навуковы часопіс Science of Computer Programming, ідэнтыфікаваны сэрыйным нумарам.
urn:ietf:rfc:2648 RFC 2648 Працоўнай групы інжынэраў Інтэрнэту.
urn:mpeg:mpeg7:schema:2001 Правілы дапомнай прасторы назваў для мэтазьвестак відэа MPEG-7.
urn:oid:2.16.840 OID для ЗША.
urn:uuid:6e8bc430-9c3a-11d9-9669-0800200c9a66 UUID 1-й вэрсіі.
urn:nbn:de:bvb:19-146642 Нацыянальны бібліяграфічны нумар дакумэнту, дзе пазначаная краіна (de), рэгіянальная сетка (bvb = Bibliotheksverbund Bayern), бібліятэчны нумар (19) і нумар дакумэнту.
urn:lex:eu:council:directive:2010-03-09;2010-19-UE Дырэктыва Эўразьвязу, якая выкарыстоўвае прапанаваную прастору назваў Lex URN.
urn:lsid:zoobank.org:pub:CDC8D258-8F57-41DC-B560-247E17D3DC8C Дырэктыва Life Science Identifiers, якая можа быць раскадаваная ў http://zoobank.org/urn:lsid:zoobank.org:pub:CDC8D258-8F57-41DC-B560-247E17D3DC8C.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]